ВАЗ-1111

легкавы аўтамабіль асабліва малога класа

ВАЗ-1111 «Ака» (руск.: «Ока») — савецкі і расійскі легкавы аўтамабіль асабліва малога класа.

ВАЗ-1111
Вытворца АўтаВАЗ, Сцяг Расіі Тальяці
КамАЗ/ЗМА  (руск.), Сцяг Расіі Набярэжныя Чаўны
СеАЗ  (руск.), Сцяг Расіі Серпухаў
Гады выпуску 19882008
Кузаў
Тып кузава 3‑дзв. хэтчбэк (4‑месн.)
Габарыты
Даўжыня, мм 3200 мм
Шырыня, мм 1420 мм
Вышыня, мм 1400 мм
Колавая база, мм 2180 мм
Фотагалерэя на Wikimedia Commons ВАЗ-1111 на Вікісховішчы

Выпускаўся на заводах ВАЗ, КамАЗ (ЗМА  (руск.)) і СеАЗ  (руск.) з 1988 па 2008 год. Усяго было выраблена каля паўмільёна машын усіх мадыфікацый[1].

Гісторыя

правіць

Распрацоўка

правіць
 
Daihatsu Mira/Cuore (1980—1985)

Распрацоўка аўтамабіля пачыналася на Серпухаўскім матацыклетным заводзе (пазней Серпухаўскі аўтамабільны завод, СеАЗ) для замены мотакалысак (гэтак званых «інвалідак»), а пазней праект перадалі на ВАЗ з прыцягненнем да гэтай працы канструктарскіх груп НАМІ  (руск.) і СМЗ.

У якасці канцэптуальнага аналага для будучай «Акі» быў абраны аўтамабіль Daihatsu Cuore[2][3], што шмат у чым вызначыла кампаноўку і прапорцыі кузава. Тэхнічнае заданне прадугледжвала стварэнне для аўтамабіля двух двухцыліндравых матораў працоўным аб’ёмам 0,65 л і 0,75 л, магутнасцю, адпаведна, 29,6 к.с. і каля 36 к.с. Першы сілавы агрэгат пад пазначэннем ВАЗ-1101 сабралі ў студзені 1984 года.

Першыя два прататыпы новай мікралітражкі былі вырабленыя ў сакавіку 1984 года. Кароткая машына з задняй падвескай з разнесенымі спружынамі і амартызатарамі выявілася няўстойлівай, схільнай да перакульвання нават на адносна невысокіх хуткасцях і пры не занадта складаных манеўрах. Наступныя ўзоры ў 1985 годзе павялічыліся ў колавай базе на 100 мм і атрымалі заднюю падвеску, аналагічную падвесцы ВАЗ-2108. Рухавік таксама трэба было дапрацоўваць, акрамя гэтага ён быў мала ўніфікаваны з серыйнымі рухавікамі. У выніку было прынята рашэнне аб распрацоўцы рухавіка на аснове матора ВАЗ-2108.

У 1987 годзе тэставыя аўтамабілі прайшлі выпрабаванні. Пасля іх паспяховага заканчэння, аўтамабіль быў рэкамендаваны камісіяй для пастаноўкі на вытворчасць.

1988—1996

правіць

Выпуск быў вызначаны ў аб’ёме 50 тысяч аўтамабіляў у год — на большае не было рэсурсаў. Было вырашана даручыць вытворчасць «Акі» тром заводам: па 20 тысяч аўтамабіляў агульнага прызначэння павінны вырабляць ВАЗ і КамАЗ (пазней структурнае падраздзяленне КамАЗа па вытворчасці легкавых аўтамабіляў было рэарганізавана ў ЗМА  (руск.)), і яшчэ 10 тысяч аўтамабіляў у мадыфікацыі для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі — СеАЗ.

КамАЗ падрыхтаваў вытворчасць «Акі» крыху раней — першая перадсерыйная мікралітражка (пад уласнай назвай «Кама») сышла з яго канвеера 26 снежня 1987 года[4]. На ВАЗе доследна-прамысловая партыя з 300 аўтамабіляў была выпушчана ў 1988 годзе. СеАЗ першую сотню аўтамабіляў у выкананні для інвалідаў вырабіў у 1989 годзе. Спачатку ўсе дэталі выраблялі на ВАЗе, а потым КамАЗ наладзіў выраб пярэдняй падвескі, задняй падвескі, рэгулятара ціску задніх тармазоў, падрамніка, рулявога механізму, пярэдніх і задніх амартызатараў. КамАЗ стаў пастаўляць гэтыя дэталі на ВАЗ і СеАЗ.

АўтаВАЗ выпускаў «Аку» да лютага 1995 года, цалкам пераключыўшыся на вытворчасць сілавых агрэгатаў. Усяго з 1988 па 1995 год у Тальяці было выраблена 19 626 машын[5]. Пасля гэтага выраб мікралітражак працягваўся на двух заводах — у Серпухаве і Набярэжных Чаўнах. Прычым з гэтага часу СеАЗ не толькі абсталёўваў амаль гатовыя аўтамабілі ручным кіраваннем, але і сам стаў збіраць базавыя мадыфікацыі «Акі». Работы па наладцы аўтаматычнай лініі зваркі кузава, шасі і бакавін аўтамабіля на Серпухаўскім аўтазаводзе завяршыліся 8 жніўня 1995 года[6].

1996—2006

правіць

У сакавіку 1996 года пачалася серыйная вытворчасць новай мадыфікацыі, якая адрознівалася, галоўным чынам, новым рухавіком. Калі да гэтага часу ў якасці рухавіка служыла «палова» ВАЗ-2108 аб’ёмам 650 куб. см. і магутнасцю 29 к.с., то цяпер пад капот усталёўвалі «палову» 1,5-літровага матора ВАЗ-21083. Аб’ём павялічыўся да 750 куб. см., а магутнасць вырасла да 35 к.с. Абноўленая мадэль атрымала індэкс ВАЗ-11113[7].

ЗМА і СеАЗ пастаянна нарошчвалі тэмпы выпуску, але былі абмежаваныя з-за паставак рухавікоў ВАЗам, які не мог павялічыць аб’ём іх вытворчасці.

21 жніўня 1997 года на ЗМА была выпушчана 50-тысячная Ака[8].

2006—2008

правіць

У ліпені 2006 года ў Расіі набылі моц нормы экалагічнага стандарта Еўра-2, што патрабавала замены карбюратара на больш дарагую сістэму ўпырску і прымяненне каталітычнага нейтралізатара ў сістэме выпуску. Палічыўшы нерэнтабельнай адаптацыю, ВАЗ згарнуў вытворчасць рухавікоў для «Акі».

У сувязі з гэтым на Заводзе мікралітражных аўтамабіляў 30 чэрвеня 2006 года вытворчасць аўтамабіляў «Ака» была спынена[9].

Серпухаўскі аўтамабільны завод захаваў мадэль у сваёй вытворчай праграме, абсталяваўшы яе кітайскім трохцыліндравым рухавіком Tianjin FAW (53 к.с.) і пяціступеньчатай каробкай перадач. Акрамя таго, абноўлены аўтамабіль (СеАЗ-11116) атрымаў 13-цалёвыя колы, вакуумны ўзмацняльнік тармазоў ад ВАЗ-2108, новы падрамнік рухавіка і новую прыборную панэль з прыборамі ад ВАЗ-2110[10]. З сярэдзіны лютага 2008 года абсталёўваўся рухавіком Еўра-3[11].

Аднак у канцы 2008 года вытворчасць была згорнута з-за нерэнтабельнасці — для акупнасці выпуску патрабавалася вырабляць каля 20 тысяч аўтамабіляў у год. Са студзеня па лістапад 2008 года з канвеера завода сышло каля 1300 машын[12].

Мадыфікацыі

правіць

ЕлАЗ-1121

правіць

«Палепшаная Ака» атрымала індэкс 1121. Вонкава аўтамабіль адрозніваўся ад базавага ВАЗ-1111, у асноўным, элементамі аздаблення — рашоткай радыятара, бамперамі і каўпакамі колаў. Пры гэтым па кузаве і канструкцыі «дваццаць першы» прынцыпова не адрозніваўся ад Акі, аднак кузаўныя панэлі новай машыны праектавалі пад уклееныя вокны. Пад капотам новай мадэлі павінен быў стаяць новы трохцыліндравы матор аб’ёмам 820 см³ і магутнасцю 40 к.с. Сярод іншых укараненняў — мадэрнізаваная падвеска колаў, тросавы прывад механізма пераключэння перадач і 13-цалёвыя колы на чатырох балтах.

Аўтамабіль быў падрыхтаваны да масавай вытворчасці, пачаць выпуск планавалася ў 1991 годзе на Елабужскім аўтамабільным заводзе  (руск.). Аднак ва ўмовах эканамічнага разладу будаўніцтва ЕлАЗ-а было прыпынена і праект не атрымаў далейшага працягу[13].

ВАЗ-1111Э

правіць
 
ВАЗ-1111 «Ака электра»

ВАЗ-1111Э з’яўляецца сумеснай распрацоўкай «АўтаВАЗа» і кампаніі «Рыгель», якая распрацавала блок акумулятарных батарэй[14].

Крыніцы сілкавання — нікель-кадміевыя батарэі. Усяго ў аўтамабілі 112 акумулятараў агульнай ёмістасцю 100 А/г і напружаннем 135 В. Скампанаваныя ў 3 блокі: адзін знаходзіцца пад капотам, другі схаваны пад заднім сядзеннем замяніўшы сабою бензабак, а трэці — у багажніку. Агульная вага батарэй — 315 кг. Прабег ад адной зарадкі складаў прыкладна 100 км. У рух «Аку» прыводзіў электрарухавік пастаяннага току.

Версіі для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі

правіць
 
Панэль прыбораў і дадатковыя органы кіравання
  • СеАЗ-1111-01 (камплектацыя 10) — для кіравання рукамі. Рычагі прывада акселератара выведзеныя на рулявое кола, кіраванне счапленнем ажыццяўляецца з дапамогай электравакуумнага аўтаматызаванага прывада, а тармазной сістэмай — з дапамогай рычага, размешчанага з правага боку ад руля.
  • СеАЗ-1111-02 (камплектацыя 10) — для кіравання рукамі і адной нагой. Электравакуумны аўтаматызаваны прывад счаплення кампенсаваў адсутнасць адной нагі. Прывад акселератара пад левую нагу мог размяшчацца злева ад педалі тормазу.
  • СеАЗ-1111-02 (камплектацыя 60) — для кіравання рукамі і левай нагой. Прывад акселератара размяшчаўся ўнутры вобада рулявога кола, а рычаг тармазной сістэмы — з правага боку ад рулявой калонкі. Прывад счаплення ажыццяўляўся нагой.
  • СеАЗ-1111-02 (камплектацыя 41) — для кіравання рукамі і правай нагой. Педаль счаплення прадубляваная рычагом з левага боку рулявога кола, усе астатнія органы кіравання як у звычайнага аўтамабіля.

РІАТ-«Ака»

правіць

У 1997 годзе кампаніяй РІАТ (руск.: РИАТ, Набярэжныя Чаўны, Расія) быў пабудаваны т’юнінгавы варыянт «Акі»[15][16]. Хэтчбек атрымаў новы пластыкавы абвес пафарбаваны ў адзін колер з кузавам. Ён уключаў новыя бамперы з супрацьтуманнымі ліхтарамі, рашотку радыятара і накладкі на аркі. Былі ўсталяваныя новыя люстэркі задняга віду з абаграваннем. Фары і паказальнікі павароту — ад Таўрыі. Зверху задніх дзвярэй з’явіўся спойлер са стоп-сігналам. На даху — люк.

Рухавік быў абсталяваны монаўпырскам, распрацаваным Дзімітраўградскім аўтаагрэгатным заводам, магутнасць павялічылася да 40 к.с. Таксама была дапрацавана рулявая рэйка. Усталяваны колы памерам 13 цаляў.

Інтэр’ер атрымаў новую пярэднюю панэль з мяккага пластыка і ашалёўку блакітна-белых колераў. З’явіліся драўляны руль, магнітола Kenwood, электрычныя шклапад’ёмнікі і цэнтральны замок. Пярэднія сядзенні — ад ВАЗ-2108, задняя канапа засталася стандартнай. Прыборы — ад вазаўскіх «пяцёркі» і «шасцёркі». Палепшылі шумаізаляцыю.

Грузавыя мадыфікацыі

правіць
  • ЗМА-1901 «Гном» — паўрамны пікап. Грузавы кузаў зроблены на аснове аўтапрычэпа 8125, абсталяваны тэнтам. Рухавік — Д18А, двухцыліндравы, дызельны, аб’ёмам 725 см³ магутнасцю 18 кВт (25 к.с.)[17]. Задняя падвеска амаль не змянілася (усталяваны амартызатары ад ВАЗ-2106), колы — 155/70R13. Грузападымальнасць — 300 кг. Выраблены ў 2000 годзе ў адным экзэмпляры[18].
 
ВА3-11113-271 «Тойма»
  • ВА3-11113-271 «Тойма» — фургон распрацоўкі ЗМА і «Астро-кар». Грузавы адсек выраблены з арміраванага пластыка, заднія дзверы — двухстворкавыя. Аб’ём грузавога адсека — паўтара кубаметра, грузападымальнасць — 200—300 кг[19][20]. З 2000 года выраблена некалькіх сотняў машын[18].
  • СеАЗ-11116-0000010-50 — пікап з пластыкавай надбудовай[18].
  • СеАЗ-11116-0000010-52 — фургон з заглушанымі заднімі вокнамі, за сядзеннямі глухая перагародка[18].
 
СеАЗ-11116-0000011-50
  • СеАЗ-11116-0000011-50 — пікап без тэнта на базе стандартнага кузава «Акі»[18]. У хэтчбека адрэзаныя задняя частка даху разам з заднімі стойкамі, а за цэнтральнымі стойкамі глухая перагародка. На верхніх тарцах бартоў зроблены поручні. Металічны задні борт адкідваецца на 180°, фіксуецца на верхніх зашчэпках. На падлозе кузава — ламініраваная фанера. Грузападымальнасць каля 300 кг.
  • СеАЗ-11116-60 — паўрамны пікап[18]. Кузаў хэтчбека разразаўся і да ланжэронаў кабіны была прымацавана арыгінальная рама з профіляў, звараных са звычайнай ліставой сталі і ўзмоцненымі перагародкамі. Кузаў — аб’ёмам 2,3 м³, мае тэнт. Задні борт фіксуецца запорамі і адкідваецца на ніжніх завесах. Колавая база павялічана на 47 см. Задні мост — бэлька прастакутнага перасеку, задняя падвеска — на доўгіх паўэліптычных рысорах.
  • МГ-01 і МГ-01А — 0,5-тонныя пікапы, сканструяваныя ААТ «Роствертол»  (руск.) для выпуску на свабодных вытворчых магутнасцях. Былі распрацаваныя дзве версіі: МГ-01 (з паўкапотнай кабінай арыгінальнай канструкцыі, зробленай з выкарыстаннем элементаў кузава «Акі»), і капотны МГ-01А (са звычайнай пярэдняй часткай ад «Акі»). Падрыхтаваная маса — 750 кг. Габарытныя памеры ў прататыпаў складалі 3,8×1,52×1,7 м у паўкапотнай машыны і 4,15×1,72×1,4 м у «МГ-01А». Задняя падвеска — рысорная або залежная з пнеўмагазавым стабілізатарам устойлівасці. Запуск вытворчасці планаваўся ў першым квартале 1999 года, аднак праект ажыццяўлён не быў[21].

ТТМ-1901 «Беркут»

правіць
 
ТТМ-1901 «Беркут» (2005—2012)

ТТМ-1901 «Беркут» — лыжна-гусенічны снегаход. Быў прадстаўлены ў 2005 годзе.

Абсталяваны рухавіком магутнасцю 80 к.с. ад ВАЗ-21213 аб’ёмам 1,7 л з механічнай каробкай перадач, разгорнутай на 180°. Цэнтральны рэдуктар узяты ад пазадарожніка УАЗ. Хадавая частка складаецца з дзвюх гусенічных цялежак і дзвюх пярэдніх лыжаў. Грузападымальнасць — 250 кг, уключаючы вагу кіроўцы і пасажыра. Максімальная хуткасць па снезе можа дасягаць 60 км/г[22].

Першапачаткова меў двухмесную кабіну, зробленую з выкарыстаннем элементаў кузава «Акі». З 2012 года выпускаецца ў абноўленым варыянце з новай кабінай з кампазітных матэрыялаў на металічным каркасе.

Апісанне

правіць

Кузаў і салон

правіць
 
Выгляд ззаду

Кузаў — трохдзверны хэтчбэк, двухаб’ёмны, зварны, суцэльнаметалічны, апорнай канструкцыі. Здымныя дэталі кузава: дзверы (у тым ліку багажныя), капот, пярэднія крылы, пярэдні і задні бамперы. Замест дзвярных ручак — кнопкі, а самі дзверы трэба было падчапіць за абзу ў месцы выемкі на бакавіне кузава.

На лабавым шкле толькі адзін шклоачышчальнік. Задняе шкло абсталяванае электраабаграваннем, шчоткай шклоачышчальніка і абмывальнікам. Жыклёр абмывальніка падлучаны да дадатковага бачка, які размешчаны ў багажніку.

Запасное кола месціцца пад капотам (на машынах з 12-цалёвымі коламі) або ў багажніку (для версій з коламі 13 цаляў).

У салоне размяшчаюцца чацвёра чалавек. Пярэднія сядзенні — паасобныя, са здымнымі падгалоўнікамі. Задняе сядзенне — з суцэльнай падушкай і спінкай. Склаўшы заднюю канапу можна павялічыць аб’ём багажніка з 210 да 650 л. Панэль прыбораў, ацяпляльнік і падрулявыя пераключальнікі — ад ВАЗ-2101.

Рухавік

правіць

Рухавік — бензінавы, двухцыліндравы, чатырохклапанны, радны, з верхнім размяшчэннем размеркавальнага вала. Размешчаны папярочна. Канструкцыйна прадстаўляў сабой рухавік ВАЗ-2108 без другога і трэцяга цыліндраў. Пры гэтым, блок цыліндраў, а таксама каленчаты і размеркавальны валы — арыгінальныя, але прывад ГРМ і поршневая група цалкам уніфікаваныя з рухавіком ВАЗ-2108 (ВАЗ-21083). З улікам спецыфікі двухцыліндравага рухавіка ў канструкцыю былі ўведзеныя спецыяльныя ўраўнаважваючыя валы. Карбюратар — двухкамерны, з вертыкальна падаючымі патокамі, з паслядоўным адкрываннем засланак. Створаны на аснове карбюратара Вебер  (руск.). Асноўныя адрозненні — іншыя памеры жыклёраў, усталяваны электрамагнітны запорны клапан, а таксама шэраг дадаткаў звязаных з папярочным размяшчэннем рухавіка[23].

СеАЗ-11116 меў упырскавы трохцыліндравы рухавік TianJin FAW аб’ёмам 0,993 л. Адпавядае экалагічнаму стандарту Euro 2. Абсталяваны каталітычным нейтралізатарам і паліўным абсорберам. Апошні, разам з паліўным фільтрам высокага ціску, размешчаны на месцы запаснога кола. У варыянце адаптаваным пад нормы Еўра-3 (50 к.с.) замест размеркавальніка запальвання ў матора з’явіўся датчык становішча каленчатага вала, а кожны з трох цыліндраў атрымаў індывідуальную катушку запальвання. Нейтралізатар пакінуты на ранейшым месцы, але дапоўнены другім датчыкам кіслароду, а ў кантролеры была прапісаная новая праграма кіравання рухавіком[11].

Рухавік ВАЗ-1111 ВАЗ-11113 TJ 3776 QE
Аўтамабіль ВАЗ-1111, СеАЗ-1111 ВАЗ-11113, СеАЗ-11113 СеАЗ-11116
Тып бензінавы, карбюратарны бензінавы, з размеркаваным упырскам
Колькасць цыліндраў 2 3
Аб’ём, см³ 649 749 993
Дыяметр цыліндра, мм 76 82 71
Ход поршня, мм 71 71 73
Магутнасць 21,5 кВт (29,3 к.с.)
пры 5600 аб/хв
24,3 кВт (33 к.с.)
пры 5600 аб/хв
39 кВт (53 к.с.)
пры 6000 аб/хв
Макс. круцільны момант 44 Нм
пры 3000-3400 аб/хв
50 Нм
пры 3200 аб/хв
77 Нм
пры 3000 аб/хв
Ступень сціску 9,9 9,9 9,5

Дробнай серыяй аўтамабілі таксама абсталёўваліся рухавікамі Мелітопальскага маторнага завода: 1,1 л МеМЗ-2451 (49 к.с.)[24], МеМЗ-2471 (57 к.с.) і ўпырскавым 1,3 л МеМЗ-3071 (64 к.с.)[25].

Спробы ўсталяваць на аўтамабіль альтэрнатыўны рухавік прадпрымаліся ад пачатку дзевяностых. Напрыклад, на Аку спрабавалі ўсталяваць чатырохцыліндравы рухавік ад Peugeot 106 (1,1 л, 60 к.с.). Тады ж з’явілася і Ака з трохцыліндравым рухавіком Daihatsu (0,85 л, 42 к.с.), агрэгатаваным з трохступеньчатым «аўтаматам».

У 1996 годзе з’явілася некалькі асобнікаў з рухавікамі ад Mini — карбюратарным 1,0 л, а потым і рухавіком з упырскам (1,3 л, 63 к.с.). У 1997 годзе на ЗМА былі вырабленыя прататыпы з карбюратарным маторам 0,9 л (45 к.с.) вырабленым у Югаславіі на заводзе Zastava (ліцэнзійная копія рухавіка Fiat).

У 2003 годзе ЗМА прадставіў эксперыментальную Аку з трохцыліндравым маторам ад Daewoo Matiz (0,8 л, 52 к.с.). Яшчэ праз год з’явіліся прататыпы з ліцэнзійнымі рухавікамі Suzuki (0,8 л, 38 к.с.) вытворчасці кітайскай прамысловай групы Norinco. У 2005 годзе Серпухаўскі аўтазавод прадставіў прататып з кітайскім рухавіком Chery (0,8 л, 52 к.с.), але ў выніку быў заключаны кантракт на пастаўку кітайскіх рухавікоў Tianjin FAW.

Трансмісія

правіць

Каробка перадач — механічная, чатырохступеньчатая, з сінхранізатарамі на ўсіх перадачах пярэдняга ходу. Галоўная перадача — цыліндрычная, касазубая, канструктыўна выканана ў адным блоку з каробкай перадач. Дыферэнцыял — канічны, двухсатэлітны. Перадатачныя лікі: I — 3,70; II — 2,06; III — 1,27; IV — 0,90; задні ход — 3,67; галоўная перадача — 4,54.

Счапленне — аднадыскавае, сухое, з дыяфрагменнай націскной спружынай. Аўтамабілі з ручным кіраваннем — з аўтаматызаваным электравакуумным прывадам счаплення (ЭПС).

Прывад — на пярэднія колы.

Хадавая частка

правіць

Пярэдняя падвеска — незалежная, тыпу McPherson, з цыліндрычнымі спружынамі, амартызатарамі, ніжнімі папярочнымі рычагамі з расцяжкамі і стабілізатарам папярочнай устойлівасці. Падвеска мацуецца да падрамніка, толькі верхнія апоры амартызатараў — да кузава.

Задняя падвеска — на падоўжных узаемазвязаных рычагах, з цыліндрычнымі спружынамі і амартызатарамі. Амартызатары — вытворчасці КамАЗ. Акрамя «камазаўскіх», на канвееры ЗМА ў Набярэжных Чаўнах таксама ставіліся заднія амартызатары вытворчасці Гродзенскага завода аўтамабільных агрэгатаў[26].

Шыны — БИ-308, нехарактэрнай для астатніх волжскіх аўтамабіляў размернасці 135/80R12[27]. Пераход да меншага памеру колаў запатрабаваў таксама распрацоўкі арыгінальнага дыска. Дыск (каталожны нумар 1111-3101015) меў шырыню 4 цалі і вылет 40 мм. Яшчэ адно нехарактэрнае рашэнне — мацаванне дыска да ступіцы трыма балтамі замест чатырох[28].

Рулявое кіраванне — з механізмам «шасцярня-рэйка».

Тармазная сістэма — гідраўлічная, двухконтурная (з дыяганальным падзелам контураў), з вакуумным узмацняльнікам. Галоўны тармазны цыліндр узяты ад ВАЗ-2121. Тармазы пярэдніх колаў — дыскавыя, заднія — барабанныя. Стаяначны тормаз — механічны, тросавы, на заднія колы.

Бяспека

правіць

Расійскі часопіс Аўтарэвю (руск.: Авторевю) тройчы праводзіў краш-тэсты аўтамабіля: у 1996 годзе на хуткасці 50 км/г аб жорсткі бар’ер з 50 % перакрыццём і ў 2002 годзе па правілах Euro NCAP (аб мяккі бар’ер з перакрыццём 40 % і на хуткасці 64 км/г) былі выпрабаваныя машыны вытворчасці СеАЗ і ЗМА. Машына з Серпухава была абсталявана статычнымі рамянямі бяспекі, а машына з Набярэжных Чаўноў — інерцыйнымі.

Пярэдняя частка аўтамабіля дрэнна паглынае энергію франтальнага ўдару з-за недасканала прадуманай з пункту гледжання бяспекі сілавой структуры і з-за размяшчэння запаснога кола. Яно займае ўсю левую частку маторнага адсека і пры ўдары грае ролю ўзмацняльніка, ператвараючы сярэдзіну пярэдняй часткі аўтамабіля ў незмінальны блок і выціскаючы ўнутр салона пярэднюю панэль і рулявую калонку.

Узмацняльнікі кузава маюцца пад панэллю прыбораў, пад сядзеннямі і ў задняй частцы кузава. Жорсткую канструкцыю ўтварае маторны шчыт разам з рамкай лабавога шкла. Паміж парогамі ўсталявана папярочка да якой мацуюцца сядзенні. Яшчэ адзін узмацняльнік утвораны пад заднім сядзеннем.

Аўтамабіль вытворчасці СеАЗ атрымаў толькі 1,4 бала з 16 магчымых. Былі адзначаныя празмернае зрушэнне руля, пярэдняй левай стойкі і страта кузавам структурнай цэласнасці. Левыя дзверы разышліся, падлога разарвана, руль з’ехаў насустрач кіроўцы на 170 мм, педаль тормазу — на 215 мм. Левы парог выгнуўся ўніз, сядзенне кіроўцы разам з падлогай ссунулася ўлева. Аднак дзякуючы туга зацягнутым статычным рамяням бяспекі ні адзін крытэрый траўміравання не быў перавышаны: сіла сціску рэбраў кіроўцы і пасажыра сярэдняя, крытэрыі пашкоджанняў галавы і шыі блізкія да мяжы бяспечных значэнняў. У небяспецы толькі ногі: нагрузка на правае сцягно блізкая да крытычнай, таксама вельмі траўманебяспечна нагрувашчванне з металічных дэталяў унізе пярэдняй панэлі[29].

Кузаў машыны зробленай у Набярэжных Чаўнах, у адрозненне ад зваранага ў Серпухаве, рассыпаўся: дзверы разбураны, левая пярэдняя стойка з’ехала на 365 мм, а парог завязаны вузлом. У кіроўцы нагрузкі на галаву, шыю і ногі — вышэй небяспечных велічынь, аднак дзякуючы больш «мяккаму» кузаву фармальна пры ацэнцы «камазаўская» Ака набрала 2 балы — сціск рэбраў манекенаў ад рамянёў бяспекі быў нязначным[30].

Вытворчасць

правіць

З 1988 па 2008 год на заводах ВАЗ, КамАЗ (ЗМА) і СеАЗ у агульнай колькасці было выраблена каля паўмільёна машын усіх мадыфікацый[1].

АўтаВАЗ КамАЗ / ЗМА СеАЗ
1988 300 129[31]
1989 530 Паводле розных звестак:
403[32]
416[33]
100
1990 1467[34] 1960[35]
1962[34]
1436[34]
1991 529[36] 4000[36] 2369[36]
1992 1020[37][38] 4483[39][37][38] 2994[37][38]
1993 1503[38][40] Паводле розных звестак:
5275[39][38][40]
5739[41]
3872[38][40]
1994 3375[40] Паводле розных звестак:
6118[39][40]
6181[42]
2031[40]
1995 Паводле розных звестак:
8477[43]
8638[39][44][45]
1934[45]
1996 Паводле розных звестак:
8824[46]
8935[39][44][45]
3671[45]
1997 Паводле розных звестак:
17 935[47]
17 993[39][45]
18 014[48]
8302[45][47]
1998 Паводле розных звестак:
19 100[49]
19 102[47][50]
11 000[47][50]
1999 Паводле розных звестак:
28 002[51][52]
28 004[50]
Усяго — 14 000[50][52], у тым ліку:
  • ВАЗ-11113 — 9858[52]
  • СеАЗ-11113-01 — 665[52]
  • СеАЗ-11113-02 — 3477[52]
2000 Паводле розных звестак:
33 561[52][53]
33 603[54]
Усяго — 16 304[52][53], у тым ліку:
  • ВАЗ-11113 — 8166[52][53]
  • СеАЗ-11113-01 — 816[52]
  • СеАЗ-11113-02 — 7322[52]
2001 Паводле розных звестак:
37 837[55][53][56]
37 862[57]
Усяго — 18 701[53][56], у тым ліку:
  • ВАЗ-11113 — 7543[53]
  • СеАЗ-11113 (для інвалідаў) — 11 158[53]
2002 Паводле розных звестак:
38 500[56]
38 735[57]
38 743[58]
Усяго — 19 435[56][57], у тым ліку:
  • ВАЗ-11113 — 9678[58]
  • СеАЗ-11113 (для інвалідаў) — 9757[58]
2003 40 016[58][59] Усяго — 20 002[58][59], у тым ліку:
  • ВАЗ-11113 — 10 569[58]
  • СеАЗ-11113 (для інвалідаў) — 9433[58]
2004 41 207[59][60] 19 000[59][60]
2005 30 280[61] 12 952[61]
2006 5086[62] Усяго — 11 338[62][63], у тым ліку:
  • ВАЗ-11113 — 8169[62]
  • СеАЗ-11113 (для інвалідаў) — 2030[62]
  • СеАЗ-11116 — 1139[62]
2007 Усяго — 4902[62][63], у тым ліку:
  • ВАЗ-11113 — 1025[62]
  • СеАЗ-11113 (для інвалідаў) — 136[62]
  • СеАЗ-11116 — 1916[62]
  • СеАЗ-11116 (для інвалідаў) — 1760[62]
  • СеАЗ-11116-50 (пікап) — 65[62]
2008 Усяго — 1291[64], у тым ліку:
  • з ручным кіраваннем — 321[65]

У Беларусі

правіць

У канцы 1994 года планавалася наладзіць зборку аўтамабіляў на Гродзенскім заводзе карданных валаў[66].

Крыніцы

правіць
  1. а б Аўталегенды №55 2011, с. 15.
  2. Аўталегенды №55 2011, с. 4-5, 7.
  3. Малолитражная, малотиражная и невозрожденная: история создания Оки (руск.). kolesa.ru (29 ліпеня 2016). Праверана 25 красавіка 2018.
  4. Аўталегенды №55 2011, с. 6.
  5. 40 лет — 25 миллионов(руск.) // За рулём : часопіс. — 2006. — № 11. — С. 168.
  6. Аўталегенды №55 2011, с. 7.
  7. Ока накачивает мускулы(руск.) // Авторевю : часопіс. — 1996. — № 5 (122). — С. 2.
  8. Читая старые газеты. О выпуске 50 000 автомобиля ОКА. (руск.). vestikamaza.ru (21 жніўня 2022). Праверана 5 лістапада 2022.
  9. ЗМА прекратил производство автомобилей "Ока" (руск.). motor.ru (30 чэрвеня 2006). Праверана 5 мая 2018.
  10. СеАЗ-11116 Ока(руск.) // Авторевю : часопіс. — 2007. — № 9 (380). — С. 81.
  11. а б Ока и Евро-3(руск.) // Авторевю : часопіс. — 2008. — № 3 (397). — С. 11.
  12. "СеАЗ" будет выпускать китайские автомобили вместо "Оки" (руск.). motor.ru (21 студзеня 2009). Праверана 5 мая 2018.
  13. Все, что вы не знали о будущем Оки: что такое ЕлАЗ-1121 (руск.). kolesa.ru (13 жніўня 2017). Праверана 29 красавіка 2018.
  14. "ЭлектроОка" — "дитя" борьбы за экологию(руск.) // Автобизнес-Weekly : газета. — 1998. — № 5 (101), 5 лютага. Архівавана з першакрыніцы 24 мая 2013.
  15. "Плюшевая" "ОКА"(руск.) // За рулём : часопіс. — 1997. — № 11. — С. 22.
  16. Кровь из глаз. Безумный тюнинг и кастом-проекты 90-х (руск.). drom.ru (25 жніўня 2019). Праверана 10 верасня 2019.
  17. ОКОтворчество(руск.) // За рулём : часопіс. — 2000. — № 9. — С. 62.
  18. а б в г д е Грузовики марки «Ока»(руск.) // Грузовик Пресс : часопіс. — 2007. — № 08.
  19. Великое перемирие?(руск.) // Авторевю : часопіс. — 2001. — № 17 (249). — С. 14.
  20. Цветы, пицца и два сантехника(руск.) // За рулём : часопіс. — 2005. — № 8. — С. 142-143.
  21. Если пикапу отрезать крылья…(руск.) // Грузовик Пресс : часопіс. — 2011. — № 04.
  22. Лыжно-гусеничный снегоход «ТТМ Беркут»(руск.) // Техника молодёжи : часопіс. — 2017. — № 1 (1006). — С. 14-15.
  23. Регулировка карбюратора "Оки"(руск.) // За рулём : часопіс. — 1996. — № 05. — С. 120.
  24. Мал мала круче(руск.) // За рулём : часопіс. — 2002. — № 04. — С. 41.
  25. Энергоноситель(руск.) // За рулём : часопіс. — 2004. — № 02. — С. 87.
  26. Мягше, тоньше, деликатнее...(руск.) // За рулём : часопіс. — 2000. — № 11. — С. 46-48.
  27. По следам Pirelli и Michelin: история штатных шин автомобилей ВАЗ (руск.). kolesa.ru (28 лістапада 2015). Праверана 16 красавіка 2018.
  28. Колёса страны советов: заводские диски автомобилей ВАЗ (руск.). kolesa.ru (23 верасня 2015). Праверана 16 красавіка 2018.
  29. Ока ВАЗ-11113 (СеАЗ) (руск.). autoreview.ru. Праверана 29 красавіка 2018.
  30. Ока ВАЗ-11113 (ЗМА) (руск.). autoreview.ru. Праверана 29 красавіка 2018.
  31. Немного статистики: производство легковых автомобилей в СССР за 1988 год(руск.) // За рулём : часопіс. — 1989. — № 08. — С. 22.
  32. Немного статистики: производство легковых автомобилей в СССР за 1989 год(руск.) // За рулём : часопіс. — 1990. — № 07. — С. 7.
  33. Троніна 2002, с. 51.
  34. а б в Немного статистики: производство легковых автомобилей в СССР за 1990 год(руск.) // За рулём : часопіс. — 1991. — № 05. — С. 6.
  35. Троніна 2002, с. 57.
  36. а б в Немного статистики(руск.) // За рулём : часопіс. — 1992. — № 10. — С. 16.
  37. а б в Немного статистики: Производство автомобилей в России(руск.) // За рулём : часопіс. — 1993. — № 07. — С. 18.
  38. а б в г д е Немного статистики: Производство легковых автомобилей в России и на Украине(руск.) // За рулём : часопіс. — 1994. — № 07. — С. 17.
  39. а б в г д е Шугураў 1998, с. 159.
  40. а б в г д е Немного статистики: Производство легковых автомобилей и автобусов в России(руск.) // За рулём : часопіс. — 1995. — № 07. — С. 19.
  41. Троніна 2002, с. 77.
  42. Троніна 2002, с. 87.
  43. Троніна 2002, с. 99.
  44. а б Российский автопром: так ли все безнадежно?(руск.) // Авторевю : часопіс. — 1997. — № 06. — С. 20.
  45. а б в г д е Мы будем ездить на хороших автомобилях, если решения правительства не останутся на бумаге(руск.) // За рулём : часопіс. — 1999. — № 04. — С. 77.
  46. Троніна 2002, с. 111.
  47. а б в г Производство автомобилей в СНГ за 1998 год(руск.) // За рулём : часопіс. — 1999. — № 03. — С. 65.
  48. Троніна 2002, с. 124.
  49. Троніна 2002, с. 127.
  50. а б в г Автопром: подъём продолжается(руск.) // За рулём : часопіс. — 2000. — № 04. — С. 75.
  51. Троніна 2002, с. 148.
  52. а б в г д е ё ж з і Производство легковых автомобилей (штук) в России и на Украине (данные АСМ-Холдинга)(руск.) // За рулём : часопіс. — 2001. — № 03. — С. 77.
  53. а б в г д е ё Российский автопром: повод для оптимизма?(руск.) // Авторевю : часопіс. — 2002. — № 03. — С. 10.
  54. Троніна 2002, с. 159.
  55. Троніна 2002, с. 162.
  56. а б в г Суждены нам благие порывы(руск.) // За рулём : часопіс. — 2003. — № 03. — С. 137.
  57. а б в Наш автопром: кризис гигантов(руск.) // Авторевю : часопіс. — 2003. — № 04. — С. 12.
  58. а б в г д е ё Наш автопром: итоги 2003 года(руск.) // Авторевю : часопіс. — 2004. — № 03. Архівавана з першакрыніцы 3 студзеня 2009.
  59. а б в г Наш автопром: 15 лет спустя(руск.) // Авторевю : часопіс. — 2005. — № 03. — С. 15.
  60. а б Построение пройденного(руск.) // За рулём : часопіс. — 2005. — № 04. — С. 118.
  61. а б Статистика: Все автозаводы России и ближнего зарубежья(руск.) // Авторевю : часопіс. — 2006. — № 7 (355). Архівавана з першакрыніцы 24 студзеня 2009.
  62. а б в г д е ё ж з і к Выпуск автомобилей в СНГ в 2007 году (руск.). gruzovikpress.ru. Праверана 21 красавіка 2018.
  63. а б Мелеют «Волга» и «Ока»(руск.) // За рулём : часопіс. — 2008. — № 03. — С. 141.
  64. Плюс на минус(руск.) // За рулём : часопіс. — 2009. — № 04. — С. 196.
  65. Последний вздох СеАЗа(руск.) // Авторевю : часопіс. — 2010. — № 20. — С. 54.
  66. Сделано в Беларуси. Машиностроение и металлургия: «директорские заводы», Ford и упущенные инвесторы (руск.). ej.by (14 снежня 2016). Архівавана з першакрыніцы 26 чэрвеня 2021. Праверана 6 лістапада 2021.

Літаратура

правіць
  • Ремонтируем Ока. ВАЗ-1111, -11113. Иллюстрированное руководство (руск.). — М.: За рулём, 2001. — 224 с. — (Своими силами). — ISBN 5-85907-283-Х.
  • "BA3-1111 «OKA»". Автолегенды СССР(руск.). No. 55. «DeAgostini». 2011. ISSN 2071-095X.
  • Тест на разрушение(руск.) // Авторевю : часопіс. — 1996. — № 24. — С. 15-17.
  • "Ока" на электричестве(руск.) // За рулём : часопіс. — 1997. — № 06. — С. 32-33.
  • Ручная «Ока»(руск.) // За рулём : часопіс. — 2001. — № 12. — С. 150-152.
  • ВАЗ-11113 Ока(руск.) // Авторевю : часопіс. — 2002. — № 3 (259). — С. 46-50.
  • Мал мала круче(руск.) // За рулём : часопіс. — 2002. — № 04. — С. 40-41.
  • Крик на полигоне(руск.) // Авторевю : часопіс. — 2002. — № 9. — С. 44-47.
  • Оригами(руск.) // Авторевю : часопіс. — 2002. — № 11. — С. 36-39.
  • Энергоноситель(руск.) // За рулём : часопіс. — 2004. — № 02. — С. 86-87.
  • Дисбаланс(руск.) // Авторевю : часопіс. — 2007. — № 08. — С. 60-65.
  • Второй интернационал(руск.) // За рулём : часопіс. — 2007. — № 04. — С. 68-72.
  • Управление главного конструктора АВТОВАЗ (Коллектив авторов). Микролитражка – вторая попытка // Высокой мысли пламень. Книга 2 (руск.). — Тальяці: ДИС ОАО "АВТОВАЗ", 2004.
  • Управление главного конструктора АВТОВАЗ (Коллектив авторов). Калина – долгий путь к конвейеру. Предыстория // Высокой мысли пламень. Книга 3 (руск.). — Тальяці: ДИС ОАО "АВТОВАЗ", 2008.
  • Тронина О.А. Завод микролитражных автомобилей, 15 лет. Книга жизни (руск.). — СПб.: ОАО Иван Федоров, 2002. — 190 с.
  • Шугуров Л.М. Автомобили России, Азербайджана, Армении, Белоруссии, Грузии, Латвии, Украины, Эстонии (руск.). — М.: ИЛБИ, 1998. — 240 с. — ISBN 5-87483-052-9.
  • Микроорганизм(руск.) // За рулём : часопіс. — 2020. — № 06. — С. 94–98.

Спасылкі

правіць