Вайдэлот
Вайдэлоты (літ.: vaidilos, лат.: vaideloši) — святары ў свяцілішчах агню старажытных прусаў і літоўцаў, абавязкам якіх было прымаць ахвяры, даглядаць вогнішча, сачыць за каляндаром святаў, навучаць і даваць парады, а таксама апяваць на пахаваннях герояў-нябожчыкаў, асабліва на восеньскім свяце казла[1][2][3].
Адам Міцкевіч у сваіх гістарычна-этнаграфічных тлумачэннях да паэмы «Гражына» цытуе сведчанне Сымона Грунаў, які ў XVI ст. трапіў на абрад казла ў Прусіі і ледзь уратаваў сабе жыццё, прысягнуўшы не выдаваць таямніцу паганскага абраду. «Пасля складання ахвяры стары Вайдэлот пачаў апяваць дзейнасць даўнейшых герояў Літвы, — піша паэт, — перамяжоўваючы іх з маральнымі павучаннямі і модламі. Грунаў, які добра разумеў па-літоўску, сведчыць, што нічога падобнага не спадзяваўся пачуць ад ліцвіна, такая гэта была прыгажосць і вымоўнасць». Заваяваўшы Прусію і хрысціянізаваўшы яе, крыжакі выгналі з краю Вайдэлотаў, служак паганскіх культаў, захавальнікаў народных традыцый. Тым не менш яны ўсё ж сям-там у падполлі дзейнічалі і стагоддзі пасля. Вайдэлоткі выконвалі такія ж функцыі, як і Вайдэлоты. Летапісныя звесткі сведчаць, што жонка вялікага князя Кейстута была вайдэлоткай, пакуль яе не выкраў князь і не ажаніўся з ёй, за што мог быць пакараны смерцю. Аўдавеўшы, Бірута-княгіня зноў вярнулася да святарскай дзейнасці пры вечным агні.
Зноскі
Літаратура
правіць- Беларуская міфалогія. Энцыклапедычны слоўнік — Мінск: Беларусь, 2004.