Вайна за незалежнасць Анголы

Вайна за незалежнасць Анголы — вайна паміж Партугаліяй і шэрагам ваенна-палітычных груповак партугальскай калоніі Анголы, якія выступалі за незалежнасць краіны. Частка Каланіяльнай вайны Партугаліі.

Вайна за незалежнасць Анголы
Асноўны канфлікт: Каланіяльная вайна Партугаліі
Партугальскія салдаты на патруляванні ў Анголе на раннім этапе вайны
Партугальскія салдаты на патруляванні ў Анголе на раннім этапе вайны
Дата 4 лютага 196115 студзеня 1975
Месца Ангола
Прычына Імкненне Анголы да незалежнасці ад Партугаліі
Вынік Незалежнасць Анголы
Праціўнікі
МПЛА
УНІТА
ФНЛА
ФЛЕК
пры падтрымцы:
 СССР
 ГДР
 Куба
 Чэхаславакія
Сцяг Балгарыі (1971-1991) Балгарыя
 Алжыр
Сцяг Партугаліі Партугалія
пры падтрымцы:
 ЗША
ПАР
Радэзія
 Замбія
Камандуючыя
Агасціна Нета
Жонас Савімбі
Холдэн Раберта
Антоніу ды Салазар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Партугальская каланізацыя Анголы правіць

У 1482 годзе партугальскія каравелы пад камандаваннем штурмана Дыёгу Кау прыбылі ў Каралеўства Конга. Пасля некалькіх наступных экспедыцый паміж дзвюмя каралеўствамі ўстанавіліся блізкія адносіны. Партугальцы прывезлі агнястрэльную зброю, іншыя тэхналагічныя дасягненні і новую рэлігію — хрысціянства. У сваю чаргу, кароль Конга прапанаваў на продаж рабоў, слановую косць і карысныя выкапні.

Даследчык Паўлу Дыяш дэ Наваіш у 1575 годзе заснаваў Луанду як São Paulo da Assunção de Loanda. Наваіш заняў паласу зямлі з сотняй сем’яў каланістаў і 400 салдатамі, стварыўшы сталае паселішча. Партугальская карона надала Луандзе статус горада ў 1605 годзе. Партугальцы стварылі і падтрымлівалі яшчэ некалькі населеных пунктаў, крэпасцяў і партоў. Бенгела, партугальскі форт з 1587 і горад з 1617 года, быў другім па значнасці фарпостам партугальцаў ў рэгіёне пасля Луанды[1].

Ранні перыяд партугальскай заваёвы быў адзначаны серыяй войнаў, дагавораў і спрэчак з мясцовымі афрыканскімі валадарамі, у прыватнасці з Нзінга Мбанды, якая асабліва рашуча супраціўлялася Партугаліі. Заваёва тэрыторыі сучаснай Анголы пачалося толькі ў XIX ст. і была скончана да 1920-х гадоў. Ангола мела статус партугальскай калоніі з 1655 года, пакуль 11 чэрвеня 1951 года парламент Партугаліі ня прыняў закон, які дае ўсім партугальскім калоніям статус правінцый[1][2].

На гэтым фоне ўзнікаюць арганізацыі, такія як МПЛА, UPA і іншыя, чыёй мэтай было стварэнне незалежнай дзяржавы Ангола. Неўзабаве, пры падтрымцы СССР і Кітая, яны пачынаюць фарміраванне ўласных узброеных атрадаў.

Ход вайны правіць

Афіцыйнай датай пачатку вайны лічыцца 4 лютага 1961 года, гэтым днём атрад з 50 баевікоў MPLA атакаваў турму ў Луандзе, амаль yce нападнікі загінулі. Колькасць загінулых паліцэйскіх склала толькі 7 чалавек. 15 сакавіка пачалося ўварванне ў Анголу з кангалезскай тэрыторыі баевікоў UPA на чале з Холдэнам Раберта.

Партугальцы перагрупаваліся і 20 верасня ўзялі пад свой кантроль Пэдра-Вэрдэ, апошнюю базу UPA на паўночы Анголы. У першы год вайны 20-30 тысяч ангольскіх цывільных асоб[3][4] было забіта партугальскімі войскамі, а 400—500 тысяч бежанцаў адправіліся ў Заір. Баевікі UPA атакавалі калону ўцекачоў і суправаджаючых іх прыхільнікаў МПЛА. Патруль паўстанцаў узяў у палон 21 партызана МПЛА, а затым забіў іх 9 кастрычніка, што прывяло да варожасці паміж дзвюма групоўкамі. Савет бяспекі ААН прыняў Рэзалюцыю 163, заклікаў Партугалію адмовіцца ад рэпрэсіўных мер супраць ангольскага народа[5].

7 лістапада 1961 г. у Анголу прыбылі ваенныя спецыялісты з Кубы для падрыхтоўкі партызанскіх атрадаў МПЛА. У 1958—1974 гг. СССР пастаўляў фарміраванням МПЛА ўзбраенне і тэхніку. Пастаўкамі ўзбраення і тэхнікі МПЛА падтрымлівала таксама і КНР. Шмат паўстанцаў МПЛА праходзіла ваенную падрыхтоўку ў СССР, Балгарыі, Чэхаславакіі і Алжыры[6].

У сакавіка 1962 года Раберта аб’яднаў UPA з Дэмакратычнай партыяй Анголы, каб сфармаваць Нацыянальны фронт вызвалення Анголы (ФНЛА). Праз некалькі тыдняў, 27 сакавіка 1962 года ён заснаваў рэвалюцыйны ўрад Анголы ў выгнанні, прызначыўшы Жонаша Савімбі міністрам замежных спраў. Пачалося фармаванне ўзброеных сілаў ФНЛА — Арміі нацыянальнага вызвалення Анголы (ЭЛНА). Раберта стварыў палітычны саюз з прэзідэнтам Заіра Мабуту Сесе Сека, дзеля чаго развёўся з жонкай і ажаніўся з жанчынай з сяла жонкі Мабуту. Раберта наведаў Ізраіль і атрымліваў дапамогу ад урада Ізраіля ў 1963—1969 гадах.

Жонаш Савімбі пакінуў ФНЛА ў 1964 годзе і заснаваў УНІТА ў адказ на нежаданне Раберта распаўсюдзіць вайну за межы гістарычнага Каралеўства Конга.

Баявыя групы УНІТА — Узброеныя сілы вызвалення Анголы — здзейснілі сваю першую атаку 25 снежня 1966, перакрыўшы рух цягнікоў па чыгунцы на мяжы з Замбіяй. УНІТА здзейсніў яшчэ два напады на гэтую чыгунку ў 1967 годзе, выклікаўшы незадаволенасць ўрада Замбіі, якая экспартавала медзь па гэтай чыгунцы. Замбійскі ўрад адказаў высылкай з Замбіі 500 байцоў. Савімбі пераехаў у Каір, дзе жыў год. Ён таемна вярнуўся ў Анголу праз Замбію і працаваў з партугальскімі ваеннымі супраць МПЛА.

У канцы 1960-х гадоў групоўкі ФНЛА і МПЛА ваявалі адна з другой, што прывяло да пераходу нацыянальна-вызваленчай вайны ў грамадзянскую. Больш за тое, МПЛА часта дапамагалі партугальцам у пошуках хованак партызан ФНЛА.

У 1971 годзе МПЛА пачаў фармаваць эскадроны з 100—150 партызан у кожным. Гэтыя эскадроны, узброеныя 60-мм і 81-мм мінамётамі, атакавалі партугальскія фарпосты. Партугальцы ў адказ праводзілі антыпартызанскія зачысткі супраць сіл МПЛА, знішчылі некалькі іх лагераў. Акрамя таго, Паўднёва-Афрыканскія сілы абароны атакавалі пазіцыі МНЛА ў Машыка ў лютым 1972 года, знішчылі камуністычную прысутнасць там. Партугальскія ўзброеныя сілы арганізавалі паспяховую кампанію па ліквідацыі арганізацыі Усходні фронт (Frente Leste). 17 сакавіка 1000 байцоў ФНЛА паднялі мяцеж у Кінсузу, але заірская армія падавіла паўстанне ад імя Раберта[7].

Рэвалюцыя гваздзікоў 25 красавіка 1974 года скончыла партугальскія каланіяльныя войны і прывяла да незалежнасці партугальскіх заморскіх тэрыторый.

Рэвалюцыйны партугальскі ўрад пагадзіўся перадаць уладу нацыяналістычным афрыканскім рухам.

Вынікі правіць

Вайна завяршылася 15 студзеня 1975 года падпісаннем Алворскіх пагадненняў, паводле якіх Ангола атрымлівала незалежнасць (фактычна баявыя дзеянні былі спынены ў 1974 годзе).

Па ацэнцы сучасных даследчыкаў, дзеянні партугальскіх войскаў у гэтай вайне аказаліся найбольш паспяховымі ў параўнанні з канфліктамі ў Мазамбіку і ў Гвінеі-Бісау, і толькі «рэвалюцыя гваздзікоў», пасля якой новае кіраўніцтва Партугаліі пайшло на перамовы з праціўнікам, выратавала рухі МПЛА і УНІТА ад поўнага развалу[8].

Глыбокія супярэчнасці паміж ангольскімі групоўкамі прывялі да таго, што ўжо ў сярэдзіне 1975 года ў краіне пачалася грамадзянская вайна.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б Palmer, Alan Warwick (1979). The Facts on File Dictionary of 20th Century History, 1900-1978. p. 15.
  2. Dicken, Samuel Newton; Forrest Ralph Pitts (1963). Introduction to Human Geography. p. 359.
  3. Tom Hartman, A World Atlas of Military History 1945—1984.
  4. George Childs Kohn, Dictionary of Wars (Facts on File, 1999).
  5. Wellens, Karen; T.M.C. Asser Instituut (1990). Resolutions and statements of the United Nations Security Council (1946-1989): a thematic guide. BRILL. p. 58. ISBN 978-0-7923-0796-9.
  6. Россия (СССР) в войнах второй половины XX века. Ангола в борьбе за национальную независимость (1975—1979 гг.)
  7. George, Edward (2005). The Cuban Intervention in Angola, 1965-1991. Routledge. pp. 289. ISBN 0-415-35015-8.
  8. Peter Abbot, Manuel Ribeiro Rodrigues. Modern African Wars: Angola and Mozambique, 1961-74. — Osprey Publishing/Men-at-Arms, выпуск № 202, 1988. — С. 10.