Нзінга Мбанды
Ганна Нзінга Мбанды (парт.: Ana de Sousa Nzinga Mbande; 1583 г. — 17 снежня 1663) — гістарычная дзяячка афрыканскіх дзяржаў Ндонга і Матамба, нацыянальная гераіня Анголы.
Нзінга Мбанды | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
парт.: Ana de Sousa Nzinga Mbande | |||||||
![]() | |||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
каля 1582 |
||||||
Смерць |
17 снежня 1663[1] |
||||||
Бацька | Кія Самба | ||||||
Маці | Кангела | ||||||
Веравызнанне | хрысціянства | ||||||
![]() |
Паходжанне
правіцьНзінга Мбанды нарадзілася каля 1583 г. у сям’і Кія Самба, манарха-нгола афрыканскай дзяржавы Ндонга. Паводле легенд амбунду, пры нараджэнні яна перажыла асфіксію, з пупавінай на шыі. Гэта прадвызначыла яе асабістае імя (ад kujinga — «спавіваць»). Жанчына-прадказальніца нібы паведаміла яе маці, што дзяўчынка стане нгола.
Перагаворы з партугальцамі
правіцьКаля 1610 г. Кія Самба быў зрынуты сваім сынам Мбанды. Мяркуецца, што Нзінга была выслана ім у Матамбу, але ў 1622 г. заклікана для вядзення перагавораў з партугальцамі. Паводле паведамленняў партугальскіх місіянераў, яна прыбыла ў Луанду з мноствам слуг. Калі губернатар замест крэсла прапанаваў дыван, яна села на спіну служкі і такім чынам не прынізіла сябе перад еўрапейцамі.
Падчас знаходжання ў Луандзе Нзінга прыняла хрысціянства і новае імя Ганна (парт.: Ana de Sousa) у гонар жонкі партугальскага губернатара. Паводле перагавораў было заключана пагадненне, згодна з якім нгола падпарадкоўваўся губернатару Луанды, а партугальцы абавязваліся аказваць дапамогу супраць ваяўнічых качавых плямён яга.
Грамадзянская вайна
правіцьУ 1624 г. нгола Мбанды скончыў жыццё самагубствам, калі выявілася, што партугальцы не збіраюцца выконваць умоў пагаднення 1622 г. Новым манархам Ндонга быў абвешчаны сын Нзінгі. Яна прыняла абавязкі рэгента. У перапісцы з губернатарам Луанды называла сябе андонга. У лісце 1626 г. пасля смерці сына — каралевай андонга (парт.: rainha de Andongo).
Згодна з традыцыямі амбунду, улада манарха перадавалася па жаночай лініі, і жанчыны адыгрывалі важную ролю ў кіраванні дзяржавай, але манархам мог стаць толькі мужчына. Незадаволеныя мясцовыя правадыры склалі апазіцыю «каралеве» і выбралі нгола яе стрыечнага брата Хары Ндонга. Пад ціскам паўстанцаў і яга Нзінга была вымушана разам з паплечнікамі збегчы ў Матамбу, дзе ў 1630-х гг. захапіла ўладу. Каб узмацніць сваё становішча, яна прымала беглых рабоў з Луанды.
У 1641 г. Луанда была захоплена галандцамі. Партугальскія каланісты адступілі ва ўнутраныя раёны Афрыкі і працягвалі барацьбу. Нзінга выкарыстала гэта для заключэння саюза з галандцамі і Каралеўствам Конга. Яе войскі захапілі поўнач Ндонга і ў 1647 г. нанеслі сур’ёзнае паражэнне партугальцам. Каланісты былі вымушаны хавацца ў крэпасцях, якія вытрывалі аблогу з боку войска Нзінгі. У 1648 г. Луанда была вызвалена бразільскімі добраахвотнікамі. Нзінга была вымушана адступіць у Матамбу і заключыць перамір’е з партугальцамі.
У апошнія гады свайго жыцця імкнулася вярнуць уладу ў Ндонга першапачаткова праз шлюбны саюз з яга і адмову ад хрысціянства, потым — праз саюз с партугальцамі і Конга, вяртанне ў каталіцызм і шлюбны саюз сваёй сястры з нгола Ндонга. У абодвух выпадках пацярпела паражэнне. Памерла 17 снежня 1663 г. у Матамбе.
Памяць
правіцьПостаць Нзінгі Мбанды стала шырока вядома ў Еўропе ў канцы XVII ст. пасля публікацыі капуцынамі нататак па гісторыі Каралеўства Конга. У XVIII ст. Маркіз дэ Сад маляваў яе вобраз як жанчыны-дэспата.
У сучаснай Анголе Нзінга Мбанды разглядаецца як сімвал барацьбы супраць партугальскага каланіялізма. У 2004 г. быў адкрыты помнік у яе гонар у Луандзе, у 2013 г. створаны кінафільм.
Зноскі
- ↑ Nzinga of Ndongo and Matamba // https://pantheon.world/profile/person/Njinga_of_Ndongo_and_Matamba Праверана 9 кастрычніка 2017.