Кітай

краіна ва Усходняй Азіі
(Пасля перасылкі з КНР)

Кітай (кіт. трад. 中國, спр. 中国, піньінь Zhōngguó), афіцыйна Кітайская Народная Рэспубліка (КНР, кіт. трад. 中華人民共和國, спр. 中华人民共和国, піньінь Zhōnghuá Rénmín Gònghéguó) — краіна ва Усходняй Азіі. Мяжуе з Расіяй і Манголіяй на поўначы, з Паўночнай Карэяй на ўсходзе, з Казахстанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Афганістанам і Пакістанам на захадзе, з Індыяй, Непалам, Бутанам, М'янмай, Лаосам і В'етнамам на поўдні. На ўсходзе абмываецца Жоўтым, Усходне-Кітайскім і Паўднёва-Кітайскім морамі Ціхага акіяна. Тайвань — найбуйнейшы востраў Кітая — займае дэ-факта незалежная Кітайская Рэспубліка, якую Пекін не прызнае. Кітай займае першае месца ў свеце па колькасці насельніцтва; трэцяе месца — па плошчы. Касмічная дзяржава. КНР з’яўляецца адной з пяці афіцыйных ядзерных дзяржаў, пастаянным членам Савета Бяспекі ААН, валодае самай вялікай у свеце арміяй і другім у свеце ваенным бюджэтам. Поспехі ў эканамічным развіцці даюць падставы разглядаць КНР у якасці патэнцыйнай звышдзяржавы.

Кітайская Народная Рэспубліка
中华人民共和国
Zhōnghuá Rénmín Gònghéguó
Герб Кітая
Сцяг Кітая Герб Кітая
Гімн: «义勇军进行曲/Марш дабравольцаў»
Заснавана 221 да н.э. (аб'яднанне пад дынастыяй Цынь)
1 кастрычніка 1949 (КНР)
Афіцыйная мова Кітайская (путунхуа)
Сталіца Пекін
Найбуйнейшыя гарады Шанхай, Пекін, Гуанчжоу, Шэньчжэнь, Чунцын
Форма кіравання Сацыялістычная рэспубліка
Старшыня
Прэм'ер Дзяржаўнага Савета
Старшыня ПК УСНП
Старшыня УК НПКСК
Сі Цзіньпін
Лі Цян
Чжан Дэцзян
Юй Чжэншэн
Дзярж. рэлігія няма (дзяржаўны атэізм)
Насельніцтва
• Ацэнка (2023)
• Перапіс (2020)
Шчыльнасць

1 411 750 000[1] чал. (1-я)
1 411 778 724 чал.
145 чал./км²
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2019)
  • На душу насельніцтва

$27,449 трлн[2]  (1-ы)
$19.559  (79-ы)
ВУП (намінал)
  • Разам (2019)
  • На душу насельніцтва

$14,172 трлн  (2-ы)
$10.098  (71-ы)
ІРЧП (2017) 0,752 (высокі) (86-ы)
Этнахаронім Кітайцы
Валюта Жэньміньбі (¥, CNY)
Інтэрнэт-дамены .cn, .中国, .中國, .公司, .网络
Код ISO (Alpha-2) CN
Код ISO (Alpha-3) CHN
Код МАК CHN
Тэлефонны код +86
Часавыя паясы +8

Прырода Кітая неверагодна разнастайная. У межах краіны ляжыць найбуйнейшае ў свеце нагор’е — Тыбет, а на мяжы з Непалам уздымаюцца горы-васьмітысячнікі, сярод якіх і Эверэст. Кітай валодае багатымі мінеральнымі, агракліматычнымі, воднымі рэсурсамі. Тут цячэ трэцяя ў свеце па даўжыні і шматводнасці рака — Янцзы. Вельмі востра стаіць пытанне аховы прыроды: лясы на ўсходзе Кітая амаль цалкам высечаны а іх жывёльны свет — знішчаны, рэкі і азёры брудныя, паветрам у гарадах часта немагчыма дыхаць.

Кітай з’яўляецца адной з калысак чалавецтва — цывілізацыя ў даліне Хуанхэ ўзнікла шмат тысяч гадоў таму. У першым тысячагоддзі новай эры кітайская цывілізацыя адносілася да ліку найболь развітых у свеце. Менавіта ў той час былі зроблены 4 «вялікіх кітайскіх вынаходніцтвы»: компас, папера, порах, ручны набор літар. Дынастыйная гісторыя Кітая скончылася на дынастыі Цын з заснаваннем у выніку Сіньхайскай рэвалюцыі ў 1911 Рэспублікі Кітай. У першай палове ХХ стагоддзя Кітай быў ахоплены грамадзянскімі войнамі, паміж якімі быў перыяд японскай акупацыі. У 1949 да ўлады прыйшла Камуністычная партыя Кітая на чале з Маа Цзэдунам, а прыхільнікі партыі Гаміньдан уцяклі на Тайвань, дзе пабудавалі свой Кітай. Дзякуючы эканамічным поспехам, у канцы ХХ — пачатку ХХІ ст. Кітай стаў адной з самых магутных і ўплывовых дзяржаў свету.

Кітайская Народная Рэспубліка — камуністычная аднапартыйная ўнітарная дзяржава. Уся ўлада канцэнтруецца ў руках Камуністычнай Партыі Кітая, старшыня якой з’яўляёцца прэзидэнтам Кітая. Сённяшні кіраўнік Кітая — Сі Цзіньпін. КНР дзеліцца на 22 правінцыі, 5 аўтаномных раёнаў, 4 гарады цэнтральнага падпарадкавання (Пекін, Шанхай, Чунцын, Цяньцзінь) і спецыяльныя адміністрацыйныя раёны (Ганконг і Макаа). Ва ўсёй дзяржаве дзейнічае адзін час. Сталіца — горад Пекін, другі па велічыні ў Кітаі і адзін з найбуйнейшых у свеце.

Насельніцтва КНР перавысіла 1,4 млрд чалавек, што на 2019 год дазваляе Кітаю заставацца — як і на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва — самай населенай краінай свету. Апошнія дзесяцігоддзі, дзякуючы дэмаграфічнай палітыцы, натуральны прырост істотна зменшыўся. Сённяшні Кітай адчувае сур’ёзнае старэнне насельніцтва з усімі наступствамі. У палавой структуры адчувальная перавага мужчын над жанчынамі. У Кітаі найбольшая колькасць атэістаў у свеце. Папулярныя рэлігіі — будызм, даасізм, кітайская народная рэлігія. Большая частка насельніцтва — кітайцы, што канцэнтруюцца пераважна на ўсходзе, дзе шчыльнасць перавышае 500 чал/км². Імкліва расце доля гарадскога насельніцтва (59 % у 2018 годзе). Найбуйнейшы горад — Шанхай.

Кітай — індустрыяльная краіна, ключавая дзяржава з ліку тых, што развіваюцца. Займае першае месца па агульным аб’ёме ВУП (па ППЗ), другое — па намінале. Самы вялікі ў свеце прамысловы вытворца і экспарцёр. У ХХІ стагоддзі ажыццяўляе эканамічную экспансію па ўсім свеце. КНР з’яўляецца членам такіх арганізацый як: БРІКС, Вялікая дваццатка, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, АЦЭС, форуму Кітай-Індыя-М’янма-Бангладэш.

Этымалогія

правіць

Самі кітайцы сваю краіну называюць Чжунхуа Жэньмінь Гунхэга (中华人民共和国), скарочана проста Чжунхуа, што літаральна азначае «сярэдзінная зямля».

Усходнеславянскае слова «Кітай» пайшло ад качавога народу кіданяў, названых так кітайцамі. У пачатку Х ст. кідані захапіі паўночны Кітай і стварылі там сваю дзяржаву. Імя кіданяў, хоць і выцесненых у ХІІ ст чжурчжэнямі, замацавалася за ўсім паўночным Кітаем, а купцы і заваёўнікі данеслі тапонім да самай усходняй Еўропы, дзе ён стаў абазначаць усю велізарную далёкую краіну.

Англійская назва «China» таксама з’яўляецца экзонімам і паходзіць ад санскрыцкага Cīna, што ўжывалася ў дачыненні да Паднябёснай у старажытнай Індыі і сустракаецца ў ранніх індуісцкіх тэкстах. З санскрыту праз персідскую і партугальскую мовы — крыху трансфармаваўшыся — яна трапіла ў большасць заходнееўрапейскіх моваў.

Геаграфічнае становішча

правіць
 
Тэрытарыяльныя прэтэнзіі Кітая

Кітай — найбуйнейшая краіна ва Усходняй Азіі. Сумарная даўжыня сухапутных межаў Кітая з 14 краінамі складае 22 117 км: Расія (40 км на паўночным захадзе і 3 605 км на паўночным усходзе), Манголія (4 677 км), КНДР (1 416 км), В’етнам (1 281 км), Лаос (423 км), М’янма (2 185 км), Індыя (3 903 км), Бутан (470 км), Непал (1 236 км), Пакістан (523 км) Афганістан (76 км), Таджыкістан (414 км), Кіргізія (858 км) і Казахстан (1 533 км). Працягласць краіны з захаду на ўсход (ад Паміра да Шанхая) — каля 4,5 тыс. км, з поўначы на поўдзень (ад ракі Амур на мяжы з Расіяй да паўднёвага ўскрайку вострава Хайнань) — каля 4,1 тыс. км.

На ўсходзе на працягу 14 000 км абмываецца Жоўтым (з залівам Бахайвань), Усходне-Кітайскім і Паўднёва-Кітайскім морамі Ціхага акіяна. За Тайваньскім пралівам, раздзяляючы сабой два паўднёвых моры, ляжыць Тайвань — найбуйнейшы востраў Кітая, які займае не прызнаная Пекінам, дэ-факта незалежная Кітайская Рэспубліка. Хайнань — другі па велічыні востраў, ляжыць праз нешырокі — ўсяго 30 км да паўвострава Лэйчжоў — Хайнаньскі праліў (або Цюйджоў).

КНР мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі амаль да ўсіх сваіх суседзяў на сушы. На моры самым дыскусійным раёнам застаецца Паўднёва-Кітайскае мора.

Прырода

правіць
 
Тыповы Тыбет

Складаная геалагічная будова абумовіла неверагодна разнастайны рэльеф. Рэльеф Кітая — гэта камбінацыя высокіх горных сістэм, глыбокіх міжгорных упадзін і вялікіх раўнін. На паўднёвым усходзе Кітая ляжыць самае вялікае нагор’е свету (2 млн кв.км, сярэдняя вышыня — 4,5 тыс.м.) — Тыбет, з поўдня аблямаванае высознымі Гімалаямі. Менавіта тут, на мяжы Кітая і Непала, у эпоху апошняга гораўтварэння выраслі (і працягваюць расці!) самыя высокія горы свету, уключаючы Эверэст (8848 м). На захад ад Тыбету, у Каракаруме — яшчэ адной велічнай горнай сістэме — знаходзіцца другая вяршыня планеты — г. Чагары (8611 м).

 
Невысокія горы ў карставай вобласці, Гуансі

Вышыні Куньлуня, які апаясвае Тыбецкае нагор’е з поўначы, — самага доўгага (2700 км) горнага ланцуга Азіі — дасягаюць 6,3—7,8 тыс. м. А ў перадгор’ях Цянь-Шаня знаходзіцца самая глыбокая ўпадзіна Цэнтральнай Азіі (і трэцяя ў свеце) — Турфанская (-154 м). Ад высокай расчлянёнай Цэнтральнай Азіі шырокімі ступенямі спускаюцца да Ціхага акіяна раўніны. Раўніны верхніх ступеняў — Чырвоны Басейн, Лёсавае плато — складзены лёсам, ніжніх — Сунляа і Вялікая Кітайская — магутнай тоўшчай урадлівага алювію рэк Янцзы і Хуанхэ. На поўдні і часткова на ўсходзе значную плошчу займаюць старыя невысокія маляўнічыя горы, часта паедзеныя карстам.

Карысныя выкапні

правіць

Кітай — адна з найбольш багатых карыснымі выкапнямі краіна. Тут здабываюць каменны вугаль, нафту, магніевыя і жалезныя руды, медзь, графіт, волава, сурму, ртуць, малібдэн, марганец, свінец, цынк, золата і інш. Асноўнай крыніцай энергіі ў Кітаі з’яўляецца вугаль, па запасах якога Кітай саступае толькі ЗША і Расіі. Вугальныя радовішчы ў асноўным размешчаны ў Паўночным і Паўночна-Усходнім Кітаі. Большая частка пакладаў прадстаўлена каменным вуглём. Радовішчы нафты выяўленыя ў Паўночна-Усходнім Кітаі, прыбярэжных тэрыторыях і шэльфе Жоўтага мора, а таксама ў некаторых ўнутраных раёнах — Джунгарскай катлавіне, Сычуані. Таксама ў краіне вельмі вялікія залежы сланцаў, з якіх можна здабываць сланцавы газ[4].

Клімат

правіць

На поўначы і захадзе Кітая клімат умераны, рэзка кантынентальны. Вялізная кантынентальная маса абумоўлівае панаванне азіяцкага максімума ўзімку і вобласці нізкага ціску ўлетку. У замкнутых «ячэйках» катлавін вельмі халодная зіма (да -35 °C) і вельмі гарачае лета (сярэднія тэмпературы вышэй за +24 °C); ападкаў выпадае мала (150—300 мм). Пры руху на ўсход летнія тэмпературы амаль не змяняюцца, а зімовыя — растуць, але дадатнымі становяцца толькі на поўдзень ад вусця Янцзы. Расце і колькасць ападкаў: наветраныя ўсходнія схілы «ступеняў» атрымліваюць 500—800 мм, а паўднёва-ўсходняе ўзбярэжжа дзякуючы трапічным залевам і тайфунам — да 2000 мм — гэта вобласці мусоннага клімату з летнім максімумам ападкаў.

Рэкі і азёры

правіць
 
Янзцы ў адной з трох цяснін

Рэкі Кітая адносяцця пераважна да басейна Ціхага акіяна — гэта Янцзы, Хуанхэ, Хэйлунцзян (Амур), Чжуцзян, Ланьцанцзян (Меконг), Сіцзян, Нуцзян. Брахмапутра (кітайская назва Ялу Цангпо) прарываецца праз Гімалаі да Індыйскага акіяна; а на паўночным захадзе доўгі шлях да Обі і Паўночнага Ледавітага акіяна пачынае Іртыш. Вытокі ўсіх буйных рэк Кітая знаходзяцца ў гарах. Таючы снег на ўсходняй ўскраіне Тыбецкага плато забяспечвае вадой галоўныя артэрыі краіны. Рэкі ўнутранага басейна ўпадаюць у азёры ўнутраных раёнаў (салёныя азёры Цынхай і інш.), або губляюцца ў пустынях ці салёных багнах (высмаглыя азёры Лабнор і Цзюйянь). З вялікімі рэкамі звязаны багатыя аквапрадуктамі прэснаводныя азёры, такія, як Паянху, Дунцінху і Тайху. Маюцца таксама тысячы штучных азёр — вадасховішчаў. Уздоўж узбярэжжа цягнецца Вялікі канал Кітая, які злучае вусці рэк Янцзы, Хуайхэ і Хуанхэ. Канал быў пабудаваны ў VII—XIII стст.. і мае сумарную даўжыню 2470 км.

Ландшафты

правіць
 
Пустыня Гобі, Ганьсу

На засушлівых захадзе і поўначы пануюць пустыні (Гобі, Такла-Макан), паўпустыні і стэпы. Апошнія прасціраюцца ўздоўж лепей увільгатнёных ускраін плато Унутранай Манголіі. На вільготным мусонным усходзе пануюць лясы: на поўначы — змешаныя хвойна-шыракалістыя з карэйскага кедру, піхты, дубу, ясеню, ліпы, коркавага дрэва. Далей на поўдзень ў субтрапічным клімаце лясы становяцца вечназялёнымі — з’яўляюцца лаўр, магнолія, гінкга, смакоўніца. Па разнастайнасці лясных парод Кітай займае 1-е месца ў свеце.

Прыродная расліннасць ва усходнім, густазаселеным, Кітаі амаль цалкам зведзена — субтрапічныя лясы засталіся толькі на стромкіх схілах гор ды ў нацыянальных парках. Следам за лясамі зніклі многія віды жывёл, напрыклад, алень давіда, кітайскі тыгр, якіх цяпер можна сустрэць толькі ў заапарках.

Экалагічныя праблемы

правіць
 
Пекін без смогу і са смогам, 2005

У Кітаі найгоршая ў свеце сітуацыя з забруджваннем паветра. З 20 гарадоў з самым дымным небам у свеце, 16 — кітайскія. Прычына таму — прымяненне вугалю ў энергетыцы і камунальнай гаспадарцы, імклівы рост аўтапарка. Ва ўмовах зімовага антыцыклону вялікія індустрыяльныя гарады паўночнага Кітая проста задыхаюцца ад смогу.

 
Кітайскі тыгр

Асабліва пакутуе Пекін, што ляжыць у замкнёным паніжэнні. Мяркуецца, што празмерная забруджанасць паветра выклікае рост лёгачных захворванняў, у тым ліку анкалагічных. Кітай падпісаў, Кіёцкі пратакол, але не узяў на сябе ніякіх абавязкаў і не спяшаецца змяншаць выкіды вуглякіслага газу.

Рэкі Кітая, нават самыя вялікія, ператварыліся ў сапраўдныя сцёкавыя канавы. Гэта звязана з выкідамі неачышчаных прамысловых і камунальных водаў і з вельмі спрэчнымі стандартамі дапушчальнай канцэнтрацыі забруджвальнікаў. Забруджаны нават падземныя воды, да чаго спрычынілася сельская гаспадарка. Яна ж у адказе і за імклівую эрозію глебаў і апустыньванне. Паводле даследванняў 2007 года Кітай страчвае каля 4000 кв.км. прадукцыйных земляў штогод. Нягледзячы на тое, што з 1970-х на мяжы Гобі ствараюцца «зялёныя бар’еры», працяглыя засухі і нерацыянальныя метады вядзення сельскай гаспадаркі прыводзяць да пыльных бур, якія назаляюць паўночнаму Кітаю кожную вясну, часам даходзячы да Карэі і Японіі.

Гісторыя

правіць
 
Ручная стрэльба, каля 1300

Кітайская цывілізацыя — адна з найбольш старажытных у свеце — расквітнела на ўрадлівых глебах басейна Хуанхэ, што працякае па Паўночна-Кітайскай раўніне. На працягу больш за 4000 гадоў палітычная сістэма Кітая была заснавана на спадчынных манархіях (таксама вядомых як дынастыі). Першай з гэтых дынастый была напаўлегендарная дынастыя Ся (каля 2000 да н.э.). Наступныя некалькі тысяч гадоў кітайская цывілізацыя пашырала тэрыторыю ўплыву, дзяржавы распадаліся і зноў ядналіся безліч разоў. І толькі ў 221 да н.э. Кітай быў аб’яднаны пад кіраўніцтвам адной дынастыі — Цынь.

Падчас праўлення дынастыі Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) былі зробленыя першыя два з «вялікіх кітайскіх вынаходніцтваў» — компас і папера; вялікія поспехі былі займеты ў сельскай гаспадарцы і медыцыне. За Ханямі надыйшла эпоха Трох Царстваў, пасля былі дынастыі Цзынь, Паўночная і Паўднёвая дынастыі, Суй.

У часы дынастыі Тан (618—907) культурны ўплыў Кітая, дзякуючы Вялікаму шаўковаму шляху, распаўсюдзіўся далёка на захад — ажно да Месапатаміі і Афрыканскага рога. Тады ж быў вынайдзены порах. У 755—763 гг.. магутнасць Кітайскай дзяржавы і дынастыі Тан была падарвана паўстаннем Ань Лушаня.

 
Хубілай, заснавальнік мангольскай дынастыі Юань (у кітайскай гістарыяграфіі вядомы як Шы Цзу

Заснавальнік дынастыі Сун (960—1279), палкаводзец Чжао Куанінь захапіў у 960 г. ўладу і абвясціў сябе імператарам Тайцзу (960—976), чым скончыў перыяд смут пасля падзення дынастыі Тан. Яго пераемнік Тайцзун (976—997) канчаткова аб’яднаў Кітай пад уладай Сун. Спыненне міжусобіц спрыяла хуткаму эканамічнаму ўздыму краіны, росквіту кітайскай сярэдневяковай культуры. Развівалася філасофія ў выглядзе неаканфуцыянства Чжу Сі. Але імператары цярпелі няўдачы ў барацьбе з паўночнымі качэўнікамі — кіданямі, тангутамі, і ў рэшче рэшт Паўднёвая Сун — усё, што засталося ад дынастыі — была зваявана ханам Хубілаем, які распачаў дынастыю Юань (1279—1368).

У выніку паўстання «Чырвоных войск» 1351—68 гг.. манголы былі выгнаны і ў 1368 г. заснавана кітайская дынастыя Мін (1368—1644). У імперыі Мін быў пабудаваны флот і створана рэгулярнае войска, агульнай колькасцю ў 1 мільён чалавек. У імперыі ўкаранілася надзельная сістэма. Была праведзена жорсткая цэнтралізація кіравання, прадпрымаліся спробы рэгламентаваць ўсе сферы жыцця грамадзян. Нягледзячы на паспяховае кіраванне першых двух імператараў — Чжу Юаньчжана і яго сына Чжу Дзі — з цягам часу ў дзяржаўным апараце імперыі з’явіліся прыкметы раскладання, асаблівай бядой была карупцыяй. Мінскі Кітай пачаў праводзіць палітыку самаізаляцыі. У гэты час ля паўночна-усходняга ўскрайка Кітаю ўзнікла маладая дзяржава маньчжураў. Скарыстаўшыся сялянскім паўстаннем Лі Цзычэня, манчжуры захапілі Пекін і заснавалі дынастыю Цын (1644—1911).

 
Абстрэл кітайскіх джонак, эпізод Першай Опіумнай вайны

У першай палавіне XVIII стагоддзя цынскаму ўраду ўдалося наладзіць дастаткова эфектыўнае кіраванне краінай, адным з вынікаў гэтага было тое, што Кітай быў краінай з найвышэйшым паказчыкам павелічэння колькасці насельніцтва. Цынскі двор праводзіў палітыку самаізаляцыі, што прывяло да адкрыцця Кітая заходнім дзяржавам сілаю: паразы ў Опіумных войнах і ператварэння ў паўкаланіяльную краіну. Пазней супрацоўніцтва з заходнімі дзяржавамі дапамагло дынастыі пазбегнуць паражэння ў часы паўстання тайпінаў, праводзіць адносна паспяховую мадэрнізацыю краіны і такім чынам праіснаваць да пачатку XX стагоддзя, аднак і стала чыннікам росту нацыяналістычных (антыманчжурскіх) настрояў.

Дынастыйная гісторыя Кітая скончылася ў 1911 з заснаваннем у выніку Сіньхайскай рэвалюцыі Рэспублікі Кітай. У першай палове ХХ стагоддзя Кітай пагрузіўся ў перыяд грамадзянскіх войнаў, якія падзялілі краіну на два асноўных палітычных лагеры: спачатку міжнародна прызнаны Бэянскі урад у Пекіне і нацыяналістычны ўрад Гаміньдана ў Кантоне, а потым — афіцыйны ўрад Гаміньдана і камуністычны ўрад Маа Цзэдуна. Баявыя дзеянні скончыліся ў 1949, калі камуністы перамаглі ў грамадзянскай вайне і стварылі Кітайскую Народную Рэспубліку. Прыхільнікі Гаміньдана адступілі на Тайвань, дзе Рэспубліка Кітай пряцягвае існаваць па сённяшні дзень.

 
Члены камуны працуюць ноччу пры святле лямп, 1959, Вялікі скачок

Новыя ўлады ўзялі курс на пабудову камуністычнага грамадства праз калектывізацыю і фарсіраваную індустрыялізацыю, апагеем якой стаў так званы Вялікі скачок (1958—1962), што прынёс нацыі трагічныя наступствы праз няўмелую аграрную палітыку і стаў другой пасля Другой Сусветнай вайны катастрофай ХХ стагоддзя па колькасці ахвяраў. Сярод мерапрыемстваў Скачка была і знакаміая «Вераб’іная кампанія». Апошняе дзесяцігоддзе рэжыма Мао Цзэдуна (1966—1976) адзначылася Культурнай рэвалюцыяй, якая мела на мэце канчатковае знішчэнне буржуазных рэштак у грамадстве. Адной з формаў рэвалюцыі была масавая высылка інтэлігентаў і іншадумцаў у вёскі на перавыхаванне. «Бунтары» і хунвэйбіны знішчылі значную частку культурнай спадчыны кітайскага і іншых народаў КНР. Напрыклад, былі знішчаны тысячы старажытнакітайскіх гістарычных помнікаў, кніг, карцін, храмаў і г.д. Пагоршыліся адносіны з СССР, якому Мао не дараваў развянчанне культу асобы Сталіна; у 1969 годзе адбыўся савецка-кітайскі ўзброены канфлікт на востраве Даманскі, што на Амуры.

Пасля смерці правадыра Мао Кітай перайшоў на рынкавыя эканамічныя рэйкі, не здрадзіўшы сацялістычным прынцыпам у грамадстве. У 1978 годзе ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы абвешчаны пачатак эканамічных рэформ.

Іншадумства працягвае жорстка пераследвацца. Найбольш яскравым прыкладам краху пратэстнага руху сталі падзеі на плошчы Цяньаньмэнь у 1989 годзе.

У 2003 годзе Кітай запусціў свайго касманаўта. У 2014 Кітай абыйшоў ЗША па агульным аб’ёме ВУП (ППЗ), стаўшы найбольшай эканомікай свету.

Дзяржаўны лад

правіць
 
Дом народных сходаў — месца пасяджэнняў парламента

Канстытуцыя Кітайскай Народнай Рэспублікі называе Кітай сацыялістычнай дзяржавай пад дэмакратычным кіраўніцтвам народнай дыктатуры, вядучую ролю ў якой выконвае рабочы клас, а калі дакладней — саюз рабочых і сялян. Дзяржаўныя органы прытрымліваюцца прынцыпу «дэмакратычнага цэнтралізму». Палітычная, грамадская і эканамічная сістэмы КНР характарызуюцца кіраўніцтвам дзяржавы як «народная дыктатура», «сацыялізм з кітайскай спецыфікай» і «сацыялістычная рынкавая эканоміка» адпаведна.

За мяжой кітайскі палітычны рэжым разглядаецца як сацялістычны або камуністычны, і адначасова аўтарытарны і караратывісцкі, са значнымі абмежаваннямі свабоды ў сферах інтернету, прэсы, сходаў, рэлігіі, права мець дзяцей і інш.. У заходняй паліталогіі разглядаецца як адна з пяці сучасных камуністычных дзяржаў (разам з В’етнамам, Лаосам, Паўночнай Карэяй і Кубай).

Парламент КНР завецца Усекітайскім сходам народных прадстаўнікоў. У Кітаі дэ-факта аднапартыйная сістэма — самой Канстытуцыяй замацавана кіруючая роля Камуністычнай Партыі Кітая (КПК). У 2018—2022 гг.. з 2980 крэслаў парламента 71 % занята дэпутатамі КПК. Можна заўважыць, што амаль траціна месцаў належыць прадстаўнікам яшчэ васьмі партый, і гэта на словах адпавядае ленінскаму прынцыпу «дэмакратычнага цэнтралізму». Аднак эксперты кажуць пра амаль поўную адсутнасць палітычнага плюралізму ў парламенце. Праўда, у апошнія гады адбыіліся некаторыя зрухі ў бок лібералізацыі, прынамсі, выбары сталі больш празрыстымі і не такімі безальтэрнатыўнымі. Выбары ў мясцовыя саветы прамыя, улады на месцах маюць дастаткова шмат паўнамоцтваў. На узроўнях вышэй (ажно да парламента) дэпутаты абіраюцца ўскосна — прызначаюцца ніжэйшымі саветамі.

 
Сі Цзіньпін з прэзідэнтам Аргенціны М.Макры на саміце G20, 2016

Пасада прэзідэнта КНР была ўведзена Канстытуцыяй краіны 1954 года, адменена ў 1975 годзе, а затым зноў адноўлена ў 1982 годзе. Прэзідэнтам — абіраецца ён тэрмінам на пяць гадоў — з’яўляецца генеральны сакратар КПК. З 2012 пасаду займае Сі Цзіньпін. У 2017 ён быў пераабраны на другі тэрмін. Да 11 сакавіка 2018 года старшыня КНР мог займаць гэтую пасаду не больш за два тэрміны, аднак дэпутаты Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў (УСНП) 13-га склікання ўнеслі папраўкі ў канстытуцыю краіны, адмяніўшы абмежаванні на тэрмін паўнамоцтваў.[5] Другая фігура ва ўрадзе Кітая — прэм’ер-міністр, які ўзначальвае кабінет міністраў і уваходзіць у склад кітайскага Палітбюро. У 2013 годзе прэм’ерам стаў Лі Кэцян.

Да асноўных палітычных праблем адносяцца рост прорвы між багатымі і беднымі, а таксама карупцыя ва ўрадзе. Тым не менш, узровень даверу кітайцаў да сваёй палітычнай сістэмы і сваіх правадыроў вельмі высокі — 85-90 % паводле апытання 2011.

Знешняя палітыка

правіць

Дзякуючы эканамічным поспехам, КНР увайшла ў лік галоўных гульцоў на сусветнай арэне. У ХХІ стагоддзі эканамічныя і палітычныя інтарэсы Кітая прасціраюцца па ўсім свеце.

Адна з галоўных задач знешняй палітыкі КНР — схіліць усе дзяржавы свету да непрызнання Кітайскай Рэспублікі на Тайваня. Кітайская дыпламатыя выкарыстоўвае розныя, галоўным чынам, эканамічныя, рычагі, і дасягае поспехаў. На жнівень 2018 Тайвань афіцыйна прызнавала 17 дзяржаў свету. Зрэшты, гэта не перашкаджае высокаразвітаму Востраву падтрымліваць неафіцыйныя адносіны з большасцю краін.

Адносіны з Беларуссю

правіць
 
Паштовы блок «Беларусь — Кітай. 20-годдзе дыпламатычных адносін»
 
Малы аркуш, прысвечаны ўсталяванню дыпламатычных адносін між Беларуссю і Кітаем.

Адносіны Беларусі і Кітая характарызуюцца тэрмінам «стратэгічнае партнёрства», які абазначае высокі ўзровень супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў. КНР з’яўляецца асноўным палітычным і гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі ў Азіі.

Дыпламатычныя дачыненні дзяржавы ўстанавілі 20 студзеня 1992. У гэтым жа годзе адкрыта пасольства КНР у Беларусі, у наступным годзе — пасольства Беларусі ў КНР.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведваў Кітай у 1995, 1997, 2001 і 2005. Візіты ў Беларусь нанеслі старшыня КНР Ху Цзіньтаа (2000), старшыня Дзяржсавета Вэнь Цзябаа (2007), Лі Пэн (у 1995 у якасці старшыні Дзяржсавета і ў 2000 у якасці старшыні Пастаяннага камітэта УСНП), намеснік старшыні КНР Сі Цзіньпін (2010), віцэ-прэм’еры Дзяржсавета (1996 і 1997).

З 1992 ў складзе Кітайскага народнага таварыства дружбы з замежжам існуе Таварыства кітайска-беларускай дружбы [6].

Адміністрацыйны падзел

правіць

Кантынентальны Кітай складаецца з 31 адміністрацыйная адзінкі: 22 правінцый (і разглядае Тайвань у якасці 23-й правінцыі), 5 аўтаномных раёнаў (кожны прызначаны для пэўнай нацыянальнай меншасці), 4 гарадоў цэнтральнага падпарадкавання. Таксама Кітаю належыць дэ-факта незалежны Тайвань і 2 спецыялізаваных адміністрацыйных раёны, што маюць максімальную самастойнасць (Ганконг і Макаа). Кітайская Народная Рэспубліка лічыць Тайвань сваёй 23-й правінцыяй, тым часам як Кітайская Рэспубліка лічыць сваім увесь мацерыковы Кітай.

Для зручнасці эканамічнага планавання і збору статыстыкі правінцыі і раёны Кітайскай Народнай Рэспублікі групуюцца ў 6 рэгіёнаў: Паўночны Кітай, Паўночна-Усходні Кітай, Усходні Кітай, Паўднёвы Цэнтральны Кітай, Паўночна-Усходні і Паўднёва-Усходні Кітай.

Насельніцтва

правіць
 
Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Да апошняй чвэрці ХХ ст. аграрны характар эканомікі, традыцыйная шматдзетнасць сем’яў садзейнічалі вельмі высокай нараджальнасці (35—40 ‰). Але да сярэдзіны ХХ ст. смяротнасць была высокай (25—30 ‰) а працягласць жыцця — нізкай, таму экстрэмальна хуткага росту насельніцтва не адбывалася. Пасля Другой сусветнай вайны смяротнасць скарацілася, і тэмпы росту насельніцтва рэзка ўзраслі. Колькасць насельніцтва ў краіне стала хутка павялічвацца. Нават 40 мільёнаў ахвяраў голаду падчас Вялікага скачка не паўплывалі на тэндэнцыю. З 70-х гг. ХХ ст. дзяржава праводзіць дэмаграфічную палітыку, накіраваную на зніжэнне нараджальнасці. Галоўным чынам, гэта эканамічнае стымуляванне планавання сям’і (ільготы для сем’яў з адным дзіцём). У выніку дэмаграфічнай палітыкі пад канец ХХ ст. нараджальнасць знізілася да 13 ‰. Пры смяротнасці ў 6—7 ‰ гэта забяспечыла натуральны прырост насельніцтва ў 6 ‰. У другой палове 2010-х натуральны прырост складае каля 4 ‰. Насельніцтва Кітая хутка старэе, таму з другой паловы 2020-х яго колькасць пачне імкліва скарачацца. Міграцыйны прырост слабаадмоўны (-0,4 ‰). Сярэдняя працягласць жыцця роўная амаль 76 гадам.[7]. У Кітаі пераважаюць мужчыны (51 %).

Каля паловы насельніцтва знаходзіцца ў працаздольным узросце. Кітай валодае самай вялікай у свеце колькасцю працоўных рэсурсаў, значная частка якіх занята ў сельскай гаспадарцы (каля 29 % у 2016 годзе).[7] Лішак рабочай сілы ў краіне садзейнічае шматлікім унутраным і знешнім міграцыям. Агульная колькасць эмігрантаў з Кітая ў розных краінах і рэгіёнах свету — 50 млн чалавек. Сярод іх пераважае танная працоўная сіла, але ёсць і высокакваліфікаваныя спецыялісты і вучоныя. Асноўная частка мігрантаў сканцэнтравана ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі; шмат кітайцаў у ЗША і Расіі.

У этнічнай структуры пераважаюць кітайцы або ханьцы (92 %). Яны сканцэнтраваны ва ўсходняй частцы краіны. На астатняй тэрыторыі пражываюць шматлікія некітайскія этнасы, у значнай ступені «разбаўленыя» кітайцамі; самыя значныя з якіх — чжуаны, тыбетцы, уйгуры, манголы — маюць свае аўтаномныя раёны. Адбываецца паступовая кітаізацыя ўскраін: так ва ўйгурскай сталіцы Урумчы доля тытульнага этнасу складае 12,5 %, ханьцаў — 75 %.

 
Шанхай

Размяшчэнне насельніцтва надзвычай нераўнамернае. Сярэдняя яго шчыльнасць складае каля 140 чал./км², але на поўдні Вялікай Кітайскай раўніны ўзрастае да 400—650, а ў Тыбеце — зніжаецца да 1,5 чал./км². Паскоранае эканамічнае развіццё прадвызначыла хуткую ўрбанізацыю Кітая — доля гарадскога насельніцтва набліжаецца да 60 %. Найбольш урбанізаванымі з’яўляюцца прамыслова-развітыя правінцыі Паўночна-Усходняга Кітая. Больш за 90 % гарадоў сканцэнтравана на ўсходзе краіны. У КНР найбольшы ў свеце лік гарадоў-мільянераў, у якіх пражывае палова насельніцтва краіны. Кітай займае першае месца ў свеце па колькасці гараджан (чакаецца, што да 2030 іх кольскасць дасягне мільярда), ліку гарадоў-мільянераў (160 у 2015) і мегасіці — агламерацый з насельніцтвам больш за 10 млн. У лік сямі кітайскіх мегасіці уваходзяць Шанхай (25,8 млн.чал. у 2018), Пекін (19 млн), Цяньцзінь, Чунцын, Гуанчжоў, Шэньчжэнь і Ухань.

Гаспадарка

правіць
 
Раён Пудонг у Шанхаі — найбуйнейшым горадзе і адной з фінансавых сталіц Кітая

Пры Маа Цзэдуне гаспадарка цалкам адпавядала сацыялістычным ідэалам — была планавай і дзяржаўнай. Пачынаючы з 1978 ішло рэфармаванне кітайскай эканомікі ў бок рыначнай арыентацыі, але пад моцным дзяржаўным кантролем («дзяржаўны капіталізм»). На вёсцы зямля вярталася ў прыватную ўласнасць, у партовых гарадах ствараліся свабодныя эканамічныя зоны, што прыцягвалі інвестыцыі і фармавалі экспартны патэнцыял. Дзяржаўныя прадпрыемствы рэструктурызаваліся і перадаваліся прыватным уласнікам (дзяржава пакінула за сабой кантроль толькі над стратэгічнымі галінамі: энергетыкай, ваеннай прамысовасцю), нерэнтабельныя заводы зачыняліся. І праз 40 гадоў ад пачатку рэформаў, у 2018 годзе, у прыватным сектары стваралася 60 % ВУП, 90 % новых працоўных месцаў; было занята 80 % эканамічна актыўнага насельніцтва гарадоў.[8]

Дзякуючы пераходу ў бок рынку, з ранніх 1980-х па сённяшні дзень кітайскі ВУП расце ў сярэднім на 6 % штогод (а ў 2000—2010 — на 10,5 %!), што можна разглядаць як найхутчэйшыя ў свеце тэмпы. Штогадовы прырост кітайскага ВУП у 2010-х перавышае супольны прырост усёй Вялікай сямёркі. Валавы ўнутраны прадукт КНР склаў у 2018 12 трлн долараў па намінале (2-е месца ў свеце, пасля ЗША) і амаль 27 трлн долараў па парытэце пакупніцкай здольнасці (1-е месца ў свеце). У Кітаі па стане на 2018 пражывае 336 даляравых мільярдэраў і 3,5 мільёнаў мільянераў. Эканамічныя рэформы выцягнулі з галечы неверагодную народную масу: з 1990 па 2013 колькасць кітайцаў за рысай беднасці скарацілася з 765 да 25 мільёнаў.

У 2021 годзе валавы ўнутраны прадукт у Кітаі павялічыўся на 8,1 % ў параўнанні з папярэднім годам, пры гэтым сярэднія тэмпы росту за два гады склалі 5,1 %. Аб’ём эканомікі КНР склаў 114,4 трыльёна юаняў (звыш 18 трлн амерыканскіх долараў), і выйшаў на другое месца ў свеце. ВУП на душу насельніцтва склаў 80,97 тысячы юаняў (12,55 тысячы долараў), перавысіўшы сярэдні сусветны ўзровень ВУП на душу насельніцтва. Валавы нацыянальны даход склаў 113,3 трыльёна юаняў, павялічыўшыся ў параўнанні з 2020 на 7,9 %[9].

 
Цяньцзінь і Пекін, эканамічны раён Jing-Jin-Ji. Тут ствараецца 10 % кітайскага ВУП

Кітай — індустрыяльная краіна з магутнай прамысловасцю. Дзякуючы стабільна высокім тэмпам росту эканомікі, адносна нізкаму кошту і высокай кваліфікацыі працоўнай сілы пры высокай прадукцыйнасці, КНР з’яўляецца сёння адной з самых інвестыцыйна прывабных краін свету і найбуйнейшым вытворцам прамысловай прадукцыі. Сённяшні Кітай з’яўляецца «Сусветнай фабрыкай». Кітай актыўна ўключыўся у міжнародны гандаль і цяпер з’яўляецца адным з яго лідараў. Найбольш значныя сектары кітайскай эканомікі — гэта здабыўная прамысловасць, машынабудаванне (у т.л. аўтамабіле- і электроніка), чорная металургія, энергетыка (у т.л. зялёная), тэкстыльная і швейная прамысловасць, рознічны гандаль, банкаўскі сектар, тэлекамунікацыі, турызм, інтернет-гандаль. Ніхто ў свеце не выпускае больш электраэнергіі, аўтамабіляў (у тым ліку, электрамабіляў), электронікі, сталі, тканін і адзення, прадуктаў харчавання. У 2019 кітайскі рознічны гандаль па сваім аб’ёме пераўзыйдзе амерыканскі. Вытворчыя сілы Кітая сканцэнтраваны ў трох прыбярэжных раёнах: Дэльце Жамчужнай ракі на поўдні, дэльце Янцзы пасярэдзіне, і Jing-Jin-Ji (Пекін-Цяньцзінь) на поўначы.

У 2018 годзе даход ад электроннай апрацоўчай індустрыі дасягнуў 10,6 трлн юаняў (1,5 трлн долараў), павялічыўшыся на 9 %, а прыбытак ад распрацоўкі праграмнага забеспячэння — 6,3 трлн юаняў (910 млн долараў), з ростам на 14,2 %[10].

У 2018 Кітаю належалі 9 з 20 найбуйнейшых інтэрнет-кампаній свету. Аб’ём інтернет-пакупак на кітайскім рынку перавысіў 1 трлн даляраў. У тым жа годзе Кітай прыцягнуў 105 млрд $ інвестыцый у выглядзе венчурнага капіталу. Менавіта тут размяшчаюцца самыя дарагія стартапы свету (або юнікорны — стартапы коштам большыя за 1 млрд $), такія як ByteDance і Ant Financial, а таксама SenseTime and Face++ — найбуйнейшыя стартапы ў сферы штучнага інтэлекту.

 
Імклівы рост кітайскага душавога ВУП асабліва ўражвае ў параўнанні, 1990—2013

Імкліва растуць і душавыя паказчыкі. Знаходзячыся ў восьмым дзясятку краін па ВУП на душу насельніцтва (каля 20 000 ў 2019), Кітай, паводле класіфікацыі Сусветнага банку, адносіцца да дзяржаў з сярэднім прыбыткам. У 2010-я ў Кітаі сфарміравалася колькасна найвялікшая ў свеце праслойка сярэдняга класа. Чакаецца, што да 2025 да сярэдняга класа будзе належаць 600 млн жыхароў Кітая. Пры гэтым для краіны характэрныя эканамічныя кантрасты: гарады і прыбярэжныя раёны значна больш заможныя ў параўнанні з сельскімі і ўнутранымі раёнамі.

70 % энергетычнага балансу краіны прыходзіцца на каменны вугаль. На Кітай прыходзіцца палова сусветнай здабычы і спажывання гэтага не самага экалагічнага паліва. У 2013 годзе, абышоўшы ЗША, Кітай стаў найбуйнейшым імпарцёрам нафты ў свеце. Да 2020 года ў планах выйсці на ўзровень здабычы ў дыяпазоне ад 60 млрд да 100 млрд кубаметраў сланцавага газу штогод[11]. На рацэ Янцзы створаны каскад з наймагутнейшых ГЭС у свеце, будаўніцтва працягваецца. У 2018 Кітай меў 174 ГВт магутнасцяў сонечнай энергетыкі (40 % сусветнай) і найбуйнейшы ў свеце ветрапарк.

У 2017 ў Кітаі было выраблена 29 млн аўтамабіляў, што склала 30 % ад сусветнай вытворчасці. У 2018 Кітай выпусціў палову ўсіх новых электрамабіляў у свеце (BEV and PHEV). Кітайскія кампаніі — Huawei (найбуйнейшая кампанія ў галіне электронікі пасля Apple), Xiaomi, Oppo, Vivo, OnePlus — кантралююць 40 % сустветнага рынку смартфонаў. Кітай плануе давесці вытворчасць айчынных прамысловых робатаў да 100 000 у 2020 годзе.

У 2017 у сферы турызму было створана 11 % кітайскага ВУП (намінал) — 1,35 трлн даляраў. У сектары прама і ўскосна занята 28 млн чалавек. Найбольшае значэнне мае ўнутраны турызм (5 млрд паездак), у знешнім Кітай уваходзіць у сусветныя лідары.

З пачатку XXI ст. порт Чжоўшань у горадзе Нінба правінцыі Чжэцзян (Усходні Кітай) па грузаабароце заняў першае месца ў свеце[12].

Культура

правіць

Культура Кітая — адна з самых старажытных і самабытных ў свеце. Культура Кітая аказала вялікі ўплыў спачатку на развіццё культуры шматлікіх суседніх народаў, якія засялялі шырокія тэрыторыі найпозніх Манголіі, Тыбету, Індакітая, Карэі і Японіі.

Энергія «ці»

правіць

Кітайская філасофская канцэпцыя касмічнай ці, або энергіі (сілы), якая пранізае Сусвет, развілася ў эпохі Шан і Чжоу. Кітайцы вераць у тое, што ці спарадзіла космас і Зямлю і два пачаткі — «адмоўны» і «станоўчы» прынцыпы інь і ян, якія спарадзілі ў сваю чаргу ўсё астатняе («цемру рэчаў»). Кожнае фізічнае змяненне, тое, што адбываецца ў свеце, кітайцы лічаць вынікам дзеяння ці. Асаблівыя методыкі, прызначаныя для рэгулявання руху ці ў арганізме з мэтай агульнага аздараўлення і нават здабыцця паранармальных здольнасцей, называюцца цігун (літар. «Праца з ці»).

Фэншуй

правіць

Кітайская геамантыка, або фэншуй («вецер і вада») грунтуецца на ідэях касмічнай энергіі ці. Напрыклад, правільная планіроўка дома, размяшчэнне дзвярэй ўплывае на цыркулюючую ў памяшканні энергію ці і адпаведна на дабрабыт яго насельнікаў.

Каліграфія

правіць

Каліграфія вывела звычайнае кітайскае пісьмо на ўзровень мастацкай формы мастацтва і традыцыйна прыраўноўваецца да жывапісу і паэзіі, як метад самавыяўлення. Паколькі іерагліфічныя малюнкі абмежаваныя невялікай колькасцю чорт (ліній), індывідуальны стыль мастака вызначаюць іх таўшчыня, вугал выгібу і дынамізм, які надаецца малюнкам. Эксперты ацэньваюць збалансаванасць і прапарцыянальнасць ліній, кампазіцыйную пабудову іерогліфаў і іх цэласнасць і гарманічнасць.

Асноўныя элементы каліграфіі, якія кітайцы называюць «чатырма скарбамі веды» — гэта туш, камень (тушачніца), пэндзаль і папера.

Фарфор

правіць

Нягледзячы на тое што кераміка ў Кітаі вядомая спрадвеку, толькі ў бронзавым веку (1500—400 гг. да н. э.) кітайцы навучыліся атрымліваць асабліва трывалыя клеі і рабіць печы для высокатэмпературнага абпалу, якія дазволілі ім вырабляць больш трывалы, часам паліваны гліняны посуд. Сапраўдны ж фарфор з’явіўся толькі ў эпоху Суй. Больш тонкі, чым кераміка, сапраўдны фарфор роўны і паліраваны. Пры ўдары па парцалянавыя вырабы яно гучыць. Тонкі фарфор здаецца празрыстым.

Кунг-фу

правіць

Кітайскія баявыя мастацтва на захадзе звычайна асацыююцца з кунг-фу, або гун-фу. Гун-фу у перакладзе з кітайскага азначае «майстэрства» або «руплівая праца» і можа прымяняцца як пры апісанні дасягненняў змагара, так і каліграфа або піяніста.

Кітайская кухня

правіць

Рыс заўсёды меў вялікае значэнне для кітайцаў — і як асноўны харчовы прадукт, і як тэхнічная культура. Лічыцца, што традыцыя культывавання рысу ў Паўднёвым Кітаі зарадзілася каля 10000 гадоў да н. э., хоць метад будовы заліўных палёў, які патрабуе маштабных ірыгацыйных работ, дасягнуў дасканаласці па сканчэнні тысяч гадоў. Сёння рыс вырошчваецца ў Кітаі амаль паўсюдна. Кітайскі мал складае 35 % сусветнай прадукцыі.

Культурныя і гістарычныя помнікі Кітая

правіць

Вялікая Кітайская сцяна

правіць

Вялікая сцяна, або, як яе называюць кітайцы, Доўгая сцяна, працягнулася на 8851,8 км праз увесь Паўночны Кітай. З гэтага 6260 км сцены складаюцца з цаглянага мура, 2232,5 км — з натуральнага горнага масіва. Каля 360 км наогул з’яўляюцца не сцяной, а запоўненымі вадой равамі[13]. Збудаванне сцены пачалося ў IV—III ст. да н. э., калі асобныя кітайскія дзяржавы вымушаны былі ствараць абарончыя збудаванні ад набегаў качавых народаў Цэнтральнай Азіі.

Пасля аб’яднання Кітая пад уладай дынастыі Цынь ў 221 г. да н. э. імператар Шы Хуандзі загадаў злучыць шэраг абарончых ліній у адзіную сцяну. Пры наступнай дынастыі — Хань — будаўнічыя працы на Вялікай сцяне працягваліся і былі завершаны ў III ст. н. э. У цяперашні час у сваёй заходняй частцы Вялікая сцяна захоўвае першапачатковую форму, ва ўсходняй жа частцы моцна разбурана і месцамі ўяўляе толькі земляны вал. У захаваных частках сцяна мае шырыню каля 9 м і на вяршыні каля 6 м, вышыня сцяны дасягае 10 м. Прыкладна праз кожныя 200 м — чатырохвугольныя вартавыя вежы, а з вонкавага боку сцяны — высокія абарончыя зубцы з адтулінамі-амбразурамі. Верхняя плоскасць сцяны, замощенная плітамі, некалі ўяўляла сабой шырокую абароненую дарогу, па якой маглі хутка перасоўвацца воінскія часткі і абозы. У цяперашні час некаторыя ўчасткі гэтай плоскасці заасфальтаваныя і выкарыстоўваюцца як аўтамабільныя дарогі. Сцяна праходзіць галоўным чынам па гарыстым месцам, паўтараючы выгібы рэльефу і арганічна ўпісваючыся ў навакольны пейзаж.

Імператарскі палац

правіць

У самым цэнтры Пекіна знаходзіцца Імператарскі палац, вядомы таксама як Забаронены горад, бо на працягу 500 гадоў яго гісторыі тут мог жыць толькі імператар і яго сям’я, а прыдворныя, чыноўнікі і ўсе астатнія жылі за яго сценамі, і да 1925 простым смяротным ўваход сюды быў забаронены. Занесены ЮНЕСКА ў спіс сусветнай спадчыны чалавецтва ў 1987 годзе. Пабудаваны ў 1406—1420 г., рэзідэнцыя 24 кітайскіх імператараў. Агульная плошча ў 720 тыс. кв. м, у ім знаходзіцца 9999 пакояў. Ён акружаны сцяной даўжынёй 3400 м і ровам з вадой, якая называецца «Залатая вада». Комплекс падзелены на Унутраны палац і Знешні палац. Асноўныя памяшкання Зьнешняга палаца, дзе імператар выконваў свае дзяржаўныя функцыі — зала Вярхоўнай гармоніі, Поўнай гармоніі і Захавання гармоніі. Ва Унутраным палацы знаходзіліся жылыя памяшканні, дзе жылі, гулялі, пакланяліся Багам імператар, імператрыцы, наложніцы, прынцы і прынцэсы. Асноўныя памяшканні гэтай часткі Забароненага горада — залы Нябеснай чысціні, Аб’яднання і свету, Зямнога спакою. Тут жа знаходзяцца тры імператарскіх сады — даўгалецця, дабрыні і спакою і Імператарскі сад.

Маўзалей імператара Цынь Шы Хуандзі і «тэракотавая армія»

правіць

Горад Сіянь, правінцыя Шэньсі, уключаны ў спіс ЮНЕСКА ў 1987 годзе. Знаходзіцца за 35 км ад горада Сіяня, пабудаваны ў 221—210 гг. да н. э. для першага імператара аб’яднанага Кітая. На яго будаўніцтве былі занятыя 700 тыс. рабочых. У падземным палацы размяшчаецца больш за 400 пахаванняў, яго плошча — больш за 56,25 кв. км. Галоўнае экспанаты комплексу — тэракотавая армія, выпадкова выяўленая мясцовымі сялянамі ў 1974 годзе. У трох скляпеністых падземных камерах знаходзяцца ў агульнай складанасці фігуры каля 7400 салдат і коней і 90 ваенных калясніц — практычна ўся імператарская армія. Фігуры выкананыя ў поўны рост, іх вышыня 1,8 м, твар кожнага салдата унікальны.

Кітайскія вынаходкі

правіць

Друкаваныя кнігі, фарфор, шоўк, люстэркі, парасоны і папяровыя змеі — гэта толькі малая доля тых прадметаў нашай штодзённасці, якія былі вынайдзены кітайцамі і якімі людзі карыстаюцца і па гэты дзень ва ўсім свеце. Характэрна, што кітайцы распрацавалі тэхналогію вытворчасці фарфору за тысячу гадоў да еўрапейцаў. А два самых вядомых кітайскіх вынаходкі з’явіліся дзякуючы філасофіі. У пошуках эліксіра неўміручасці даоскія алхімікі выпадкова вывелі формулу пораху, а магнітны компас быў створаны на аснове інструмента, ужывальнага для геамантыі і фэншуй.

Кітайская астралогія

правіць

Кожны год асацыюецца з адным з 12 жывёл, якія маюць асаблівы сімвал і складнікаў паўтаральны астралагічны цыкл. Напярэдадні Новага года ў кітайцаў прынята казаць, напрыклад, аб прыходзе «года сабакі». У кітайскай астралогіі чалавеку, народжанаму пад знакам пэўнай жывёлы, прыпісваюцца асаблівасці, уласцівыя гэтай жывёле. У гонар Кітая быў названы астэроід (139) Жуйхуа, адкрыты 10 кастрычніка 1874 года канада-амерыканскім астраномам Джэймсам Уотсанам ў Пекіне. У перакладзе з кітайскай назву астэроіда азначае «Зорка шчасця Кітая».

Кнігадрукаванне

правіць

Вынаходніцтва рухомага шрыфта не аказала значнага ўплыву на кітайскае таварыства, і большасць друкароў працягвалі выкарыстоўваць ранейшыя формы. У Еўропе вынаходніцтва рухомага шрыфта зрабіла рэвалюцыю. Апераваць 30 друкаванымі формамі лацінскага алфавіту прасцей, чым 3000 і больш для іерогліфаў, якія выкарыстоўваюцца пры выпуску кітайскай газеты. Выкананне адбіткаў іерогліфаў на адной друкаванай форме патрабуе нашмат больш высілкаў і выдаткаў.

Іерогліфы

правіць

Кітайскія іерогліфы могуць складацца з піктаграфічных, ідэаграфічных і фанетычных элементаў. Радыкал (або ключ) — элемент, які пішацца злева ці наверсе іерогліфа, — ключ да закладзенага ў ім сэнсе. Ключы могуць быць як фанетычнымі элементамі, так і сэнсавымі. Напрыклад, у іерогліфе 吗 (ма), які абазначае пытальную часціцу агульнага пытання, іерогліф 马 (ма, «конь»), з’яўляецца фанетыкам. Таксама ў іерогліфе 好, якая пазначае «добра» і прамаўляюць як «hǎo»[14], радыкал «жанчына» 女 спалучаецца з іншым сэнсавым элементам «дзіця» 子. Ідэя іерогліфа, такім чынам, заключаецца ў тым, што «жанчына» і «дзіця» ў сям’і — гэта добра, на шчасце. З нядаўняга часу кітайцы перайшлі на спрошчаныя іерогліфы, што прыкметна палегчыла навучанне кітайскай мовы.

Навука

правіць

Кітайская акадэмія навук (КАН) займаецца развіццём матэматыкі, фізікі, хіміі, медыцыны, навук аб зямлі, інфармацыйнымі тэхналогіямі, біятэхналогіямі і інш. Кітайская інжынерная акадэмія (КІА) займаецца машынабудаваннем, металургіяй, будаўніцтвам, сельскай гаспадаркай, лёгкай і цяжкай прамысловасцю, транспартам. Кітайская акадэмія грамадскіх навук (КАГН) адпаведна сканцэнтравана на эканоміцы, гісторыі, філасофіі, праве, міжнародных адносінах, сацыялогіі. Чакаецца, што ў 2013 годзе па колькасці запатэнтаваных вынаходстваў, індэксах цытуемасці і ліку публікацый Кітай абміне Японію, выйшаўшы на другое месца ў свеце пасля ЗША[15].

Кітай валодае адной з найстарэйшых спартыўных культур у свеце. Існуюць сведчанні аб тым, што ў Кітаі яшчэ ў старажытныя часы гулялі ў нейкую гульню з скураным мячом, накшталт сучаснага футбола. Акрамя футбола, самымі папулярнымі спартыўнымі спаборніцтвамі ў краіне з’яўляюцца ваенныя мастацтвы, кулявая стральба, настольны тэніс, спартыўная гімнастыка і скачкі на батуце, цяжкая атлетыка, бадмінтон, лёгкая атлетыка, плаванне, шорт трэк, фігурнае катанне, канькабежны спорт, баскетбол і більярд. Фізічная падрыхтоўка шырока распаўсюджаная ў кітайскай культуры. Найбуйнейшы выдавец спартыўнай літаратуры ў краіне China Sports Publications Corporation выпускае мноства спартыўных кніг, газет і часопісаў. Замест СССР КНР стала новай сусветнай спартыўнай дзяржавай, якая практычна на роўных змагаецца з ЗША за медалі на Алімпіядах і чэмпіянатах свету па шэрагу відаў спорту. Летнія Алімпійскія гульні 2008 года праводзіліся таксама ў Кітаі — у Пекіне. КНР на іх атрымала пераканаўчую перамогу ў неафіцыйным агульнакамандным заліку. Пекін быў абраны асноўным горадам Алімпіяды рашэннем журы Міжнароднага алімпійскага камітэта 13 ліпеня 2001 года. Афіцыйны лагатып летніх Алімпійскіх гульняў 2008 года — «Танцуючы Пекін». Талісманы — пяць цацак Фува, кожная з якіх ўвасабляла колер алімпійскіх кольцаў. Слоган Алімпіяды — «Адзін свет, адна мара». Спартсмены спаборнічалі ў 28 відах спорту. З 2004 года ў Шанхаі на трасе «Шанхай Інтэрнэшнл» праводзіцца гонка «Гран-пры Кітая» у класе «Формула-1».

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. Афіцыйны лічыльнік насельніцтва (англ.)
  2. https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/02/weodata/weorept.aspx?sy=2016&ey=2023&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=%2C&br=1&pr1.x=73&pr1.y=2&c=924&s=NGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
  3. а б https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/asia
  4. Unconventional gas systems in China(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 лістапада 2013. Праверана 23 студзеня 2015.
  5. zviazda.by
  6. У Сяоцю. Да 50-годдзя Кітайскай народнай рэспублікі: Дынамічнае развіццё кітайска-беларускіх адносін Архівавана 25 жніўня 2011.// Інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі». № 9-10 1999
  7. а б https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ch.html Архівавана 28 сакавіка 2019.
  8. http://www.ecns.cn/news/2018-11-05/detail-ifyzmsck5342618.shtml
  9. zviazda.by
  10. zviazda.by
  11. Газовые амбиции Китая, Коммерсантъ, 19 марта 2012 г.
  12. Весткі з Кітая — zviazda.by
  13. Великая Китайская стена оказалась почти на 3 000 км длиннее
  14. U+597D в Unihan database
  15. Китай и мировая наука. Между Конфуцием и высокими технологиями — МГИМО-Университет Архівавана 21 лютага 2014.

Літаратура

правіць
  • Кітай // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 297—310. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
  • Геаграфія мацерыкоў і краін: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / Н. У. Навуменка, М. Л. Страха; пад рэд. Н. У. Навуменка; пер. з рус. мовы М. Л. Страхі. — 2-е выд., перапрац. — Мінск: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1594-6.