Пратэсты на плошчы Цяньаньмэнь (1989)
Пратэсты на плошчы Цяньаньмэнь — серыя акцый пратэсту на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне, якія працягваліся з 15 красавіка па 4 чэрвеня 1989 года, галоўнымі ўдзельнікамі былі студэнты. 4 чэрвеня пратэстоўцы былі разагнаны з прымяненнем танкаў, у выніку чаго загінула па розных дадзеных ад 200 да 1000 чалавек[1].
Ход падзей
правіцьУвесну 1989 года на плошчы Цяньаньмэнь, якая была звычайным месцам масавых пратэстаў, сабраліся разам людзі розных поглядаў, якіх яднала незадаволенасць рэформамі, што праводзіліся ўрадам Дэн Сяапіна. Студэнты, натхнёныя гарбачоўскай перабудовай у СССР, патрабавалі ад уладаў не толькі эканамічных пераўтварэнняў, але і галоснасці з дэмакратызацыяй. Бо Камуністычная партыя Кітая па-ранейшаму захоўвала манапольную ўладу. Рабочыя, па дабрабыце якіх ударылі эканамічныя пераўтварэнні, хацелі вярнуць парадак, які быў пры Мао Цзэдуне. Яшчэ частку людзей вывела на плошчу абурэнне маштабамі карупцыі ў галінах улады. «Далоў прадажных чыноўнікаў!» — такі быў адзін з галоўных лозунгаў плошчы Цяньаньмэнь[2].
Пратэсты пачаліся 15 красавіка і не спыняліся, нягледзячы на заклікі ўлады разыходзіцца. За 4 дні студэнтамі Акадэміі мастацтваў Пекіна з пенапласту, пап’е-машэ і металічнай арматуры была створана і ўсталяваная на плошчы дзесяцімятровая статуя «Багіня дэмакратыі».
Праз месяц пасля пачатку пратэстаў у Пекіне ўвялі надзвычайнае становішча. Падобныя плошчы ўзніклі ў Шанхаі, іншых буйных гарадах. Тады было вырашана разагнаць пратэстоўцаў сілай.
Аперацыя пачалася 3 чэрвеня. Але амаль цэлыя суткі войска не магло дайсці да плошчы: людзі спынялі танкі і бронетранспарцёры і нават спалілі больш за дзясятак баявых машын. Салдаты з брані пачалі страляць у натоўп. Параненых у шпіталь везлі веларыкшамі. Колькасць ахвяраў сярод пратэстоўцаў дагэтуль невядомая. Паводле афіцыйных звестак — 242 чалавекі, але называліся лічбы і ў 1000 і ў некалькі тысяч, бо бойня ішла не толькі на плошчы, але і на прылеглых вуліцах. Усіх удзельнікаў пратэстаў абвесцілі злачынцамі, арыштоўвалі і трымалі без суда. Сотні пратэстоўцаў уцяклі за мяжу.
Пасля падзей на плошчы Цяньаньмэнь Кітай цвёрда стаў на рэйкі эканамічных пераўтварэнняў без палітычнай лібералізацыі[2].