Хуанхэ
Хуанхэ (кіт. 黄河, Жоўтая рака) — рака на ўсходзе Кітая, адна з найбольшых рэк Азіі.
Хуанхэ 黄河 | |
Вышыня вытоку | 4500 м |
Вусце | Жоўтае мора |
Даўжыня | 4845 км |
Расход вады | 2571 м³/с |
Вадазбор | 752 км² |
Даўжыня 4845 км, плошча вадазбору 771 тыс. км² (паводле іншых звестак, адпаведна 4670 км і 745 тыс. км²)[1]. Пачынаецца на ўсходзе Тыбецкага нагор’я на вышыні больш за 4 тыс. м, цячэ праз азёры Арын-Нур і Джарын-Нур. Скразнымі цяснінамі прарывае адгор’і Куньлуня і Наньшаня, утварае парогі і вадаспады. У сярэднім цячэнні агінае плато Ордас, перасякае і размывае Лёсавае плато. Ніжэй, у глыбокіх цяснінах, прарываецца праз Шаньсійскія горы і на працягу 700 км цячэ па Вялікай Кітайскай раўніне. Велізарная колькасць глею засмечвае рэчышча. Запаўняючы ім рэчышча, рака пачынае «перавальвацца» праз яго край. Каб суняць разлівы, людзі падсыпаюць дамбы ўсё вышэй і вышэй, і паступова рэчышча аказваецца ўзнятым над навакольнай мясцовасцю. У рэшце рэшт рака рэзка прарывае дамбы, пракладвае новае рэчышча і знаходзіць новае вусце. За апошнія 100 гадоў Хуанхэ мяняла сваё рэчышча сем разоў. Упадае ў заліў Бахайвань Жоўтага мора, утварае дэльту. Адкладванне глею ў ніжнім цячэнні Жоўтай ракі ідзе з такой хуткасцю, што за гэты час яе дэльта высунулася ў мора на 20 км.
Асноўныя прытокі: Датунхэ, Фыньхэ, Цыньхэ (злева), Таахэ, Вэйхэ (самы буйны), Лахэ (справа).
Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2 тыс. м³/сек. Рэжым мусонны, летняя паводка з пад’ёмам узроўню на раўнінах на 4-5 м, у гарах — да 15-20 м. Выносіць штогод 1300 млн т наносаў. Вада мутная, жоўтая (адсюль назва). У ніжнім цячэнні ў выніку намнажэння наносаў рэчышча прыўзнята над раўнінай на 3-10 м.
Для аховы ад навадненняў Xуанхэ і яе прытокі абвалаваны дамбамі (даўж. каля 5 тыс. км). Нярэдка прарывае дамбы, перамяшчае рэчышча (да 800 км), учыняе катастрафічныя паводкі.
Выкарыстоўваецца для арашэння. ГЭС Люцзяся і Саньмынься. Злучана Вяпікім каналам з ракі Хуайхэ. Суднаходная на асобных участках (пераважна на Вялікай Кітайскай раўніне). Даліна Xуанхэ густа населена. На рацэ буйныя гарады: Ланьчжоў, Баатоў, Лаян, Чжэнчжоў, Кайфын, Цзінань.
Горад Дун’ін знаходзіцца ў дэльце вялікай ракі. У Дун’іне знаходзіцца Нацыянальны прыродны запаведнік дэльты ракі Хуанхэ агульнай плошчай 1530 км², ствараецца «горад на водна-балотных угоддзях»[2].
Зноскі
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні.
- ↑ Побач з Хуанхэ