Кыргызстан
Кыргызстан (кірг.: Кыргызстан), поўная назва Кыргызская Рэспубліка (кірг.: Кыргыз Республикасы, руск.: Кыргызская Республика) — дзяржава на паўночным усходзе Сярэдняй Азіі. Мяжуе на поўначы з Казахстанам, на захадзе з Узбекістанам, на поўдні з Таджыкістанам, на ўсходзе і паўднёвым усходзе з Кітаем. Сталіца — горад Бішкек. Дзяржаўная мова — кіргізская, мова міжнацыянальных зносін — руская. Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці (31 жніўня).
| |||||
Дэвіз: ««Алга Кыргызстан!»» | |||||
Гімн: «Кыргыз Республикасынын Мамлекеттик Гимни» | |||||
Дата незалежнасці | 31 жніўня 1991 года (ад СССР) | ||||
Афіцыйная мова | Кіргізская мова | ||||
Сталіца | Бішкек | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Бішкек, Ош, Джалал-Абад, Каракол, Такмак | ||||
Форма кіравання | Парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Прэм'ер-міністр |
Садыр Жапараў (в.а.) Акылбек Жапараў | ||||
Дзярж. рэлігія | Свецкая дзяржава | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
86-я ў свеце 201 500 км² 3,6 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2022) • Шчыльнасць |
▲7 000 300 чал. (110-я) 26 чал./км² | ||||
Валюта | Кыргызскі сом (KGS, код 417) | ||||
Інтэрнэт-дамен | .kg | ||||
Код ISO (Alpha-2) | KG | ||||
Код ISO (Alpha-3) | KGZ | ||||
Код МАК | KGZ | ||||
Тэлефонны код | +996 | ||||
Часавыя паясы | +6 UTC |
Дзяржаўны лад
правіцьДзяржаўны лад Кыргызскай Рэспублікі вызначаецца Канстытуцыяй, якая была прынятая 5 мая 1993 года. Ачольнік дзяржавы — прэзідэнт, абіраецца ўсенародным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Чарговыя выбары — у 2017. Аднапалатны парламент — Жагорку Кенэш, складаецца з 90 дэпутатаў, абіраных тэрмінам на пяць гадоў па партыйных спісах. Ачольнік урада — прэм’ер-міністр, прызначаецца прэзідэнтам па прадстаўленні парламента (дэпутатаў ад палітычнай партыі, што атрымала больш 50 адсоткаў мандатаў).
Геаграфія
правіцьКыргызстан размешчаны ў межах двух горных сістэм. Паўночна-ўсходняя яго частка (большая) ляжыць у межах Цянь-Шаня, паўднёва-заходняя — Паміра-Алая. Межы Кыргызстана праходзяць па горных хрыбтах і толькі на поўначы і паўднёвым захадзе — па падножжах гор і перадгорных раўнінах (Чуйская даліна, ускраіны Ферганскай даліны).
Уся тэрыторыя рэспублікі ляжыць вышэй 500 м над узроўнем мора; больш за 1/2 яе размяшчаецца на вышынях ад 1000 да 3000 м і прыкладна 1/3 — на вышынях ад 3000 да 4000 м. Горныя хрыбты займаюць каля 1/4 тэрыторыі і распасціраюцца паралельнымі ланцугамі пераважна ў шыротным кірунку. Галоўныя хрыбты Цянь-Шаня збліжаюцца на ўсходзе, у раёне Мерыдыянальнага хрыбта і ствараюць магутны горны вузел. На мяжы з Кітаем уздымаецца пік Перамогі (7439 м). Масіў Акшыйрак аддзяляе ад Цэнтральнага Цянь-Шаня Унутраны Цянь-Шань, апраўлены з поўдня хрыбтом Какшалтаў (пік Данкова, 5982 м), з поўначы — хрыбтамі Тэрскей-Алатау і Кіргізскім, з паўднёвага захаду — хрыбтом Ферганскім. Ва Унутраным Цянь-Шане — хрыбты з альпійскімі формамі рэльефу; падзеленыя далінамі і катлавінамі. На поўнач ад хрыбта Тэрскей-Алатау, паміж ім і хрыбтом Кунгей-Алатау, знаходзіцца Ісык-Кульская катлавіна з возерам Ісык-Куль.
Заходняя частка Кыргызстана размешчана ў межах Заходняга Цянь-Шаня. Важнейшыя араграфічныя элементы — Талаская даліна, хрыбты Таласкі Алатау і Чаткальскі. На паўднёвым захадзе ў межы Кыргызстана ўваходзяць паўночная, усходняя і паўднёвая ўскраіны Ферганскай катлавіны з перадгор’ямі і прылеглымі часткамі падгорных раўнін (адыры). На поўдні Кыргызстану належаць паўночны схіл Туркестанскага хрыбта, Алайскі хрыбет, Алайская даліна і паўночны схіл Заалайскага хрыбта (пік Леніна, 7134 м), які складае паўночную ўскраіну Паміра.
Рэкі належаць басейнам Аральскага мора (76,5 % плошчы Кыргызстана), Тарыма (12,4 %), Ісык-Куля (10,8 %) і Балхаша (0,3 %). Сярэдні гадавы сцёк ўсіх рэк 52 км³. Найбуйнейшая рака Кыргызстана — Нарын, якая, зліваючыся з ракой Карадар’я, утварае раку Сырдар’я. Галоўныя прытокі Нарына — Атбашы, Алабука, Кёкёмерэн, Карадар’і — Каракульджа, Ясы, Кугарт (сцякаюць з Ферганскага хрыбта), Тар, Куршаб (з Алайскага хрыбта). Буйная рака паўночнага Кыргызстана — Чу, паўночна-заходняга — Талас, крайняга поўдня — Кызылсу (цячэ па Алайскай даліне). З рэк, якія ўпадаюць у возера Ісык-Куль, больш значныя — Джэргалан і Цюп. Рэкі Сарыджаз, Узенгугуш, Аксай (на ўсходзе рэспублікі) адносяцца да басейна Тарыма. Толькі рака Каркара, якая бярэ пачатак з усходняй часткі Тэрскей-Алатау, належыць да сістэмы ракі Ілі. Рэкі, якія пачынаюцца ў высакагор’ях, маюць пераважна ледавіковае і снегавое жыўленне, разводдзе — гадовае. Невялікія рэкі, якія бяруць пачатак у больш нізкіх вышынных паясах, жывяцца грунтовымі водамі, а таксама талымі снежнымі і дажджавымі водамі. Рэкі маюць вялікае энергетычнае і ірыгацыйнае значэнне.
У Кыргызстане каля 3 тыс. азёр. Найбольш буйныя з іх размешчаныя ва ўпадзінах тэктанічнага паходжання — Ісык-Куль (адно з найвялікшых высакагорных азёр свету), Сонкёль, Чатыркёль. Тактагульскае вадасховішча.
Адміністрацыйны падзел
правіцьПалітычныя партыі
правіць- Ак-Жол (Народны рух) — Курманбек Бакіеў
- Соціал-Демократіалык Партіясы (Сацыял-Дэмакратычная партыя Кыргызстана (СДПК)) — Алмазбек Атамбаеў
- Ата-мэкен (Радзіма) — Амурбек Цекебаеў
- Коммуністер Партіясы (Партыя камуністаў Кыргызстана) — Ісхак Масаліеў
Эканоміка
правіцьУ 2004 сукупны ВУП дасягнуў толькі $2,4 млрд, гэта значыць $430 на душу насельніцтва. Кыргызстан — другая пасля Таджыкістана па беднасці краіна ў рэгіёне. Больш паловы насельніцтва занята сельскай гаспадаркай і жывёлагадоўляй.
На пачатак лютага 2005 кыргызская вонкавая дзяржаўная запазычанасць дасягнула $1,92 млрд. За 1990—1996 гады кыргызская эканоміка паменшылася амаль удвая, у асноўным з-за спынення прамысловых прадпрыемстваў на поўначы краіны. Прамысловасць забясьпечвае толькі чвэрць кыргызскага ВУП. На думку назіральнікаў, прамысловасць у аграрным Кыргызстане была створаная ў савецкі час штучна і ўжо наўрад ці можа быць адноўленая. Прыкладна 40 % прамысловай вытворчасці дае здабыча золата — адзіная галіна прамысловасці рэспублікі, якая актыўна развіваецца (у 2003 годзе Кыргызстан здабыў 22,5 т золата, заняўшы трэцяе месца ў СНД пасля Расіі і Узбекістана).
У Кыргызстане, па розных ацэнках, прыватызавана больш за 70 % дзяржпрадпрыемстваў. Большасць буйных прадпрыемстваў кантралявалася сваякамі першага прэзідэнта Акаева.
Кантрольныя пакеты холдынгаў энэргетычнага сектара Кыргызстана — ААТ «Электрычныя станцыі» і АООТ «Кыргызнефтегаз» — знаходзяцца ў дзяржуласнасці.
Сацыяльна-эканамічнае становішча
правіцьПаводле афіцыйных звестак, за рысай беднасці жывуць 44,4 % насельніцтва краіны.
Беспрацоўе, паводле афіцыйных звестак, — 73,4 тысячы чалавек (3,5 % эканамічна актыўнага насельніцтва)[1].
У сакавіку 2006 году сярэдні заробак складаў 3057 сомаў або 80 долараў ЗША[1].
Насельніцтва
правіцьНасельніцтва Кыргызстана — 5,05 млн чалавек (звесткі за 2006 год). Гэта значна больш, чым пражывала ў краіне ў 1959 (2,065 млн), 1970 (2,935 млн), 1979 (3,523 млн), 1989 (4,258) і 1999 (4,823) гадах. Да 1960-х гадоў насельніцтва рэспублікі хутка расло за кошт міграцыйнага і натуральнага прыроста, які быў асабліва значным у сельскіх кыргызаў, узбекаў і іншых сярэднеазіяцкіх народаў. Асноўнай крыніцай росту насельніцтва краіны пасля 1970-х гадоў стаў натуральны прырост, які паступова скарачаўся.
Ядро насельніцтва рэспублікі — 58,6 % (1995) — складаюць кыргызы. Кыргызы пражываюць на ўсёй тэрыторыі краіны і пераважаюць у большасці сельскіх раёнаў. Рускія складаюць 17,1 % насельніцтва, большасць з іх пражываюць у гарадах. Узбекі сканцэнтраваныя ў асноўным у Ошскай вобласці. З іншых значных этнічных груп варта згадаць дунган, украінцаў, немцаў, татараў, яўрэяў, казахаў, уйгур ды таджыкаў.
Кыргызы спачатку інтэнсіўна вярталіся ў краіну з суседніх Таджыкістана і КНР у першыя гады незалежнасці, але пасля 2000 году інтэнсіўна выяжджаюць за яе межы, у асноўным па эканамічных прычынах, у РФ і Казахстан.
Вялікая частка насельніцтва засяроджаная ў далінах — Чуйскай на мяжы з Казахстанам і Ферганскай на мяжы з Узбекістанам, — далінах рэк Нарын і Талас, а таксама ў Ісык-Кульскай катлавіне.
Дзяржаўныя святы
правіцьДата | Назва | Назва па-кыргызску | Зацемка |
---|---|---|---|
1 студзеня | Новы год | Жаңы жыл | ~ |
23 лютага | Дзень узброеных сіл | Жоокерлер күнү | ~ |
8 сакавіка | Міжнародны жаночы дзень | Аялдар күнү | ~ |
21 сакавіка | Наўруз | Нооруз | Нооруз майрамы |
24 сакавіка | Дзень народнай рэвалюцыі | Элдик революция күнү | ~ |
1 мая | Дзень рабочых | Ішчілер күнү | ~ |
5 мая | Дзень Канстытуцыі | Конституция күнү | ~ |
9 мая | Дзень Перамогі | Жеңиш күнү | ~ |
31 жніўня | Дзень Незалежнасці | Эгемендүлүүк күнү | ~ |
10 зульхіджа | Свята ахвяравання | Курман айт | Дата свята вызначаецца па месяцавым каляндары |
1 шаваля | Свята разгавення | Орозо айт | Дата свята вызначаецца па месяцавым каляндары |
Дачыненні з Беларуссю
правіцьДыпламатычныя дачыненні ўрады ўстанавілі 21 студзеня 1993 года[2].
Вядомыя асобы
правіцьГл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ а б В Киргизии средняя зарплата составляет 80 долларов
- ↑ Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Кыргызскай Рэспублікі Курманбека Бакіева// Афіцыйны інтэрнет-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 21 студзеня 2008
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).