Вайсковыя сябры, Таварыства вайсковых сяброў — таемнае рэвалюцыйнае аб'яднанне ў Літоўскім асобным корпусе (Гродзенская губерня) у 18251826.

Створана па ініцыятыве былога сябра таварыства філаматаў М. І. Рукевіча. Ставіла мэтай барацьбу за «вольнасць», «асвету сябе», «узаемную дапамогу» і «агульныя выгоды». Ідэйныя погляды «Ваенных сяброў» набліжаліся да Статуту Паўночнага таварыства дзекабрыстаў. Сябрамі таварыства былі вайскоўцы, прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі, навучэнцы гімназіі, дзяржаўныя службоўцы. Таварыства падзялялася на 3 ступені.

У першую («вышэйшую») кіраўнічы цэнтр (камітэт) — уваходзілі падпаручнік Гофман (адзін з заснавальнікаў і старшыня), Рукевіч, капітан К. Г. Ігельстром, паручык А. І. Вегелін, разжалаваны са службоўцаў 12-га класа ў радавыя А. Угрычыч-Трэбінскі, падпаручык Пятроўскі. У другую ступень — так званае «таварыства згоды» — уваходзілі Угрычыч-Требінскі (кіраўнік), канцылярыст Беластоцкага суда Л. Вронскі, службовец Беластоцкага дваранскага сходу А. Грынявіцкі, настаўнік гімназіі Ф. Ардынскі, шляхціц Я. Высоцкі. У трэцюю ступень — былое ревалюцыйнае таварыства навучэнцаў Беластоцкай гімназіі «Зарыне» (створана ў 1820) — уваходзілі Вронскі (кіраўнік), вучні Беластоцкай гімназіі Ф. Баркоўскі, К. Ардынскі, А. Яневіч.

Паводле статута сябры таварыства павінны былі рабіць унёскі («складкі»), выконваць строгую канспірацыю, выконваць патрабаванні маральных «Меркаванняў»: адвучацца ад шкодных звычак, не марнаваць час на бескарысныя заняткі, добра працаваць (вучыцца). Усе ступені мелі бібліятэкі.

Таварыства знаходзілася яшчэ на стадыі фарміравання, калі для выступу было вырашана выкарыстоўваць міжцарства пасля раптоўнай смерці Аляксандра I. Магчыма, штуршком да выступу паслужылі падзеі ў Пецярбургу 26 снежня. 31 снежня 1825 — 3 студзеня 1826 камітэт правёў нараду па падрыхтоўцы паўстання. Сябры таварыства пачалі агітаваць салдатаў і афіцэраў палкоў, раскватараваных пад Гродна не даваць прызначаную на 5 студзеня прысягу Мікалаю I. За спробу сарваць гэту прысягу шматлікія сябры таварыства былі арыштаваны.

Следчая камісія ў Беластоку дапытала і сясцёр Рукевіча — Карнелію і Ксаверыю. Яны не толькі ведалі пра існаванне тайнага таварыства, але і прымалі ўдзел у некаторых яго паседжаннях. Сёстры Рукевіч зрабілі вялікую паслугу арганізацыі. Калі Ігельстрома арыштавалі, яго слуга Павел Паршнёў прывёз Ксаверыі зялёны куфэрак з паперамі. Тое, што гэтыя дакументы не трапілі ў рукі следства, дапамагло «ваенным удзельнікам» прадставіць сябе ўдзельнікамі асветніцкай арганізацыі. I таму прысуды Беластоцкага ваеннага суда былі больш мяккімі ў параўнанні з прысудамі Пецярбургскага следчага камітэта. Па царскай канфірмацыі «сясцёр шляхціца Рукевіча Ксаверыю і Карнелію замест вызначанай ім Яго Высокасцю карай трымаць у кляштары: Ксаверыю адзін год, а Карнелію — шэсць месяцаў». Яны сядзелі ў гродзенскім брыгіцкім кляштары.

Да катаржных прац у Сібіры на 10 гадоў былі прысуджаны Рукевіч, Вегелін, Ігельстром, на 5 гадоў — Грынявіцкі, Вронскі, Высоцкі, браты Ардынскія. У арыштанцкіх ротах Бабруйскай крэпасці адбывалі пакаранне Гофман, Пятроўскі, Угліч-Трэбінскі, Баркоўскі, Яневіч і інш.

Літаратура

правіць

Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., [12] л. ил.: ил.