Літоўскі асобны корпус

Літоўскі асобны корпус — воінскае фарміраванне Рускай імператарскай арміі, створанае імператарам Аляксандрам I 1 ліпеня 1817 года на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага.

Ілюстрацыя да артыкула «Литовский отдельный корпус» і інш. Ваенная энцыклапедыя Сыціна (Санкт-Пецярбург, 1911—1915)

Гісторыя

правіць

Корпус утвораны падчас ліберальнай палітыкі расійскіх улад пасля сканчэння войнаў з Напалеонам як жэст добрай волі да мясцовага насельніцтва, частка якога дагэтуль прагнула адраджэння Вялікага Княства Літоўскага. Створаная адзінка падпарадкоўвалася вялікаму князю Канстанціну[ru]. На аглядах палкі корпуса шыхтаваліся побач з палкамі арміі Каралеўства Польскага.

Корпус быў раскватэраваны ў Гродзенскай, Мінскай і Валынскай губернях, рэкрутаванне праводзілася з Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Беластоцкай, Валынскай і Падольскай. У корпус уваходзілі таксама былыя ваяры войска Вялікага Княства Літоўскага і Княства Варшаўскага, што ў 1812 годзе ваявалі на баку Напалеона.

У 1826 годзе асабісты склад сапёрнага батальёну, дыслацыраванага ў Бранску, падтрымаў дзекабрыстаў і адмовіўся даваць прысягу імператару Мікалаю І, за што, пасля задушэння паўстання, афіцэры былі прыгавораны да смяротнага пакарання (потым заменена на ссылку ў Сібір).

Падчас праўлення Мікалая корпус быў падвергнуты інтэнсіўнай русіфікацыі. У 1827 годзе камандзірам корпусу быў прызначаны генерал ад інфантэрыі Рыгор Разэн[ru]. У 1829 годзе перайменаваны на VI-ы армейскі корпус. У снежні 1830 года ў палкі Літоўскай грэнадзёрскай брыгады быў прызначаны новы камандзір (генерал-маёр М. М. Мураўёў), а таксама 24 афіцэры, якія раней служылі ў частках гвардзейскага карпуса. У студзені — лютым 1831 года каля 400 афіцэраў, якіх падазравалі ў сімпатыях да паўсталых, былі пераведзены ў іншыя падраздзяленні расійскай арміі. У асноўным перавод ажыццяўляўся ў IV пяхотны корпус (штаб-кватэра ў Маскве).

Агулам у складзе корпуса на пачатак 1831 года лічылася 1432 афіцэры. Агулам афіцэрскі склад фарміравання быў зменены прыкладна на 30 %. Тым самым часам змены не закранулі шараговы склад.

У часы паўстання 1830—1831 гадоў палякі разгледжвалі прапановы перацягнуць салдат корпуса на бок інсургентаў. Таксама, А. Хржаноўскі прапаноўваў ажыццявіць неадкладнае ўварванне польскай арміі ў Гродзенскую губерню каб разграміць гэтае фарміраванне, пры гэтым сімпатыі афіцэрскай часткі корпуса да паўстанцаў дазвалялі спадзявацца на лёгкую перамогу і раззбраенне жаўнераў. Але польскі штаб паўстання адмовіўся ад гэтых ідэй у спадзяванні на атрыманне незалежнасці ад Расійскай Імперыі мірным шляхам. Тым не менш польскі бок рабіў пэўныя крокі па прыцягненні на свой бок вайскоўцаў Літоўскага корпуса. Перад пачаткам паўстання змоўшчыкі накіроўвалі эмісараў у заходнія губерні імперыі каб прыцягнуць насельніцтва гэтага рэгіёна на свой бок. Адзін з іх, Завіша-Чарны, быў накіраваны ў Брэст-Літоўскі, дзе павінен быў правесці перамовы з афіцэрамі корпуса. Галоўнакамандуючы Дзейнай расійскай арміяй, накіраванай для падаўлення паўстання, І. Дзібіч у лісце да імператара скардзіўся, што палякі распаўсюджваюць сярод салдат і афіцэраў корпуса пракламацыі з заклікам пераходзіць на бок паўстанцаў.

Расійскія ўлады ў сваю чаргу не расцэньвалі Літоўскі корпус як надзейную частку расійскай арміі ў супрацьстаянні з палякамі, аднак адмова ад яго выкарыстання азначала адхіленне самой магчымасці хуткага падаўлення паўстання. У выніку літоўскія ваяры былі накіраваны на задушэнне паўстання.

У перыяд с 25 студзеня па 14 лютага фарміраванне прымала ўдзел у асноўных бітвах таго перыяду — пад Ваўрам[pl], Грохавам[pl] і Іганямі[pl]. Пры гэтым на часці корпуса лёг асноўны цяжар усіх бітваў. З пачатку ваенных дзеянняў фарміраванне страціла забітымі, параненымі і зніклымі без вестак 3 генералаў, 32 штаб-афіцэры, 245 обер-афіцэраў і 7879 ніжніх чыноў. З іх больш за палову прыпала на Грохаўскую бітву.

Апроч памылак камандавання, на няўдалыя дзеянні паўплывала і тое, што ў VI корпусе і ў польскім войску выкарыстоўвалася адна і тая ж сігнальная сістэма. Калі падчас бітвы войскі корпуса атрымлівалі сігнал пра пачатак атакі, палякі давалі сігнал пра адступленне. Гэта зніжала эфектыўнасць кіравання часцямі і баявы дух салдат. Крамя таго, вайскоўцы корпуса мелі падобнае з польскімі войскамі абмундзіраванне.

У пачатку сакавіка расійскае камандванне распрацоўвала план па захопу Варшавы, корпусу была адведзена роля прыкрыцця руху арміі праз Віслу. Аднак баяздольнасць да пачатку правядзення аперацыі была нізкая: войска выматана баямі і пераходамі, а таксама раскідана на мясцовасці, дзе былі баявыя дзеянні, што перашкаджала рэквізіцыіі правіянту. План узяцця Варшавы быў скасаваны.

19 сакавіка VI корпус разгромлены польскай арміяй пад Вялікім Дубам[pl], агульныя страты дасягалі 5500 чалавек забітымі і параненымі. У параўнанні з пачаткам кампаніі па падаўленні паўстання, колькасць жаўнераў скарацілася амаль на 50 %, акрамя гэтага лютавала эпідэмія халеры. Корпус болей не быў здольны прымаць удзел у баях, у сувязі з чым прынятае рашэнне пра перадыслакацыю яго ў Брэст для рэарганізацыі і аховы камунікацый арміі.

За гэты перыяд страты былі часткова адноўлены: у шэрагі вярталіся ачунялыя, таксама былі пераведзены жаўнеры з расійскіх палкоў. У выніку корпус перастаў папаўняцца рэкрутамі з літоўскіх губерняў.

Калі ў маі 1831 года экспедыцыйны корпус польскіх войскаў на чале з Д. Хлапоўскім[pl] і Г. Дэмбінскім перайшлі мяжу для падняцця паўстання на Літве, VI корпус прымаў удзел у баях на Гродзеншчыне, Віленшчыне і ў Аўгустоўскім ваяводстве.

26 жніўня фарміраванне прымала ўдзел ва ўзяцці Варшавы, а 3 верасня ў канчатковым разбіцці войскаў паўстанцаў. На гэтым баявы шлях корпуса быў скончаны

Аднак не ўсе жаўнеры корпуса беспярэчна выконвалі загады расійскага камандвання. Шмат хто не падтрымліваў тое, што адбывалася і шукаў магчымасць дэзерціраваць і перайсці на бок інсургентаў. Зафіксавана тры асноўныя спосабы пераходу вайскоўцаў корпуса на бок праціўніка.

Па-першае гэта уцёкі з размяшчэння воінскай часці. Такія выпадкі мелі месца ў асноўным да студзеня-лютага 1831 года, калі корпус знаходзіўся на кватэрах. Так, у снежні 1830 года чатыры афіцэры, што служылі разам у адной роце Самагіцкага грэнадзёрскага палка, пакінулі распалажэнне і ўцяклі ў Каралеўства Польскае.

Па-другое, салдаты і афіцэры пераходзілі на бок паўстанцаў непасрэдна падчас бітвы. Падобны выпадак быў зафіксаваны ў бітве пры Грохаве. Па ўспамінах Н. Д. Неялова, беспарадак у войсках VI корпуса узмацняўся «бесперапыннымі пераметчыкамі», якія на вачах камандавання пераходзілі на бок праціўніка. Салдаты перабягалі як паасобку, так і арганізавана, у складзе невялікіх груп, захоўваючы поўную баяздольнасць.

Па-трэцяе, згода палонных салдат і афіцэраў уступіць у шэрагі польскай арміі. Гэтаму спрыяў разгром корпуса ў бітве пры Вялікім Дубе, калі значная частка вайскоўцаў трапіла ў палон. Паводле звестак расійскага камандавання, толькі ў 5-ы пяхотны полк польскага войска на службу паступіла 48 ваеннапалонных з VI корпуса.

Каб перапыніць гэтую тэндэнцыю расійскім камандваннем ужываліся меры запалохвання. Так, калі ў палон да расійскіх войскаў пачалі трапляць былыя жаўнеры корпусу, І. Дзібіч загадаў паказальна расстраляць некаторых з іх.

Асноўная частка перабеглых прымала ўдзел у баях на тэрыторыі Польшчы, аднак былі і тыя, хто ваяваў у паўстанцкіх атрадах у заходніх губернях. Напрыклад, юнкеры Віленскага пяхотнага палка В. Бенкен і Ю. Шаблоўскі ваявалі ў атрадзе генерала Д. Хлапоўскага. Паручнік Валынскага ўланскага палка В. Пятрынскі ўдзельнічаў у баях у Валынскай губерні пад кіраўніцтвам генерала Ю. Дзвярніцкага. Асобнай увагі варта дзейнасць прапаршчыка Мінскага пяхотнага палка В. Хлапіцкага, які даводзіўся пляменнікам генералу Ю. Хлапіцкаму. В. Хлапіцкі вёў актыўную агітацыю, заклікаў насельніцтва да падтрымкі паўстанцкага ўрада, а таксама збіраў інфармацыю пра дыслакацыю і перамяшчэнні расійскага войска. 14 студзеня 1831 года яго прысудзілі да катаржных работ у Табольскай губерні.

Некаторыя з дэзерціраў корпуса паспелі праявіць сябе ў шэрагах паўстанцкай арміі. Пэўна вядома, што трое вайскоўцаў — К. Ліпскі, Н. Орда, а таксама Ф. Бардскі — за баявыя заслугі ўзнагароджаны залатым крыжам Virtuti Militari.

Напэўна сярод інтэрніраваных у Прусіі паўстанцаў былі і перабежчыкі з корпуса.

У канцы 1831 года як праз частковую падтрымкі паўстання, так і праз значныя страты корпус быў ліквідаваны.

Склад корпуса

правіць

станам на 1825—1831 гады

  • Зводная гвардзейская і грэнадзёрская дывізія
    • Лейб-гвардыі пешая Першая брыгада
      • Лейб-гвардыі Літоўскі Яго вялікасці полк
      • Лейб-гвардыі Валынскі Яго вялікасці полк.
      • Лейб-гвардыі Польскі яго вялікасці грэнадзёрскі полк.
    • Лейб-гвардыі кавалерыйская Другая брыгада
      • Лейб-гвардыі цэсарэвіча Канстанціна Паўлавіча ўланскі полк.
      • Лейб-гвардыі Падольскі Яго вялікасці кірасірскі полк.
      • Лейб-гвардыі Гродзенскі Яго вялікасці гусарскі полк.
    • Літоўская грэнадзёрская брыгада
      • Самагіцкі грэнадзёрскі полк.
      • Луцкі грэнадзёрскі полк.
      • Нясвіжскі карабінерны полк.
  • 24 Пяхотная дывізія
    • Брэсцкі пяхотны полк.
    • Беластоцкі пяхотны полк.
    • Літоўскі пяхотны полк.
    • Віленскі пяхотны полк.
    • 47 стралковы полк.
  • 25 Пяхотная дывізія
    • Валынскі пяхотны полк
    • Мінскі пяхотны полк
    • Падольскі пяхотны полк
    • Жытомірскі пяхотны полк
    • 49 стралковы полк
    • 50 стралковы полк.
  • Літоўская ўланская дывізія
    • Польскі ўланскі полк
    • Татарскі ўланскі полк
    • Літоўскі ўланскі полк
    • Валынскі ўланскі полк.
  • Літоўская артылерыйская дывізія
    • 27 артылерыйская брыгада
    • 29 артылерыйская брыгада
    • Зводная гвардзейская і грэнадзёрская артылерыйская брыгада
      • Лейб-гвардыі батарэя № 3 коннай артылерыі
      • Лейб-гвардыі батарэя № 5 пешай артылерыі
      • Грэнадзёрская батарэя № 1
      • Лёгкая грэнадзёрская батарэя № 2.
  • Асобная абозная брыгада.
  • Літоўскі піянерскі батальён.

Літоўскі асобны корпус быў абмундзіраваны на ўзор польскай арміі. На штандарах — расійскі арол з Пагоняй на грудзях.

Прыборны колер у літоўскай пяхоты белы. Канты, каўнеры, закаўрашы, рабат у гвардыі жоўты.

Прыборны колер ва ўланскай дывізіі белы. Колер прыкладнога сукна па палках кармазінавы, белы, жоўты, блакітны. У артылерыстаў чорныя закаўрашы.

Артэфакты ў музеях і прыватных калекцыях

правіць

Масква:

  • праектны ківер афіцэра Беларускага гусарскага палка. Ківер чырвоны з галунамі па срэбры. У серыю не пайшоў.
  • Партрэт шэфа Беларускага гусарскага палка
  • Малюнкі пачатка 20 ст. аўтарства Віскаватава

Літаратура

правіць
  • Некрашэвіч П. А. Удзел асобнага літоўскага корпусу ў падаўленні паўстання 1830—1831 гг. // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. Вып. 9 / рэдкал.: У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.]. — Мн.: БДУ, 2014. — с. 85 — 94