Васіль Гарабурда
Васіль Анцутавіч Гарабурда (1-я палова XVI ст. — пасля 1586) — вялікалітоўскі друкар і выдавец.
Васіль Гарабурда | |
---|---|
Род дзейнасці | друкар, выдавец |
Дата нараджэння | не пазней за 1550 |
Дата смерці | не раней за 1586 |
Грамадзянства | |
Бацька | Арсеній |
Біяграфія
правіцьЗвесткі пра паходжанне Васіля Гарабурды супярэчлівыя. У пасляслоўі да свайго «Актоіха» (1582) ён запісаны «рабом божым Васілём Міхайлавічам Гарабурдам», таму большасць даследчыкаў лічаць яго сынам вялікага пісара літоўскага Міхайлы Гарабурды. Аднак, у тастаменце Міхайлы Гарабуды (1586) Васіль названы пляменнікам («сыноўцам»)[1]. У тастаменце ж Аляксандра Гарабурды (1570) названы «народжаны дзядзька» Міхайла Гарабурда і «браты» Пётр і Васіль Анцуцічы Гарабурды[2]. На думку Георгія Галенчанкі, Васіль быў сынам Анцуты Гарабурды, дробнага гаспадарскага баярына, уладальніка маёнтка Макрэц у Гарадзенскім павеце.
Бацька Васіля — Анцута, пастрыгся ў манахі пад імем Арсеній. Станам на 1562 год Арсеній быў інакам Полацкага Іаана-Прадцечанскага манастыра і, імаверна, яго настаяцелем, а 22.10.1562 года, з прадстаўлення полацкіх баяр і мяшчан, намінаваны Жыгімонтам Аўгустам у епіскапы полацкія. Магчыма, Арсеній быў фундатарам або апекуном Полацкай ананімнай друкарні, дзе сярод іншых мог працаваць і Васіль Гарабурда[3].
Пазней працаваў у Заблудаўскай друкарні Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, у актах уладзімірскага гродскага суда за 1570 год Васіль Гарабурда называецца «слугой друкарні гетмана Рыгора Хадкевіча»[4]. Князь Андрэй Курбскі згадваў, што князь Канстанцін-Васіль Астрожскі аддаваў перапісваць Васілю Гарабурдзе кнігі атрыманыя з Афону[5]. Потым арганізаваў друкарню ў Вільні. Васіль Гарабурда працягваў выдавецкія традыцыі Заблудаўскай друкарні, выдаваў кнігі на царкоўнаславянскай мове буйным фарматам, у 2 колеры. Раслінны арнамент заставак у кнігах нагадвае львоўска-маскоўскія ўзоры Івана Фёдарава.
У 1578 годзе «Базылиушъ Гарабурда дворанинъ его королевское милости», земянін гаспадарскі Гарадзенскага павету, згадваецца сярод сведкаў вяноўнага запісу ў Жыдомлі.[6]
У 1582 годзе у Віленскай друкарні Васіль Гарабурда выдаў «Актоіх» («Васьмігалоснік») з падпісаным пасляслоўем, на цяперашні час захавалася 35 асобнікаў гэтага выдання. Выхадныя звесткі «Актоіха» дадзены ў двух каляндарных стылях, як у некаторых віленскіх выданнях Францыска Скарыны. Друкарня Васіля Гарабурды перайшла да Мамонічаў, якія з 1583 года ўзнавілі выдавецкую дзейнасць. Магчыма, Васіль Гарабурда быў адным з тых друкароў Мамонічаў, якім гэта друкарня абавязана працяглай і плённай дзейнасцю.
Таксама дапускаюць, што каля 1580 года Васіль Гарабурда выдаў «Евангелле вучыцельнае» (блізкую копію заблудаўскага выдання 1569 года) і «Часаслоў». Такім чынам, фактычна, Васіль Гарабурда выдаў столькі ж кніг, што і Пётр Мсціславец.[7]
Зноскі
- ↑ ML 279, k. 373—374.
- ↑ Бобер І. М. Тастамент пана Аляксандра…
- ↑ Дзюбан Р. Друкарів захоплено… С. 41-42.
- ↑ Кравченко В. Актові книги… С. 135.
- ↑ Мицько І. Гарабурда Василь… С. 87.
- ↑ НГАБ, ф. 1755, воп 1, адз.з. 7. Паводле: Сліж Н. Вяноўныя запісы ў кнізе Гарадзенскага земскага суда за 1578—1579 гг. // Гарадзенскі палімпсест — 2009. Дзяржаўныя ўстановы і палітычнае жыццё. XVI—XX ст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Горадня, 7 лістапада 2009 г.) / Пад рэдакцыяй А. Ф. Смаленчука, Н. У. Сліж. — Белосток, 2009. 390 с., іл. 21. — С. 72.
- ↑ Анушкин А. На заре… С. 58, 60, 61.
Літаратура
правіць- Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве / А. Анушкин. — Вильнюс: Минтис, 1970. — 195, [1] с.
- Бобер І. М. Тастамент пана Аляксандра Сямёнавіча Гарабурды // Тастаменты шляхты і мяшчан Беларусі другой паловы ХVІ ст. (з актавых кніг Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі) / Уклад. А. Ф. Аляксандрава, В. У. Бабкова, І. М. Бобер. — Мінск: «Бел. Энц. імя П. Броўкі», 2012. — 670 с. + іл.
- Дзюбан Р. Друкарів захоплено в Полоцьку (до початків білоруського, українського та московського друкарства). Робоча гіпотеза. — Львів, 2013. — 64 с. : іл. — ISBN 978-966-397-180-3
- Кравченко В. Актові книги міста Володимира про першодрукря Івана Федорова та його соратників // Прогресивна суспільно-політична думка в боротьбі проти феодальної реакції та католицько-уніатської експансії на Україні. Тези республіканської науково-теоретичної конференції 20-22 квітня 1988 р. — Львів, 1988. — С. 135—138.
- Мицько І. Гарабурда Василь Михайлович // Острозька академія XVI—XVII ст. — Острог: Видавництво Національного університету «Острозька академія», 2011. — ISBN 966-95166-0-9 — Т.2. — С. 87.