Векавое дрэва дуб 1

Векавое дрэва дуб 1 — батанічны помнік прыроды мясцовага значэння ў горадзе Магілёве Магілёўскай вобласці Беларусі. Расце каля дому № 18 па вул. Пляханава, на тэрыторыі Магілёўскага РАУС[1][2]. Ахоўны статус нададзены ў 1982 годзе[3].

Векавое дрэва дуб 1
Катэгорыя МСАП — III (Помнік прыроды)
Размяшчэнне Беларусь, г. Магілёў, Магілёўскай вобласці
Дата заснавання 1982

Помнік прыроды прадстаўлены дубам чарэшчатым (Quercus robur L.). Высокаўзроставыя дубы (асабліва лімітавых класаў узросту) уяўляюць сабой старое пакаленне дрэвастояў, якое захавалася ў старадаўніх парках ці ад першабытных лясоў, і нясе ў сабе зрэз шматвяковай гісторыі. У наш час на тэрыторыі Беларусі сустракаюцца асобнымі экземплярамі[1].

Дыяметр ствала на вышыні 1,3 м — 124 см. Агульная вышыня — 19,8 м, вышыня да першага жывога сучка — 1,4 м, вышыня максімальнай шырыні кроны — 13 м. Радыус кроны ад 10,2 да 14 м[1]. Раней па табліцах ходу росту ўзрост дрэва вызначаўся як 300 гадоў, аднак дзякуючы адбору керна прыростным свідрам у 2015 годзе, было выяўлена, што ўзрост дрэва складае каля 150 гадоў.

Стан дуба характарызуецца як здаровы з прыкметамі паслаблення. Крона густая, лісце зялёнае з нязначным працэнтам усыхання асобных галін другога парадку і слабой заражанасцю лісця грыбом Microsphaera alphitoides Griff. et Maubl., якое выклікае захворванне, вядомае як «мучністая раса». На вышыні 4,5 м ствол падзяляецца на дзве вядучыя галіны. З усходняга боку на галіны другога парадку адзначаны пладовыя целы губы, частка галіны ўсохла. Ствол не пашкоджаны, з паўночнага боку адзначаны стары след ад удару маланкі[1]. З дапамогай тамографа была вызначана адсутнасць ствалавой гнілаты (2015).

Зноскі