Батанічныя помнікі прыроды Беларусі
(Пасля перасылкі з Батанічны помнік прыроды)
Батанічныя помнікі прыроды — аб'екты расліннасці і флоры, якія маюць навуковую, культурна-пазнавальную, гістарычную, эстэтычную каштоўнасць і ахоўваюцца дзяржавай. У Беларусі знаходзіцца каля 180 батанічных помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння:
- старадаўнія паркі — Бальценіцкі і Вердаміцкі, Вялікамажэйкаўскі (Шчучынскі раён), Гомельскі, Мірскі, Нясвіжскі, Радзівілімонтаўскі (Клецкі раён) і інш.;
- каштоўныя ўчасткі лесу — Барысаўскае лесанасаджэнне, Барэцкая (Івацэвіцкі раён), Вепрынская (Чэрыкаўскі раён) і Шолкавіцкая (Чарнейкаўская; Рэчыцкі раён) дубровы і інш.;
- насаджэнні інтрадукаваных дрэў і кустоў — Вінклераўскі (Нясвіжскі раён) і Ліноўскі (Пружанскі раён) хвойнікі, Моўчадскае насаджэнне лістоўніцы еўрапейскай (Баранавіцкі раён) і інш.;
- раслінныя згуртаванні на межах арэалаў, у месцах, аддаленых ад асноўнай вобласці свайго пашырэння, — Бёрдаўскае лесанасаджэнне (Клічаўскі раён), Добрушскія і Маларыцкія ельнікі і інш., a таксама з рэдкімі, рэліктавымі і тымі, якія знікаюць, відамі раслін — Вятчынскае месца росту рададэндрану жоўтага (Жыткавіцкі раён), Восаўскае і Церабежскае насаджэнні карэльскай бярозы (Івацэвіцкі раён) і інш.;
- дрэвы мясцовых парод (асабліва вылучаюцца ўзростам, памерамі, прыгажосцю ці звязаныя з гістарычнымі падзеямі) і унікальныя дрэвы-інтрадуцэнты (больш за 50).
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8