Велікодная кавалькада

Велікодная кавалькада (Язда з крыжом, Крыжэр’е, Остэррайтэн; в.-луж.: Křižerjo, Jutrowne jěchanje, ням.: Osterreiten) — велікодная конная працэсія — старажытны звычай лужыцкіх сербаў, якія жывуць у Саксоніі і Брандэнбургу. Абрад праводзіцца ў каталіцкай Верхняй Лужыцы, у раёне паміж гарадамі Баўтцэн, Хойерсверда і Каменц. З канца 1990-х гадоў традыцыя аднавілася і ў лютэранскай Ніжняй Лужыцы ў раёне горада Любенаў. Таксама праводзіцца ў Острыцы і ў манастыры Марыенталь.

Велікодная кавалькада. 2009. Старажытны звычай лужыцкіх сербаў.

У ходзе дадзенай рэлігійнай працэсіі мужчыны з харугвамі і іншымі рэлігійнымі атрыбутамі (крыжы, статуі) конна адпраўляюцца ў суседнюю вёску ці некалькі вёсак з весткай аб уваскрасенні Хрыста.

Гісторыя правіць

Упершыню аб велікодным конным шэсці было згадана ў 1541 годзе. Яно праходзіла між мястэчкам Віціхенаў і вёскай Ральбіц. Сваімі каранямі абрад ідзе ў дахрысціянскі час да старажытнай традыцыі мясцовага сялянскага насельніцтва ранняй вясной аб’язджаць вакол сваіх надзелаў зямлі, здзяйсняючы тым самым рытуал выгнання з палёў злых духаў зімы. Як і шмат якія іншыя абрады, гэты абрад з цягам часу набыў новае значэнне, але і ў пачатку XXI стагоддзя можна назіраць карціну, напрыклад, у раёне Остра, калі раніцай, яшчэ да пачатку традыцыйнага коннага шэсця, мясцовыя мужчыны паасобку на конях аб’язджаюць вакол сваіх палёў. Адначасова ў дарозе можа знаходзіцца некалькі працэсій. Колькасць удзельнікаў з цягам часу значна вагалася: так, у 1974 годзе ў шэсцях прымалі ўдзел 487 вершнікаў, а да 2007 года іх колькасць была ўжо каля 1700.

 

Парадак правядзення правіць

 

У велікодную нядзелю перад пачаткам шэсця ў царкве паселішча, у якім збіраюцца вершнікі, праводзіцца багаслужэнне, падчас якога яны атрымліваюць благаславенне, пасля чаго і адпраўляюцца ў дарогу. Мужчыны апранутыя ў чорныя фракі, на галавах цыліндры. Наперадзе працэссіі знаходзяцца вершнікі з харугвамі, статуямі Хрыста і крыжамі. Як правіла, арганізуецца сустрэчнае шэсце, таму адначасова магчыма назіраць некалькі працэсій. Маршруты працэсій, у кожную з каторых можа ўваходзіць да сотні вершнікаў, не павінны перасякацца, паколькі, паводле павер’я, гэта можа прынесці няшчасце.

Па дарозе вершнікі пяюць традыцыйныя велікодныя песні на лужыцкай, зрэдку на нямецкай ці лацінскай мовах. У кожным населеным пункце, які знаходзіцца на шляху, працэсія абавязкова пад’язджае да царквы, а калі яе няма, праязджае праз цэнтральную плошчу паселішча. Пасля прыбыцця ў пункт прызначэння вершнікі атрымліваюць велікодныя пачастункі. Перад ад’ездам працэсіі дамоў у царкве ці на могілках адбываецца багаслужэнне, у канцы якога святар благаслаўляе вершнікаў на зваротны шлях.

З 1983 года па завяршэнні велікодных святкаванняў у аўторак у царкве святой Кацярыны ў Ральбіцах адбываецца сучаснае ўрачыстае багаслужэнне ўсіх удзельнікаў коннай працэсіі.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  • Schorch, Marén: «Rituelle und symbolische Inszenierung von Zugehörigkeit. Das sorbische Osterreiten in der Oberlausitz», in: Herbert Willems (Hrsg.): Theatralisierung der Gesellschaft. Band 1: Soziologische Theorie und Zeitdiagnose, Wiesbaden: VS Verlag für Sozialwissenschaften, 2009, S. 331—354. (ням.)

Спасылкі правіць