Вусце (курганны могільнік)

Вусце — курганны могільнік каля вёскі Вусце Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Могільнік знаходзіцца за 1 км на поўдзень ад вёскі, у лесе, злева ад дарогі на в. Казяны.

Апісанне правіць

74 насыпы вышынёй ад 0,5 да 1,5 м, дыяметрам ад 5 да 12 м. Вядомы з канца XIX стагоддзя. У 1893 годзе 4 курганы раскапаў Ф. В. Пакроўскі, абследаваў у 1972 годзе М. М. Чарняўскі. У 1982 годзе В. І. Шадыра і Л. У. Дучыц раскапалі 9 насыпаў. Пахавальны абрад — трупаспаленне на гарызонце (4 насыпы), каля вяршыні (1 насып), трупапалажэнне на гарызонце (1 насып), 3 курганы былі пустыя. Знойдзены жалезная сякера, наканечнік кап’я, нажы, жалезныя і бронзавыя спражкі, бронзавыя бразготкі, бранзалет, ляпны і ганчарны посуд. Датуецца VII—XI стагоддзямі, належаў балта-славянскаму насельніцтву.

Літаратура правіць

  • Дучыц, Л. У. Курганны могільнік (в. Вусце) / Л. У. Дучыц, В. І. Шадыра // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. — С. 144.

Спасылкі правіць