Вяда

былая вёска Івацэвіцкага раёна

Вя́да — колішняя вёска на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна. Знаходзілася на заходнім беразе Вядскага возера (цяпер Бабровіцкае возера).

Вёска
Вяда
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
18 студзеня 1401
Вяда на карце Беларусі ±
Вяда (Беларусь)
Вяда
Вяда (Брэсцкая вобласць)
Вяда

Мясцовасць заселена са старажытнасці, паселішча каменнага веку выяўлена ў 1971 і даследавана ў 1989 годзе.

Вядома з 18 студзеня 1401 года як цэнтр воласці Вяда (districtu dicto Woda) сярод уладанняў князя Жыгімонта Кейстутавіча, гарантаваных яму прывілеем брата, вялікага князя Вітаўта, і пасля смерці таго[1]. Як цэнтр Вядскай воласці згадваецца і ў 1433 годзе[2]. Размяшчалася на адной пясчанай выспе з вёскай Тупічыцы (Тупіцы, Тупічы).

Да 1508 года Вяда разам з воласцю было часткай Слонімскага павета, у 1508 годзе воласць нададзена пінскаму князю Фёдару Іванавічу Яраславічу і ўвайшла ў склад Пінскага княства. У 1519—1520 годзе князь Фёдар Іванавіч у забеспячэнне пазыкі здаў Вядскую карчму і Вядскае возера ў арэнду Айзаку Езафовічу на 5 зім[3].

У 1522 годзе разам з Пінскім княствам Вяда перайшло каралеве Боне, княства стала паветам Троцкага, а з 1566 года Берасцейскага ваяводства.

З 1921 года ў складзе Польшчы. У міжваенны час Вяда і Тупічыцы належалі да ўніяцкай парафіі ў Бабровічах, дзе душпастырам быў а. Баляслаў Пачопка.

13 верасня 1942 года карнікі падчас аперацыі «Балотная ліхаманка» спалілі вёску і забілі ўсіх жыхароў — 86 двароў і 217 чалавек, таксама спалілі суседнія Тупічыцы — 43 двары і 143 жыхары. Пасля вайны вёскі не аднавілі.

У 1965 годзе пастаўлены абеліск — адзін на абедзве вёскі, у канцы 1990-х гадах грэка-каталікі паставілі крыж, у 2015 — новы абеліск.

Цяпер мясціны ў поўнай ізаляцыі, дабрацца сюды можна толькі праз Бабровіцкае возера, шлях праз балоты даступны толькі моцнай засухай. Месца вёскі на пясчаным пагорку і да цяперашняга часу амаль не зарасло.

У 2012—2013 гадах пра вёскі Вяда і Тупічыцы краязнаўцам Аляксеем Сліжом зняты 20-хвілінны відэанарыс «Вяда — 70 год забыцця» (апавядае бабровіцкі краязнавец Веніямін Бачкоўскі).

Зноскі

  1. Akta unji Polski z Litwą. 1385—1791. — Kraków, 1932. — S. 34-36, № 38.
  2. Вядская воласць уключала цэнтр і захад былога Целяханскага раёна. Суседзіла з Ліпскай (усход былога Целяханскага р-на і прылеглая частка Ганцавіцкага р-на (Раздзялавічы)), Бобрыцкай (усход Пінскага, поўдзень Ганцавіцкага, большая частка Лунінецкага (без паўночнай часткі), часткі Жыткавіцкага і Петрыкаўскага р-наў) і Здзітаўскай (значная частка Драгічынскага і Іванаўскага, паўднёвы ўсход Бярозаўскага, паўднёвы ўсход Івацэвіцкага (амаль да Івацэвіч) р-наў) валасцямі.
  3. ЛМ-4 (1522—1530), № 16. — С. 53.

Спасылкі

правіць