Вінту (саманазва: Wintu) — індзейскі народ у Каліфорніі (ЗША), паўночная галіна вінтун. Агульная колькасць у 2018 годзе — 2 700 чалавек[1].

Вінту
(Wintu)
Агульная колькасць 2700 (2018 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова вінту
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя вінтун

Да сярэдзіны XIX ст. вінту насялялі паўночную частку даліны ракі Сакрамента і навакольныя перадгор'і. Яны займаліся паляваннем, збіральніцтвам і сезонным рыбалоўствам, гандлявалі з суседзямі зброяй, рыбнай мукой, скурамі дзікіх жывёл і інш.

Паселішчы складаліся з 4 — 30 хацін, падобных да вікіяпаў, накрытых травянымі цыноўкамі. Насельніцтва аднаго паселішча фарміравала асобны род. На чале стаяў правадыр. Яго ўладу абмяжоўвала рада найбольш паважаных мужчын. Правадыр арганізоўваў сумесную працу, рэлігійныя рытуалы і святы. Ваенныя сутычкі адбываліся пераважна з-за права на паляванне і збор жалудоў у пэўнай мясцовасці. Забойствы маглі кампенсавацца матэрыяльнымі рэчамі.

Першыя кантакты з мексіканцамі і амерыканцамі пачаліся з 1820-х гадоў. Вінту моцна пацярпелі ад эпідэміі малярыі ў 1830-я галы. У 1846 годзе некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў гэтага народа загінулі падчас нападу амерыканскіх здабытчыкаў золата. У 1852—1866 гадах былі пераселены ў рэзервацыі.

У выніку асіміляцыі сучасныя вінту амаль страцілі родную мову, у жывых захаваўся толькі адзін яе носьбіт.

Зноскі

Спасылкі

правіць