Вінцэнт (Вінцэнты) Рэут, Вікенцій Уладзіслававіч Рэут, таксама вядомы як Газдава-Рэут (польск.: Wincenty Reutt Gozdawa; каля 1812 — пасля 1883) — фалькларыст, паэт і пісьменнік, прадстаўнік рамантызму.

Вінцэнт Рэут
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння каля 1812
Дата смерці не раней за 1883
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, фалькларыст, пісьменнік
Кірунак рамантызм

Біяграфія правіць

Род Рэутаў гербу «Газдава» вядомы ў Полацкім павеце з пачатку XVI ст. У 18271834 гг. В. Рэут служыў у Віцебскім губернскім упраўленні, затым у Дваранскім дэпутацкім сходзе. У 1830-х гадах меў добрае матэрыяльнае становішча, купіў маёнтак Мосар на 233 душы, у 18391842 гг. быў маршалкам шляхты Полацкага павета. Да 1860-х гадоў маёмасць страціў. Перад паўстаннем 1863—1864 гг. жыў у маёнтку Сасноўскіх Усвіцы паблізу Рукшаніц, часта наведваў маёнтак Камёнкаў Асінаўку[1]. Часам граў на аргане ў Рукшаніцкім касцёле, у т.л. патрыятычныя мелодыі[1]. Ездзіў па паветах і губернях, распаўсюджваў патрыятычную літаратуру, уладамі ацэньваўся як нелаяльны[1].

Пасля паўстання 1863—1864 гг. быў арыштаваны па справе Евы Камёнкі, абвінавачваўся ў нелаяльнасці і бунтарстве. Абвінавачванняў не прызнаў, паказваў, што ў час паўстання быў у Полацку і цяжка хварэў, паліцыя не здолела даказаць яго удзел. Хочучы спачатку адсудзіць В. Рэута да высылкі, затым да штрафу, урэшце, з-за адсутнасці ў яго грошай, вызвалілі пад нагляд паліцыі, пад якім ён заставаўся да 1869 г. Пры гэтым многія сваякі В. Рэўта ўдзельнічалі ў паўстанні.[1]

З перапіскі В. Рэута з І. Легатовічам стала вядома пра сустрэчы у 1839 г. беларускіх літаратараў у Санкт-Пецярбургу, Я. Баршчэўскага, Р. Падбярэскага і іншых, з Тарасам Шаўчэнкам.

Творчасць правіць

Літаратурнай дзейнасцю займаўся з 1840-х гадоў. Супрацоўнічаў з пецярбургскімі альманахамі «Rocznik Literacki» (рэдактар Р. Падбярэскі) і «Niezabudka» (рэдактар Я. Баршчэўскі), з віленскім альманахам «Rubon» (рэдактар К. Буйніцкі). Найбольш значны твор В. Рэута — вершаваная аповесць «Жонка», апублікавана ў 2-м томе «Rocznik Literacki» (1844).

Зноскі

  1. а б в г Кісялёў Г. В. Радаводнае дрэва… С. 85-103.

Літаратура правіць

  • Кісялёў Г. В. Радаводнае дрэва: К. Каліноўскі — эпоха — наступнікі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 301 с.
  • Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай. Беларуская польскамоўная паэзія XIX стагоддзя. — Мн., 1998.