Віцебскі краёвы слоўнік

Віцебскі краёвы слоўнік — лексікаграфічны звод дыялектнай лексікі Віцебскай акругі краязнаўца Мікалая Каспяровіча, выдадзены ў 1927 годзе ў друкарні віцебскай акруговай газеты «Заря Запада» пад рэдакцыяй Міколы Байкова і Браніслава Эпімах-Шыпілы.

Віцебскі краёвы слоўнік
Аўтар Мікалай Іванавіч Каспяровіч
Мова арыгінала беларуская
Выпуск 1927
Месца публікацыі Віцебск
«Віцебскі краёвы слоўнік» (1927)

Збіранне матэрыялаў для слоўніка М. Каспяровіч пачаў увосень 1924 года, як толькі стаў інспектарам Віцебскага акруговага аддзела народнай асветы. Дзеля гэтага пры праўленні акруговага таварыства стварыў слоўнікавую камісію, ад імя праўлення і камісіі звярнуўся да шырокай грамадскасці з заклікам збіраць дыялектную лексіку да ўсіх мясцовых краязнаўчых арганізацый і выслаў неабходную колькасць выдадзенай Інбелкультам «Інструкцыі».

Вышэйзгаданыя мерапрыемствы заахвоцілі сотні людзей ва ўсіх раёнах акругі, і за паўтары гады камісія па ўкладанні слоўніка атрымала 36071 картку-слова ад 205 індывідуальных карэспандэнтаў і дзевяці калектыўных. На гэты час 10121 лексічная адзінка была зафіксавана самім М. Каспяровічам.

Першая частка слоўніка (да літары «Н») колькасцю 10 асобнікаў выйшла ў канцы 1926 года, а цалкам слоўнік быў выдадзены ў пачатку 1927 тыражом 1500 асобнікаў.

Слоўнік змяшчае 9703 словы, зафіксаваныя ў 591 населеным пункце былой Віцебскай акругі. Сустракаюцца агульнабеларускія словы, якія атрымалі права літаратурнай нормы, і дыялектныя, характэрныя толькі для Віцебшчыны і сумежных тэрыторый з колькаснаю перавагаю апошніх. Поруч са словамі ў алфавітным парадку асобнымі артыкуламі пададзеныя некаторыя фразеалагічныя, адвербіялізаваныя і выклічнікавыя спалучэнні словаў. Загалоўныя словы і словазлучэнні забяспечаны граматычнымі і стылістычнымі пазнакамі, значэнні іх раскрываюцца рускімі лексічнымі адпаведнікамі або апісальна і праілюстраваны адным-двума прыкладамі звязнага тэксту з пазначэннем раёна і населенага пункта, дзе яны былі запісаны.

Слоўнік утрымліваў дадатковы «Слоўнічак уласных найменняў», які змяшчаў 290 мужчынскіх і жаночых беларускіх мясцовых беларускіх імёнаў з рускімі перакладнымі адпаведнікамі.

Літаратура

правіць