Ганчарная слабада
Ганчарная слабада (руск.: Гончарная слобода) — гістарычнае паселішча на тэрыторыі сучаснай Масквы, знаходзілася на левым беразе ракі Яўзы, побач з яе вусцем, на Таганскім узгорку (у Заяўззі). З’явілася ў XVI стагоддзі, асноўную масу жыхароў складалі ганчары (адгэтуль і тапонім). Сюды пераселены ганчары і кафляры, паланёныя на тэрыторыі Беларусі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў.
Гістарычная мясцовасць у Маскве | |
Ганчарная слабада | |
---|---|
| |
Гісторыя | |
Першая згадка | XVI стагоддзе |
Іншыя назвы | не |
Размяшчэнне | |
Акруга | ЦАА |
Акруга | ЦАА |
Раёны | Таганскі |
Станцыі метро | Таганская |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьГанчарная слабада з’яўляецца адной з найстарэйшых у Земляным горадзе. Калі верыць летапісам, першыя паселішчы ў гэтых месцах размяшчаліся побач з цяперашняй Ганчарнай вуліцай, а ўжо да канца XII стагоддзі перасунуліся на тэрыторыю Крамля[1]. Упершыню згадваецца ў 1547 годзе[2]. У XVI стагоддзі, каб прадухіліць небяспеку пажару, ганчары былі выгнаны за Яўзу, на Швівую (у тыя часы — Вашывую) горку. Упершыню ганчарныя майстэрскія былі адкрыты і даследаваны ў 1947—1948 гадах, у час капання катлавана вышыннага будынка на Кацельніцкай набярэжнай, які закрывае стромкі ўздым на Швівую горку[1]. Ганчарная слабада была месцам пасялення ганчароў, цагельнікаў і кафляроў у XVI—XVII стст. У 1638 годзе налічвала 57 двароў[2].
Сюды пераселены ганчары і кафляры, паланёныя на тэрыторыі Беларусі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў. У 1667 годзе на жыхарства ў слабаду пераведзены беларускія кафляры з Уваскрасенскага манастыра на Істры. Яны ўвайшлі ў штат «дварцовых» майстроў. У 1679 годзе налічвала 89 двароў. Пасля пасялення беларускіх майстроў ганчарная вытворчасць тут паднялася да ўзроўню мануфактуры: з’явіліся вытворчыя будынкі з саматужным абсталяваннем, аформіўся падзел працы (абпальшчыкі, цагельнікі, чорнарабочыя — «ярыжныя» і г.д.). Беларускія майстры прынеслі ў Маскву вытворчасць паліхромнай кафлі і керамічнай скульптуры. Сярод іх прац у Маскве аздобы Круціцкага падворка , цэркваў Рыгора Неакесарыйскага , Успення ў Ганчарах, Верхаспаскага сабора ў Крамлі і інш. У 1672 частка беларускіх майстроў з Ганчарнай слабады пераведзена ў наваствораную Мяшчанскую слабаду[2].
Акрамя ганчароў, тут сяліліся кавалі-збройнікі — іх пахаванні былі знойдзены пры рэстаўрацыі храма Мікіты Мучаніка. Цяперашні храм пабудаваны пры Фёдары Іяанавічы на месцы драўлянай царквы, пабудаванай яшчэ Іванам III.
Назва слабады дайшла да нас у назвах Ганчарнай вуліцы, Ганчарных завулкаў і Ганчарнай набярэжнай, а таксама царквы Успення ў Ганчарах і палаты XVII стагоддзя. Пачынаючы з XVIII стагоддзя, калі знікла слабадская арганізацыя, тэрыторыя Ганчарнай слабады стала забудоўвацца дваранскімі сядзібамі і дамамі купцоў, якія вызнавалі стараверства[3].
У наш час на Ганчарнай набярэжнай існуе памятны знак з гадзіннікам, які нагадвае пра Ганчарную слабаду, што існавала ў гэтай мясцовасці. Лічыцца, што лічбы на знаку азначаюць, што апошнія рэшткі заснаванай у XVI стагоддзі слабады былі страчаны ў XX стагоддзі. Пастаўлены знак побач з Вялікім Краснахолмскім мостам, на рагу Ганчарнай набярэжнай і Ганчарнага праезда[4].
Зноскі
- ↑ а б Рабинович М. Г., Гончарная слобода в Москве в XVI—XVIII вв., в книге: Материалы и исследования по археологии СССР, в. 7, М., 1947
- ↑ а б в ЭнцВКЛ 2005.
- ↑ Гончарная слобода // Москва: Энциклопедия / гл. ред. С. О. Шмидт; сост.: М. И. Андреев, В. М. Карев. — М. : Большая российская энциклопедия, 1997. — 976 с. — 100 000 экз. — ISBN 5-85270-277-3.
- ↑ Моспрогулка: Гончарная слобода
Літаратура
правіць- Рабинович М. Г., Гончарная слобода в Москве в XVI—XVIII вв., в книге: Материалы и исследования по археологии СССР, в. 7, М., 1947
- Масква // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.