Гардзіслава Святаслаўна
Гардзіслава Святаслаўна (у манастве Еўдакія; пасля 1110 — канец XII ст.) — сярэдневечная асветніца, дачка віцебскага князя Святаслава-Георгія Усяславіча; малодшая сястра Прадславы (Ефрасінні Полацкай), адна з яе бліжэйшых памочніц і прадаўжальніца спраў.
Гардзіслава Святаслаўна | |
---|---|
Нараджэнне | не раней за 1110 |
Смерць | не раней за 1173 |
Род | Ізяславічы Полацкія |
Бацька | Святаслаў Усяславіч |
Біяграфія правіць
Пра ранняе жыццё Гардзіславы нічога не вядома. Выбіраючы яе сабе ў паплечнікі, Ефрасіння Полацкая, мусіць, кіравалася тым, што Гардзіслава была дастаткова ўспрымальная, паслухмяная і мела здольнасці да навук, а паводзіны старэйшай сястры заўсёды былі для яе ўзорам высокай духоўнасці і самаахвярнага служэння Богу. Заснаваўшы паблізу Полацка Спасаўскі манастыр (не пазней 1128), Ефрасіння папрасіла бацьку прыслаць да яе сястру Гардзіславу для навучання грамаце. Як паведамляецца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай», ігумення «рупліва вучыла яе ратаванню душы, а тая рупліва ўспрымала, нібы ўрадлівая ніва, памякчыўшы сэрца сваё і кажучы гэтак: „Госпад Бог хай наставіць мяне на ратунак душы тваімі святымі малітвамі, панна“». Неўзабаве адбылося тайнае пастрыжэнне Гардзіславы ў манашкі і яна атрымала імя Еўдакія. Праз пэўны час ёй было даверана вядзенне ўсіх гаспадарчых спраў манастыра, і шмат гадоў гэта было асноўным яе абавязкам. Калі пад канец свайго жыцця Ефрасіння Полацкая вырашыла накіравацца ў паломніцтва ў Ерусалім, то яна, паводле «Жыція…», даручыла «ўладарыць і ладзіць сястры сваёй Еўдакіі абодва манастыры». Гэта было сведчаннем, што Гардзіслава ўзяла на свае плечы кіраўніцтва не толькі жаночым, але і мужчынскім манастыром, таксама заснаваным Ефрасінняй. Пасля смерці Ефрасінні, верагодна, Гардзіслава вяла яшчэ і летапісы. Гардзіслава-Еўдакія не толькі захоўвала ўсё, што было зроблена намаганнямі Ефрасінні, але і развівала, узбагачала яе пачынанні. Мяркуюць, што дарадчыкам новай ігуменні ў многіх пытаннях быў Кірыла Тураўскі, які стаў епіскапам у Тураве крыху раней, чым Еўдакія настаяцельніцай у Полацку. І калі існавала пастаяннае ліставанне паміж такімі буйнымі цэнтрамі культуры, якімі былі ў той час Тураўская епархія і полацкія манастыры, то, найбольш верагодна, яно вялося не паміж Кірылам Тураўскім і Ефрасінняй, як прынята лічыць, а паміж «тураўскім златавустам» і Еўдакіяй. Ёсць падставы сцвярджаць, што Гардзіслава была адной з першых, хто пачаў дамагацца кананізацыі Ефрасінні Полацкай.
Зноскі
Літаратура правіць
- Полное собрание русских летописей. Т. 35. М., 1980;
- Ігнатоўскі І. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд. Мн., 1991;
- Арлоў У. А. Еўфрасіння Полацкая. Мн., 1992;
- Аповесць жыція і смерці святой Ефрасінні Полацкай // Спадчына. 1989. № 1.