Герб Хоцімска — афіцыйны геральдычны сімвал мястэчка Хоцімска.

Герб Хоцімска
Дэталі

Апісанне: у чырвоным полі варажскага шчыта сярэбраны меч рукаяццю ўверх, злева і справа ад яго сярэбраныя клямры.

На аснове герба быў таксама створаны сцяг Хоцімска.

Герб і сцяг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 22 снежня 2001 г. пад № 75.

Аўтар герба і сцяга — С. Я. Рассадзін.

Гісторыя правіць

Хоцімск упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах 1430 г. як вёска Хотимль у сувязі з уступленнем на трон вялікага князя Свідрыгайлы. У XVI ст. населены пункт увайшоў у склад Мсціслаўскага ваяводства.

У XIX ст. мястэчка Хоцімск належала Галынскім. Прадстаўнікі гэтага шляхецкага роду валодалі гербам «Клямры» — у чырвоным полі дзве сярэбраныя клямры, складзеныя ў выглядзе Андрэеўскага крыжа, у ніжняй палавіне сыходзяцца накшталт шчыпцоў. У нашлемніку — паўлінавыя пёры, на якіх намаляваны герб «Газдава». У польскіх гербоўніках гэты герб апісаны без «Газдавы» і са страўсінымі пёрамі. Тым не менш галоўнай фігурай у дадзеным гербе, безумоўна, з'яўляюцца клямры (клямар, спражка, зашпілька па-польску). Уласнага герба мястэчка ніколі не мела.

Пры распрацоўцы афіцыйнага геральдычнага сімвала гарадскога пасёлка Хоцімск быў ужыты шырока распаўсюджаны прыём пераносу прыватнаўласніцкай геральдыкі на сучасныя тэрытарыяльныя гербы. Аднак, просты паўтор шляхецкага герба ў сучасным гарадскім сімвале не прымальны з-за розных функцыянальных нагрузак. Акрамя таго, клямары, размешчаныя т. зв. Андрэеўскім крыжом, не былі ўхвалены членамі раённага выканаўчага камітэта, якія выказвалі агульнае меркаванне жыхароў мястэчка. Было прапанавана пакінуць эмаль шчыта ранейшай — чырвонай, пры гэтым змяніўшы канфігурацыю асноўных сярэбраных гербавых фігур, размясціўшы іх паралельна дадатковаму, новаўведзенаму элементу, — мячу таго ж металу.

Меч з'явіўся на гербе на знак вядомай гістарычнай падзеі XVIII ст. У час Крычаўскага антыфеадальнага паўстання ў траўні-чэрвені 1740 г. ўзброены сялянскі атрад Кастуся Вашчылы, брата правадыра народнага выступлення, разбурыў паташныя прадпрыемствы. Ва ўзброеным сутыкненні з атрадам адміністрацыі староства ў раёне Хоцімска гэты атрад быў разбіты.

Літаратура правіць

  • Адамушко В. И., Елинская М. М. Гербы и флаги Беларуси. — Минск: Беларусь, 2006. — 254 с.

Спасылкі правіць