Крычаўскае паўстанне 1743—1744 гадоў

Кры́чаўскае паўста́нне 1743—1744 гадоў — буйное антыфеадальнае выступленне дзяржаўных сялян Крычаўскага староства князёў Радзівілаў. Выкліканае ўзмацненнем феадальнага прыгонніцкага прыгнёту і жорсткай эксплуатацыяй сялян. Паўстанне ўзначалілі мясцовыя сяляне Васіль Вашчыла і яго паплечнікі Іван Карпач, Стэсь Бачко, Васіль Вецер і іншыя[1]. Падаўлена войскам Гераніма Фларыяна Радзівіла, удзельнікі жорстка пакараны.

Перадумовы

правіць

Крычаўскае староства размяшчалася на мяжы з Расіяй і лічылася ўласнасцю караля Рэчы Паспалітай, аднак было перададзена ў «дзяржанне» магнацкаму роду Радзівілаў, якія здавалі яго ў арэнду[2]. Арандатары былі зацікаўлены ў тым, каб за вызначаны тэрмін паспець атрымаць як мага больш прыбытку, а таму парушалі вызначаныя Радзівілам інвентары, дзе вызначаліся павіннасці сялян. За два гады арандатары Валкавіцкія сабралі з сялян больш за 100 тысяч залатовак звыш інвентара. Сяляне скардзіліся Радзівілу на вышэйшыя за норму павіннасці. Праблемай староства былі таксама прастоі каралеўскага войска, якое, незадаволенае пастаўкамі правіянту, займалася рабункамі і нярэдка ўчыняла забойствы[2].

У 1730-х гадах староства было ў арэндзе ў братоў Гдайлы і Шмуйлы Іцкавічаў, падчас чаго становішча сялян стала вельмі складаным. Арандатары вымагалі ў сялян павышанага чыншу, нярэдка не выдавалі квіткоў пра аплату і потым ізноў патрабавалі грошы. За карыстанне млынам Іцкавічы бралі не дзясятую, як звычайна, а сёмую мерку збожжа[2].

Крычаўцы слалі князю Гераніму Фларыяну Радзівілу скаргі, але слугі арандатараў лавілі іх на дарогах і чынілі расправу. Войт вёскі Селішчы, Васіль Вашчыла, быў пакараны за тое, што ездзіў са скаргамі. Аднойчы Вашчыла быў збіты і кінуты ў астрог, а другім разам пакараны 150 бізунамі. Радзівіл, дзеля праверкі скаргаў, прысылаў сваіх камісараў, але Іцкавічы падкуплялі іх або абвяшчалі камісарамі сваіх людзей. Прыкладна так жа дзейнічаў і наступны арандатар, Марцыян Літавор Храптовіч. Крычаўцы пісалі ў сваіх скаргах пра тое, што «пан Храптовіч не лепшы за жыда-арандатара»[2].

Хада паўстання

правіць

Хваляванні пачаліся ў канцы 1743 года, калі ўзброеныя сяляне пачалі нападаць на маёнткі шляхты, дамы купцоў і ліхвяроў, дзяліць іх маёмасць, знішчаць судовыя і даўгавыя кнігі, разганяць адміністрацыю[1]. На чале паўстання сталі Васіль Вашчыла і бурмістр Іван Карпач, а таксама Стэсь Бочка, Васіль Вецер, Навум Буян і іншыя.

15 студзеня 1744 года Геранім Фларыян Радзівіл дзеля задушэння паўстання накіраваў у Крычаў значную колькасць войскаў на чале з палкоўнікам Пястжэцкім. Галоўныя сілы паўстанцаў у той час знаходзіліся ва ўсходняй частцы староства за ракой Сож. 18 студзеня паўстанцы падышлі да Крычава і атакавалі яго сіламі каля 2 тысяч чалавек, яны былі падтрыманыя беднатой гораду[1]. Аднак добра абучанае і ўзброенае войска, падтрыманае артылерыяй замка, вымусіла сялян адступіць. Больш за 100 сялян загінула, 500 паранена і 77 узята ў палон, з якіх толькі 3 засталіся жывымі: старац і 2 бурмістры, астатнія былі павешаныя або пасаджаныя на кол. Паўстанцы адступілі і каля вёскі Царкавішча стварылі новы лагер.

У новым лагеры атрад паўстанцаў стаў папаўняцца людзьмі і ў хуткім часе іх колькасць дасягнула каля 4000 чалавек[2]. Быў распрацаваны план акружэння і асады замка, якую меркавалася распачаць 26 студзеня[1]. Пачуўшы пра такія намеры, Пястжэцкі вырашыў ударыць першы, ён нядаўна атрымаў падмацаванне з Себежа і Невеля, у яго распараджэнні мелася 400 спрактыкаваных салдат.

У ноч перад аблогай на лагер паўстанцаў нечакана напалі атрады Пятжэцкага. Захопленыя знянацку сяляне адступілі, пакінуўшы на полі бою больш за 200 забітых і шмат параненых, 176 чалавек, у тым ліку і некаторыя кіраўнікі паўстання, трапілі ў палон.[1]. У пачатку лютага 1744 паўстанне было задушана канчаткова, 60 паўстанцаў пасля бою былі жывымі пасаджаныя на калы ці павешаныя на круках і шыбеніцах.

Вынікі

правіць

Пасля канчатковага задушэння паўстання ў Крычаў з конным аддзелам на трыста шабляў прыехаў сам Геранім Фларыян Радзівіл. Паводле рашэння суда ад 22 лютага 1744, да розных мераў пакарання былі прыгавораныя ўсе актыўныя паўстанцы, якія трапілі ў палон. 16 чалавек пакараныя смерцю. Страта адбылася 26 лютага. Іван Карпач, Стэсь Бочка, Васіль Вецер, Навум Буян, Мікіта з Бароўкі, Іван Трус, Васіль Пачаёнка і Васька Косцін былі жывымі пасаджаныя на кол. Іван Дакука, Захарка Сямашка, Іванішка з Баранкова і Мікіта з Тупічына пакараныя на шыбеніцы. Сямёну Варону, Ігнату Малунёнку, Івану Крывулю і Івану Галёнцы адсечаныя галовы. Сакратару бунтаўнікоў сыну Стэся Бочкі князь Геранім загадаў адрэзаць вушы і выпаліць на ілбе шыбеніцу[2]. Васілю Вашчылу ўдалося ўцячы на Украіну, дзе ён патрапіў пад пераслед і памёр ад дызентэрыі ў Кіева-Пячэрскай крэпасці, у якой ён сядзеў падчас следства.

Геранім Фларыян Радзівіл абмежаваўся асобнымі саступкамі. Радзівіл замяніў прымусовыя работы на будах грашовым чыншам, зняў некаторыя абмежаванні ў сялянскім гандлі, аб’явіў пра намер не здаваць староства ў арэнду і іншыя саступкі.

Паўстанне ў культуры

правіць
  • Крычаўскаму паўстанню прысвечана трагедыя Уладзіміра Караткевіча «Маці Ветру»[3].
  • Пра пакаранне кіраўнікоў паўстання распавядае аповесць Уладзіміра Арлова «Міласць князя Гераніма», галоўныя героі якой — князь Геранім Радзівіл і крычаўскі бурмістр, гарматнік Іван Карпач.
  • Лёсу Вашчылы і яго бліжэйшых паплечнікаў пасля паўстання прысвечана драма Івана Чыгрынава «Следчая справа Вашчылы», якая ўклад таксама і ў навуку, Чыгрынаў знайшоў архіўныя крыніцы пра кіраўніка паўстання і на іх грунце стварыў вобраз і раскрыў яго характар.[4]

Зноскі

  1. а б в г д Энцыклапедыя гісторыі Беларусі / Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 4. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
  2. а б в г д е Дзесяць вякоў 1997.
  3. Анатоль Верабей. Трагізм і веліч гісторыі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2011. Праверана 29 студзеня 2014.
  4. https://bspu.by/blog/gancharovatsynkevich/article/lection/belorusskaya-literatura - Ганчарова-Цынкевіч, Т.У. Гісторыя беларускай літаратуры. - Мінск: БДПУ, 2020.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць