Васіль Вашчыла
Васіль Мацвеевіч Вашчыла (1690, в. Мурын Бор, Мсціслаўскае ваяводства, цяпер Касцюковіцкі раён — 28 жніўня 1744) — кіраўнік антыфеадальнага паўстання сялян Крычаўскага староства ў 1743—1744 гадах, войт в. Селішча[1].
Васіль Мацвеевіч Вашчыла | |
---|---|
Дата нараджэння | 1690 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 28 жніўня 1744 |
Месца смерці | |
Камандаваў | паўстанцкім атрадам |
Бітвы/войны | Крычаўскае паўстанне |
Біяграфія
правіцьЯк вядома са «Следчай справы Васіля Вашчылы» (яна захоўваецца ў Цэнтральным архіве ў Кіеве), дзед Васіля Пацей са сваёй жонкай Ганнай жыў у Расіі ў в. Чамаданава, потым пераехаў у Лобжу ў Крычаўскім старостве. 3 Лобжы Пацей, Ганна і іх сын Мацвей перабраліся на жыхарства ў маёнтак Свадкоўскага, які знаходзіўся ў в. Мурын Бор Мсціслаўскага ваяводства, дзе ў Мацвея і яго жонкі Марыны ў 1690 годзе нарадзіўся сын Васіль. Пасля Марына разам з дзецьмі Васілем, Мацвеем, Ахрэмам і Сяменам пераехала ў в. Селішча Крычаўскага староства[2].
Васіль Вашчыла меў 0,1 валокі зямлі (каля 2 га), двух коней. Акрамя земляробства займаўся адыходніцтвам, гандляваў воскам, з-за чаго, верагодна, і атрымаў сваё прозвішча[2].
Неаднаразова насіў уладальніку староства Радзівілу скаргі сялян на злоўжыванні самавольства арандатараў, за што неаднаразова быў зняволены ў Крычаўскай турме. Сваёй непрымірымасцю і актыўнай барацьбой супраць феадальнага ўціску заваяваў павагу і аўтарытэт жыхароў сваёй і суседніх весак, таму быў выбраны войтам в. Селішчы.
Антыфеадальная барацьба дасягнула найвышэйшага напалу ў Крычаўскім старостве ў пачатку 1740-х гадоў і перарасла ў буйное сялянскае паўстанне. У маі 1740 года ўзначаліў першы ўзброены атрад з некалькіх сотняў сялян, які напаў на буду каля вёскі Саматэвічы ў Лучыцкім войтаўстве. Прыкладна тады ж была разгромлена Буханаўская Буда[3]. Да канца мая становішча ў Крычаўскім старостве стала вельмі напружаным. Адміністратар вымушаны быў прасіць Радзівіла, каб прыслалі войскаў. Паводле яго слоў, тут стварылася «сапраўдная казаччына»[4].
Толькі ў пачатку ліпеня адміністрацыі староства ўдалося нанесці паражэнне атраду В. Вашчылы з дапамогай конных зямян (памешчыкаў[5], ад польск.: zemia — зямля), якія прыбылі з Копысі. Кіраўнік паўстанцаў быў схоплены і адпраўлены «у тыя краі». Пасля гэтага, як паведамляў Прылецкі Радзівілу 17 ліпеня 1740 года, на некаторы час «бунты ў старостве аціхлі, а сялянскія купы, якія збіраліся, разышліся»[6].
Пазней да якога пазней далучыліся сяляне з іншых шляхецкіх уладанняў і з-за мяжы. У сярэдзіне 1741 года ў сялянскіх хваляваннях, якія ахапілі большую частку Крычаўскага староства, удзельнічала некалькі тысяч чалавек. Сяляне рабілі спробы знішчыць прадпрыемствы па вырабе паташу, грамілі маёнткі заможнай шляхты і ліхвяроў, знішчалі даўгавыя кнігі[7].
У канцы 1743 — пачатку 1744 гадоў антыфеадальная барацьба прыняла характар узброенага паўстання. У баях пад Крычавам і каля в. Царковішча войскі Гераніма Радзівіла разбілі дрэнна ўзброеныя сялянскія атрады і жорстка расправіліся з паўстанцамі[1]. Вашчылу ўдалося ўцячы на расійскі Латакоўскі фарпост, адкуль ён быў пераведзены на Цімошынскую пагранічную заставу. Радзівіл запатрабаваў выдаць Вашчылу як сялянскага важака, які павінен адказаць за ўсе «ліхадзействы». Каб не трапіць у рукі карнікаў, Вашчыла выдаў сябе за расійскага падданага. Пакуль ішло следства, ён сядзеў у Кіева-Пячэрскай крэпасці, дзе захварэў на дызентэрыю і неўзабаве памер[7].
Зноскі
- ↑ а б Ващила Василий // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 107. — 737 с.
- ↑ а б В. Ц. Бондараў, А. А. Мяцельскі. Мяцежныя вескі.
- ↑ Akta Baltico-Slavica. — Bialostok, 1971. — Т. 7. — С. 156.
- ↑ Гісторыя Беларускай ССР (белор.). — Мн., 1972. — Т. 1. — 410 с., с. 158
- ↑ Земяне // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ Мялешка В. I. Крычаўскае паўстанне. // «Полымя». — 1971. — № 1. — С. 192.
- ↑ а б Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.