Зямяне, зямляне (польск.: ziemianie, ziemiaństwo, ад ziemia — зямля[1][2]; ст.-бел.: земяне, земляне[2][3]), уладальнікі зямельнай маёмасці або надзелаў[3], дзедзічы дабротаў, абывацелі земскія[1]; сацыяльны слой (саслоўе), які вылучыўся цягам працэсу фарміравання феадальнага грамадства і існаваў на абшарах гістарычнай Рэчы Паспалітай да сярэдзіны XX стагоддзя[1]. У рускай мове блізкім адпаведнікам ёсць слова «помещики»[4], якое ў тым жа значэнні ўжываецца ў беларускай літаратурнай мове («памешчыкі»)[5].

Уладальнік Вялікай Бераставіцы граф Станіслаў Казімір Касакоўскі (1837—1905) з сям'ёй у акружэнні сялян падчас жніва на графскім полі, кан. XIX — пач. XX ст.

(Граф стаіць злева ў белым капелюшы, перад ім сядзіць на зямлі жонка Соф'я Бовэр Сайнт-Клайр з дзіцём, у цэнтры трымае сноп каласоў нявестка Марыя (жонка сына Юзафа), апошняя ўладальніца Вялікай Бераставіцы).

Значэнні тэрміна

правіць

У старапольскай мове зямянамі называлася як шляхта, якая насяляла пэўныя землі (напрыклад, ziemiaństwo krakowskie, ziemiaństwo płockie і г. д.), так і агулам усе тыя, хто займаўся земляробствам, апрацоўваў зямлю (сяляне, халопы). У апошнім значэнні паняцце было ва ўжытку ў польскамоўнай культуры яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя, аднак найчасцей зямянамі называлі шляхту, якая мела ў валоданні маёнткі[1].

 
Надмагілле зямяніна, XX стагоддзе.

Асаблівасцю саслоўя зямян ёсць спадкаемнасць і апора на зямельную ўласнасць, г. зн. валоданне і выкарыстанне зямлі (у надмагільных эпітафіях часта сустракаецца вызначэнне «абывацель земскі» (польск.: „obywatel ziemski”), што з'яўляецца сведчаннем аб шляхецте памерлага).

У Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ) назва «зямяне» стала пашырацца сярод шляхты ў XV—XVI стагоддзі, спачатку пераважна на заходніх землях (Падляшшы і Валыні)[2][6]. Гэта тлумачыцца ўжываннем польскай тэрміналогіі і перасяленнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ[2]. Вызначальным для зямян было ўмоўнае ці безумоўнае валоданне зямельнымі надзеламі, што адрознівала іх ад беззямельнай шляхты[6], і ўжо ў XVII стагоддзі пазначэнне землеўладальнікаў зямянамі стала шырока распаўсюджаным у ВКЛ[2].

У больш вузкім значэнні зямянамі ў ВКЛ называлі асобную катэгорыю ваенна-служылага насельніцтва. Попіс войска ВКЛ 1528 года дакладна адрознівае пошты (ваенныя атрады) баярскія ад зямянскіх[2]. Пазней гэтыя дзве катэгорыі насельніцтва пачалі атаясамлівацца («зямяне або баяры»)[2][6]. Заможная частка зямян злівалася са шляхтаю, бяднейшая (блізкая па становішчы да панцырных баяраў Полаччыны) захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах з вялікім князем ці феадаламі. Зямяне павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну, але ў выпадку вайны іх не сплачвалі, а мусілі ставаць з канём і рыштункам у войска. Зямяне выступалі не пад павятовай харугвай, а толькі ў атрадзе пана. У адрозненне ад шляхты, зямяне не ўдзельнічалі ў сойміках. Да пачатку XVIII стагоддзя зямяне як асобная катэгорыя ваенна-служылага насельніцтва амаль зусім зніклі. На ўсходніх землях ВКЛ у канцы XVIII стагоддзя яшчэ жылі ўсвяцкія зямяне (20 радоў) і аднолькавыя з імі паводле стану себежскія і невельскія ардынаты (20 і 48 радоў). Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) гэтыя зямяне былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне, і не змешаны з імі. Шмат каму з зямян удалося даказаць сваё шляхецкае паходжанне перад дваранскімі дэпутацкімі сходамі[2].

У XIX стагоддзі, з тым як шляхта стратаціла манаполію на валоданне зямельнай маёмасцю, да ліку зямян пачалі адносіць агулам буйных і сярэдніх, вячыстых (спадчыных, дзедзічных) і дачасных (часовых, арэндатараў) землеўладальнікаў, не толькі шляхецкага паходжання[1]. Са скасаваннем прыгоннага права зямельная ўласнасць стала галоўным паказчыкам эканамічнай заможнасці зямян[7], і агульнапрынятым стала да іх адносіць уладальнікаў маёнткаў памерам не менш за 50 га[1].

Прадстаўнікі з ліку заможных зямян часта называліся абшарнікамі (польск.: obszarnik, ад тэрміна „obszary dworskie”, які ўжываўся ў сістэме статыстычнага ўліку ў Галіцыі)[1].

У сучаснай польскай гістарыяграфіі тэрмін «зямяне» (згодна з моўнай традыцыяй) выкарыстоўваецца таксама для пазначэння сацыяльна-культурнага слоя, для прадстаўнікоў якога маёнтак і двор пры ім былі асновай існавання: акрамя ўладальнікаў і іх сем'яў, таксама арэндатары і ўпраўляючыя (адміністратары) маёнткамі. Часам сярод зямян вылучаюць у якасці асобнага слоя ўладальнікаў латыфундый, якія найчасцей прыналежылі да даўняй магнатэрыі і мелі арыстакратычныя тытулы[1].

Гісторыя пасля падзелаў Рэчы Паспалітай

правіць

Працэс трансфармацыі саслоўя зямян у канцы XVIII — XIX стагоддзях адбываўся ў варунках палітычных нягодаў і сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў. У 1795—1807 гадах адбыліся гвалтоўныя змены палітычнай, эканамічнай і прававой сітуацыі для шляхты-землеўладальнікаў: заняпад і гібель дзяржавы пазбавіў яе ўдзелу ў дзяржаўным кіраванні, а таксама значнай часткі даходаў з трымання зямельных надзелаў на каралеўшчыне і эканоміях. Да таго ж гэта ўсё суправаджалася палітычнымі рэпрэсіямі і канфіскацыяй маёмасці[1].

У Варшаўскім герцагстве Канстытуцыя 1807 года  (польск.), а на землях, далучаных да Прусіі, рэформенны  (ням.) эдыкт 1808 года ліквідавалі, парушаную ўжо Канстытуцыяй 3 траўня, шляхецкую манаполію на валоданне зямлёй. Шэрагі буйных землеўладальнікаў пачалі папаўняцца чужым дваранствам з манархій, падзяліўшых паміж сабой Рэч Паспалітую, а таксама разбагацелымі мяшчанамі, часта іншароднага паходжання. Нягледзячы на гэтыя перамены, карэнная шляхта засталася ядром зямян, складала не толькі найбольшую іх частку, але і фарміравала ў польскім грамадстве культурныя ўзоры і кірункі палітычнай дзейнасці[1].

На тэрыторыях, далучанных да Прусіі, ужо ад часу першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) зменшыўся абшар зямлі, які знаходзіўся ў руках польскіх зямян. Высокія падаткі і кантрыбуцыі, адмысловае прававое рэгуляванне, няўменне мадэрнізаваць гаспадарку прывяло да страты палякамі зямельных дабротаў, іх маёнткі станавіліся прадметам гандлю і спекуляцый. Раней за ўсіх польскія зямяне спынілі сваю прысутнасць у Сілезіі, у другой палове XIX стагоддзя — у Памор'і. Больш павольна гэты працэс праходзіў у Вялікапольшчы, але і там пад канец XIX стагоддзя немцы валодалі каля 64% агульнага абшару буйной зямельнай маёмасці. Найменшыя змены ў стане валодання зямян адбыліся ў Галіцыі[1]. Вялікія страты панеслі зямяне ў заходніх губернях Расійскай імперыі, і паводле царскага закона 1865 года «палякам», г. зн. каталікам, наогул было забаронена набываць зямлю ў Заходнім краі[1][7]. Значна меншыя страты зямяне мелі ў Царстве Польскім, дзе аднак у 70-х гадах XIX стагоддзя распачаўся працэс драблення маёнткаў і пераходу дворскіх зямель у рукі сялян, што было выклікана эканамічнымі цяжкасцямі (неабходнасцю пераходу фальваркаў на рэйкі капіталістычнага гаспадарання, заснаванага на вольным найме)[1].

Па выніках эканамічных, сацыяльных і палітычных змен (а менавіта, наступстваў прамысловай рэвалюцыі, скасавання прыгоннага права, рэпрэсій пасля паразы шэрагу вызваленчых паўстанняў і г. д.) да стану зямян перастала адносіцца вялікая колькасць сярэдняй і дробнай шляхты: частка вылучылася ў стан інтэлігенцыі, частка — у стан сялян, пэўная частка далучылася да стану рабочага пралетарыяту[8]. З іншага боку, зняцце станавых бар'ераў прывяло да таго, што ў шэрагах зямян з'явіліся таксама прадстаўнікі буржуазіі, якія прымалі шляхецкі стыль жыцця, набывалі арыстакратычныя тытулы і ўваходзілі ў сваяцтва з прадстаўнікамі шляхецкіх радоў.

На тэрыторыях былой Расійскай імперыі, якія апынуліся пад уладай Саветаў, саслоўе зямян (памешчыкаў) было ліквідавана ў лістападзе 1917 года паводле Дэкрэта аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў  (руск.)[7].

У межах жа Другой Рэчы Паспалітай зямяне яшчэ працягвалі быць важнай сацыяльнай групай, захоўваючы ў прыватных кантактах шляхецкую тытулатуру. Паводле Сакавіцкай канстытуцыі 1921 года  (польск.), адноўленая польская дзяржава больш не прызнавала радавыя і саслоўныя прывілеі. Аднак спецыфічныя станавыя стасункі ў грамадстве яшчэ захоўваліся, асабліва на Крэсах Усходніх. Былі вядомы сітуацыі, характэрныя для даўняй шляхты, як то: цалаванне «пана» ў руку, зварот да селяніна, незалежна ад яго веку, на «ты», а ў свядомасці сельскага насельніцтва захоўваўся стары станавы падзел на «халопаў» і «паноў». У перыяд 1921—1938 гадоў па выніках аграрнай рэформы, працэсу драблення зямельных надзелаў і эканамічных цяжкасцей (асабліва падчас вялікага эканамічнага крызісу 1930—1935 гадоў) памеры ўладанняў зямян зменшыліся больш чым на 20%[1].

Канец існавання зямян як сацыяльнага слоя ў Польшчы быў пакладзены Другой сусветнай вайной і яе наступствамі (перасяленне вялікай колькасці насельніцтва, змена палітыка-эканамічнага ладу, страта ўсходніх тэрыторый), а таксама аграрнай рэформай 1944—1945 года  (польск.), якая пазбавіла зямян матэрыяльных падстаў існавання. Зямельныя маёнткі памерам больш за 50 га былі нацыяналізаваны, былыя ўладальнікі атрымалі ў абмен пажыццёвыя пенсіі чыноўнікаў VI групы. Зямяне, якія мелі заслугі ў барацьбе з нямецкімі акупантамі, атрымалі больш высокую кампенсацыю[1][9].

З 1989 года нашчадкі зямян у Польшчы актыўна намагаюцца вяртання нацыяналізаванай зямельнай уласнасці ці, калі гэта не магчыма, атрымання справядлівай кампенсацыі. Асаблівай увагі заслугоўвае спроба дамагчыся прызнання ў якасці акта юрыдычна несапраўднага нават у сучаснай заканадаўчай сістэме дэкрата Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення (ПКНВ) ад 6 верасня 1944 года, паводле якога была праведзена аграрная рэформа, пазбавіўшая зямян сваёй маёмасці[10].

Гл. таксама

правіць

Бібліяграфія

правіць
  • Блануца А. В. Пани і шляхта-зем'яни в системі обігу земельних володінь на Волині в другій половині XVI ст. // Наукові праці Кам'янець-Подільського держ. педагогічного університету: Історичні науки. — 01/2005. — Т. 14. — С. 161—178.
  • Вяроўкін-Шэлюта У. Зямяне, зямляне // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — С. 461.
  • Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. — К., 1901.
  • Пичета В. И. История сельского хозяйства и земледелия в Белоруссии. Ч. 1. — Мн., 1927.
  • Мілаванаў В. Памешчыкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — С. 393.
  • Яковенко Н. Українська шляхта з кінця XIV до середини XVII століття. Волинь і Центральна Україна. — К.: Критика, 2008. — С. 245—294.
  • T. Chrzanowski. Dziedzictwo. Ziemianie polscy i ich udział w życiu narodu, Kraków, Znak, 1995.
  • A. Kwilecki. Ziemiaństwo wielkopolskie, Warszawa 1998.
  • T. Piekarski. Ziemiaństwo Mazowsza Płockiego w latach 1918—1939, Poznań 2013.
  • W. Roszkowski. Gospodarcza rola większej prywatnej własności w Polsce 1918—1939, Warszawa 1986.
  • S. Rudnicki. Ziemiaństwo polskie XX wieku, Warszawa 1996.
  • I. Rychlikowa. Ziemiaństwo polskie 1789—1864. Zróżnicowanie społeczne, Warszawa 1983.
  • J. Sikorska-Kulesza. Deklasacja drobnej szlachty na Litwie i Białorusi w XIX wieku, Ajaks, 1995.
  • A. Wójtowicz. Ród Petrykowskich, Linia kujawsko-mazowiecka, Bytom 2008.
  • A. Wójtowicz. Ród Sulińskich, Linia sieradzko-mazowiecka, Bytom 2009.
  • J. Żarnowski. Społeczeństwo II Rzeczypospolitej 1918—1939, Warszawa 1973.
  • Ziemiaństwo a ruchy niepodległościowe w Polsce XIX—XX w., red. W. Caban, M. B. Markowski, Kielce 1996.
  • Ziemiaństwo polskie 1795—1945. Zbiór prac o dziejach warstwy i ludzi, red. J. Leskiewiczowa, Warszawa 1985.

Зноскі

правіць
  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о Ziemianie, Internetowa encyklopedia PWN [dostęp 2017-09-08].
  2. а б в г д е ё ж Вяроўкін-Шэлюта У. Зямяне, зямляне // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — С. 461. — ISBN 985-11-0041-2.
  3. а б Земянинъ, земенинъ, зэмянинъ // Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 12. Зашкодный — Злотницкий / Склад. З. К. Турцэвіч і інш.; Гал. рэд. А. І. Жураўскі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — С. 223. — ISBN 5-343-00744-9; Землянинъ, земленинъ // Там жа. — С. 217.
  4. Земяне // Энциклопедическій словарь. Т. XIIa. Земперъ — Имидокислоты / Издатели: Ф. А. Брокгаузъ (Лейпцигъ), И. А. Ефронъ (С.-Петербургъ). — СПб.: Типо-Литографія И. А. Ефрона, 1894. — С. 545.
  5. Памешчык // Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 8. Н — П / Уклад. Г. А. Цыхун і інш.; Рэд. В. У. Мартынаў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — С. 142. — ISBN 5-343-00962-X.
  6. а б в Русина О. В. Зем'яни // Енциклопедія історії України: у 10 т. Т. 3. Е — Й / Редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін.; Інститут історії України НАН України. — К.: Наук. думка, 2005. — С. 353. — ISBN 966-00-0610-1.
  7. а б в Мілаванаў В. Памешчыкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — С. 393. — ISBN 985-11-0141-9.
  8. Jolanta Sikorska-Kulesza. Deklasacja drobnej szlachty na Litwie i Białorusi w XIX wieku, Ajaks, 1995.
  9. Norbert Kołomejczyk, Bronisław Syzdek. Polska w latach 1944—1949. Warszawa 1971, s. 48.
  10. Olgierd Molik. Polskie Towarzystwo Ziemiańskie alarmuje: ta ustawa to usankcjonowanie komunistycznego bezprawia, PCh24.pl, 2015-07-01 [dostęp 2017-09-08].