«Голас беларуса» — газета дэмакратычнага кірунку. Выдавалася 14 лютага — 19 красавіка 1924 г. у Вільні на беларускай мове 2 разы на тыдзень. Рэдактар-выдавец Мікола Шыла.

«Голас беларуса»
Арыгінальная
назва
Голас беларуса
Тып газета
Выдавец Мікола Шыла
Рэдактар Мікола Шыла
Заснавана 14 лютага 1924
Спыненне публікацый 19 красавіка 1924
Мова беларуская
Галоўны офіс

Працягвала традыцыі забароненай польскімі ўладамі газеты «Змаганне». Крытычна аналізавала палітычнае і эканамічнае становішча ў Польшчы, сацыяльную палітыку польскага ўрада (артыкул «Сучасны эканамічны крызіс» пад псеўданімам Кугельман, «Панскае аздараўленне крэсаў» падпісаны крыптанімам «К», «У чым сапраўдная санацыя Польшчы?» пад крыптанімам «М», «У зачараваным коле» і інш), разглядала канцэпцыю дзяржавы, яе рэалізацыю польскім грамадствам (артыкул «Дзяржава для народа ці народ для дзяржавы?» падпісаны псеўданімам Ст. Мірскі). Шмат увагі аддавала стану і задачам беларускага вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі (артыкулы: «Рашучая часіна», «Ніякіх летуценняў», «Хто разважа?», «Рэвізія трактатаў і беларусаў», «Беларускае пытанне за граніцай», «Рэалізацыя ідэі незалежнасці», «Найважнейшы вывад» і інш.), пісала пра парушэнні правоў чалавека і нацыянальных меншасцей у краіне (артыкул «Польскае obywatelstwo і міжнародныя трактаты» пад псеўданімам Civis). У сувязі з абмеркаваннем польскім сеймам законапраекта аб самаўрадах шырока асвятляла пытанні самакіраўніцтва, улады на месцах (артыкулы: «Ці толькі спадчына керпішчызны» пад крыптанімам «В», «Генеральная баталія», «Прамова Б. Тарашкевіча ў сойме»). Друкавала матэрыялы пра злоўжыванні польскай адміністрацыі і паліцыі ў дачыненні да насельніцтва Заходняй Беларусі і беларускай асветы, пра нападкі на беларускіх дэпутатаў з боку эндэкаў — правага крыла сейма, ігнараванне праблем рэпатрыянтаў (артыкулы: «Няўмольныя факты», «На руінах беларускай школы», «Здзекі над рэпатрыянтамі», «Дзікі гвалт»). Перспектывы вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі звязвала з дзяржаўным будаўніцтвам, арганізацыяй навукі і асветы ў Савецкай Беларусі (рубрыка «Навокал пашырэння тэрыторыі БССР», артыкулы: «Паваротны пункт», «Незалежнасць і залежнасць», «Святкаванне шостых угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларусі»). Вяла дыскусіі па пытаннях стратэгіі і тактыкі беларускага руху, пісала пра міжнародныя падзеі ў свеце, у т.л. пра святкаванне 1 мая, Міжнароднага дня жанчын (артыкулы: «Міжнародны тыдзень работніцы» пад крыптанімам «Яз», «Жанчына ў беларускім адраджэнскім руху» пад крыптанімам «А. Н.», «Міжнародны жаноцкі рух»). На старонках газеты змешчаны рашэнні Беларускага нацыянальнага камітэта па розных праблемах беларускага грамадска-палітычнага жыцця, нота міністра замежных спраў БНР А. Цвікевіч да старшыні Лігі Нацый, выступленне ў сейме дэпутата-камуніста С. Крулікоўскага, артыкул «З беларускага палітычнага архіву», інфармацыя пра грамадска-культурны рух Латвіі, ЗША і Чэхаславакіі, рэцэнзіі У.Самойлы (пад псеўданімамі Суліма, Ars) на перыядычныя выданні і дзейнасць Беларускай драматычнай майстроўні і інш. Рэдакцыя газеты выпусціла брашуру Самойлы «Які „самаўрад“ гатуе беларускаму народу польская рэспубліка?», кнігі А. Краскоўскага «Аб чалавечым целе здаровым, хворым і спосабах яго лячэбнай самаабароны»[1], З. Верас «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» і інш. Выйшаў 21 нумар, з іх 4 канфіскаваны. Закрыта польскімі ўладамі, рэдактар-выдавец зняволены ў турму.

Крыніцы

правіць
  1. Красоўскі, Антон. Аб чалавечым целе: здаровым, хворам і спосабах яго лячэбнай самаабароны. — Вільня: Выданьне газеты «Голас беларуса» (Друкарня Н. Левін і сын, Нямецкая 22), 1924. — 110 + IX стр.

Літаратура

правіць
  • Ліс, А. «Голас беларуса» / А.Ліс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 56. — ISBN 985-11-0041-2.

Спасылкі

правіць