Горацкае раённае краязнаўчае таварыства

Горацкае раённае краязнаўчае таварыства — суполка краязнаўцаў і гісторыкаў Горацкага раёна (1924—1931), якая ўваходзіла ў склад Інстытута беларускай культуры.

Гісторыя правіць

Утворана 7 снежня 1924 года. На 1 лютага 1925 года ў ім знаходзілася 363 сябра: 15 прафесараў, 18 выкладчыкаў Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі, 220 студэнтаў і 110 выкладчыкаў школ горада Горкі і раёна[1]. Кіраваў арганізацыяй прафесар П. Ц. Салаўёў.

З 16 красавіка 1925 года ў склад раённага таварыства ўваходзіла «Навуковае таварыства па вывучэнню Беларусі», якое існавала пры акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі. Таварыства ўваходзіла ў склад Інстытута беларускай культуры.

Дзейнасць таварыства правіць

Сябры таварыства за 1925—1927 гады правялі 17 сходаў, дзе заслухалі 39 навуковых дакладаў па гісторыі, геаграфіі і эканомікі раёна. Свае матэрыялы яны друкавалі ў газетах «Звязда», «Советская Белоруссия», часопісе «Наш край».

Таварыства выдавала штогоднік «Працы навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі», які друкаваўся ў друкарні акадэміі. Усяго выйшла 8 тамоў гэтых прац.

Так, у першым томе (1925) былі змешчаны артыкулы А. Ц. Савельева «Вапна і матыльковыя расліны на глебах Горацкага раёна», С. Журыка «Быдла Горацкага раёна», С. П. Мельніка «Стары парк пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадаркі» і інш. Вывучэнню гісторыі этнаграфіі, эканомікі, прыроды Горацкага павета цалкам быў прысвечаны трэці том, што выйшаў у 1927 годзе. Тут былі змешчаны артыкулы Д. Васілеўскага «Кароткі нарыс гісторыі Горацкага раёна і Горак», «Народная асвета ў Горацкім раёне», М. Сраговіча «Яўрэйскае насельніцтва ў Горацкім раёне», Н. Пелехава «Аб становішчы селян Горацкага раёна ў першай палове мінулага сталецця». Матэрыялы аб глебах, геалагічнай пабудове, фаўне і флоры, лясах Горацкага раёна надрукавалі Ф. Люнгэрзгаўзен, Н. Пелехаў, Г. Несцярчук, П. Салаўёў, У. Васількоў і інш.

Праца раённага таварыства атрымала высокую адзнаку ў Мінску і Маскве. Так, у прывітанні Цэнтральнага Бюро краязнаўства РСФСР за подпісам акадэміка М. Мара было адзначана: «ЦБ краязнаўства РСФСР з вялікай цікавасцю сочыць за поспехамі працы Горацкага таварыства…» [2].

Аднак у 1931 годзе праца таварыства была падвергнута крытыкі, а яе сябры абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай дзейнасці, трацкізме, нацдэмаўшчыне і кандрацьеўшчыне[3].

У канцы 1931 года Горацкае таварыства распушчана, а некаторыя яе сябры былі рэпрэсіраваны.

Горацкае раённае таварыства адрадзілася толькі ў 1994 годзе і зараз мая назву «Бацькаўшчына». Яно раз у два гады праводзіць навукова-краязнаўчыя канферэнцыі і выпускае працы канферэнцый. Сябры таварыства друкуюць кнігі і брашуры па гісторыі Горацкага раёна і БДСГА. Яны прымалі актыўны ўдзел у стварэнні экспазіцыі Горацкага раённага гісторыка-этнгарафічнага музея, музея гісторыі БДСГА, музея-кабінета Максіма Гарэцкага, музеяў у вёсках Маслакі, Горы і Аўсянка, у напісанні кнігі «Памяць. Горацкі раён».

Зноскі

  1. Запіскі Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі. Горкі: Т.6. 1928. С. 84.
  2. Запіскі Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі. Горкі: Т.6. 1928. С. 84.
  3. Мензак, В. Падрыхтоўка для сацыялістычнай сельскай гаспадаркі ў БСА пад пагрозай//Камуністычнае выхаванне. 1931, № 1. С.3; Супраць нацдэмаўшчыны і кандрацьеўшчыны ў навукова-даследчых установах і БДСГА// Бальшавік Беларусі. 1931.№ 5-6. С. 28-29

Літаратура правіць

  • Ліўшыц, Уладзімір. З гісторыі Горацкага краязнаўчага таварыства // Памяць : гіст.-дакум.хроніка Горацкага р-на. — Мн.,1996. С.149-150
  • Кротава, Святлана. Канферэнцыя краязнаўцаў // Ленінскі шлях, 1998, 15 крас.

Спасылкі правіць