Група Мікуліча (Філістовіча) — узброенная група на тэрыторыі Ілянскага раёна БССР у перыяд 1949—1953 гг. Камандзір групы — С. Мікуліч, пазней — Янка Філістовіч.

Група была ўтворана ў 1949 годзе. Складалася з 6 былых супрацоўнікаў паліцыі і салдат Беларускай Краёвай Абароны з часоў нямецкай акупацыі. Выконвала напады на крамы і на адзіночных асоб. На пачатку 1952 г. з групай навязаў кантакт і стаў кіраўніком Янка Філістовіч, эмісар Беларускай Народнай Рэспублікі, які на пачатку верасня 1951 года быў скінуты на парашуце спецслужбамі ЗША ў раёне Маладзечна з мэтай разведвальнай дзейнасці, а таксама арганізацыі падпольнай друкарні для выпуску антысавецкіх улётак і іншых агітацыйных матэрыялаў. Філістовіч прабаваў ператварыць групу ў падпольную вайскова-палітычную арганізацыю, надаўшы ёй назву «Беларускія нацыяльна-вызвольныя ўзброеныя сілы»: праводзіў ідэйную і падпольную падрыхтоўку, увёў дысцыпліну, забараніў рабіць напады на мясцовы актыў і займацца грабяжом, распачаў падрыхтоўку да палітычна-прапагандысцкай дзейнасці.[1]

У красавіку 1952 г. атрад зрабіў у в. Вязыні каля Маладзечна напад на друкарню, якая займалася друкам камуністычнай газеты «Шлях да камунізму». У выніку ўдалося забраць друкарскую машыну і дзякуючы гэтаму атрад планаваў друкаваць газету «Жыве Беларусь!», але план скончыўся няўдачай праз адсутнасць некаторых элементаў і нястачу друкарскага досведу. Акрамя гэтага ўдалося арганізаваць некалькі ўзброеных акцый, у тым ліку напад на двух фінансавых агентаў і атрымаць 6 тыс. рублёў.

У ноч з 4 на 5 верасня 1952 года ў адной з вёсак група Мікуліча ў выніку здрады была схоплена супрацоўнікамі Міністэрства дзяржаўнай бяспекі БССР. Камандзір Мікуліч быў забіты, а іншыя члены групы былі арыштаваныя. Янка Філістовіч змог збегчы, але быў схоплены 9 верасня пры спробе пераходу польскай мяжы. Судовы працэс пачаўся 17 кастрычніка 1953 г. у Мінску. Падчас судовага працэсу яго вазілі па беларускіх гарадах, беспаспяхова спрабуючы намовіць да жыцця ў савецкіх умовах. Філістовіч спрабаваў напісаць касацыйную скаргу ў Ваенную калегію Вярхоўнага суда СССР, якая датуецца 11 лістапада 1953 г. Пасля, як мяркуецца, Філістовіч быў расстраляны. Астатнія члены групы былі асуджаны на доўгія тэрміны турэмнага зняволення.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Ст. Галковский. Контрразведчик // Беларусь сегодня, № 81, 2014

Літаратура правіць

  • Валаханович И. А. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944—1953 гг. — Мн., 2002.