Густаў Рамуальдавіч Чаховіч, псеўданім Астоя (1837, маёнтак Паўлінава, Рачкаўшчына, Свянцянскі павет — пасля 1871[1]) — удзельнік паўстання 1863—1864 гадоў, былы паручнік расійскай арміі. Брат Лявона Чаховіча.

Густаў Чаховіч
Нараджэнне 1837
Смерць не раней за 1887
Род Чаховічы
Бацька Рамуальд Чаховіч
Жонка Марыя са Свянтэцкіх[d]
Дзейнасць ваенны
Прыналежнасць Расійская імперыя
Званне паручнік і капітан
Бітвы

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў 1837 годзе ў маёнтку Паўлінава (Рачкаўшчына) пад Свянцянамі ў небагатай шматдзетнай шляхецкай сям'і гербу "Астоя". Пасля службы ў арміі выйшаў у адстаўку, займаўся гаспадаркай.[2]

Паўстанне 1863 года правіць

Падчас паўстання ў 1863 г., віленскі паўстанцкі Камітэт прызначае вайсковым начальнікам у Свянцянскі павет былога афіцэра расійскай арміі Густава Чаховіча (Апора), адначасова даручаючы яму камандаванне новаствораным паўстанцкім атрадам ля Струнойцяў. У канцы сакавіка Чаховіч прыбывае ў Струнойці і ўсю арганізацыю вайсковага атраду бярэ ў свае рукі. Перадусім заняўся ўпарадкаваннем натоўпу добраахвотнікаў. Фарміруе атрад пяхоты, адначасова ствараючы малы атрад касінераў, камандаванне якімі давярае Канстанты Касьцялоўскаму. На чале узводаў пяхоты ім былі прызначаныя афіцэры: Цітус Шаўлевіч, Баранцэвіч і Палоньскі. Функцыі ад’ютанта прыняў Боркман. Апрача пяхоты, Густаў Чаховіч меў невялікі конны атрад, цалкам прызначаны для выведкі і для дастаўкі прадуктаў харчавання. Хто не меў зброі, атрымліваў яе на месцы. Кожны з партызанаў у залежнасці ад прапановы мог атрымаць жолд (плату), якая складала 30 капеек срэбрам за суткі. Грошы ў атрад дастаўляў або сам скарбнік павятовага Камітэта Таньскі, або рабіў гэта праз пасыльных. Аднак калі гэта было немагчымым, Густаў Чаховіч патрэбную суму браў ад абывацеляў, пакідаючы ўзамен квіткі з пячаткай Нацыянальнага Урада.

 
Помнік на месцы бітвы, урочышча «Біты Лог»

Маючы загад прабрацца ў Вілейскі павет з мэтай злучэння з атрадамі Яна Козела-Паклеўскага, намерваўся адправіцца ў ваколіцы возера Нарач, дзе пасля злучэння з партыяй Леона Чаховіча меўся перайсці ў Вілейшчыну. Маючы з сабой 100 чалавек, у сярэдзіне красавіка пакідае струнойцкія лясы і прабіраецца ўздоўж Лынтупаў, Камай і Кабыльніка, у канцы красавіка затрымліваецца ў наваколлі Нарачы.

З мэтай перашкодзіць гэтаму злучэнню, князем Хаванскім тэрмінова былі пасланы паўтары роты фінляндскага палка і 20 казакоў пад камандаваннем капітана Дзімітрыева. 4 мая капітан Дзімітрыеў прыбыў у Іжу, дзе застаўся начаваць, і паслаў рапарт у Кабыльнік. На досвітку вартавыя Дзімітрыева заўважылі паўстанцаў і адразу кінуліся ў пагоню. Атрад Чаховіча быў адціснуты ў нязручнае для яго месца, у лагчыну паміж вёскамі Каралеўцы, Любкі і Вуткі, дзе і быў разбіты[3], пасля чаго за гэтым ўрочышчам замацавалася назва «Біты Лог». Страты, якія панёс Густаў Чаховіч, складалі: шэсць забітых, адзін узяты ў палон і восем параненых. У ліку апошніх – камандзір касінераў Касьцелецкі, а таксама ксёндз, які знаходзіўся ў атрадзе. З рэшткамі атрада Г. Чаховіч вярнуўся ў Свянцянскі павет.

Густаў Чаховіч пасля таго, як пакінуў Свянцянскі павет, затрымаўся ў дубніцкіх лясах, дзе, прыціснуты атрадамі расійскага войска, быў вымушаны 10 дзён хавацца. У ноч з 29 на 30 ліпеня пакідае Дубнікі і пераходзіць у Ашмянскі павет. Паміж Крэва і Барунамі сустрэў Караля Ясевіча, які з 80 паўстанцамі ішоў на спатканне са свянцянскай партыяй. Аб’яднаныя атрады вярнуліся ў дубніцкія лясы і каля Калодца зрабілі свой лагер. Яшчэ раз каля Даўнарышак Чаховіч пераходзіць Вілію і вяртаецца ў Свянцянскі павет, каб заблытаць свае сляды. Праз два дні вяртаецца пад Дубнікі.

28 жніўня яго атрад быў заатакаваны пад Дубнікамі дзвюма ротамі пяхоты, 80 драгунамі і 40 казакамі. З прычыны колькаснай перавагі ворага, паўстанцам давялося адступіць падчас бою і ўцякаць ад пагоні. Страты паўстанцаў былі адчувальнымі: тры забітыя і тры параненыя. Сярод забітых быў і Караль Ясевіч, камандзір тылавой варты.

Пасля бою пад Дубнікамі Густаў Чаховіч пераходзіць у астравецкія лясы Ашмянскага павета. У пачатку верасня ён вырашае распусціць атрад. Тых, хто пакінуў атрад, каб вярнуцца ў павет, было толькі пяцёра. Праз іх Чаховіч высылае лісты да родных, а сам з паменшаным да 35 чалавек атрадам вырашыў прабіцца ў Аўгустоўскі павет[4] Каралеўства Польскага.

Пасля паўстання правіць

Паводле чутак сярод мясцовай шляхты, Густаў быў схоплены і расстраляны ў Дынабургскай крэпасці (Даўгаўпілс)[5].

Аднак насамрэч, пасля жорсткага падаўлення паўстання, Густаў Чаховіч эміграваў у Францыю. Гэтая версія падмацавана звесткамі «Алфавітнага спісу асоб, асуджаных за удзел у паўстанні 1863—1864 гг. на пазбаўленне правоў уласнасці, канфіскацыю маёмасці і высылку» ад 1 кастрычніка 1864 года, дзе на стар. 61 пазначана наступнае: «Чаховіч Густаў — шляхціц Свянцянскага павету, дзе ў бацькі маёнтак — уцёк». Ліст Густава Чаховіча, у якім паведамляў сям’і аб сваім вяртанні вясной 1864 года, а таксама чуткі, што распаўсюджваліся сярод сялян аб прыходзе польскіх і французскіх войскаў, яшчэ доўгі час непакоілі расійскія ўлады[6].

Ва Францыі служыў старэйшым кандуктарам на чыгунцы Парыж-Ліён, у званні капітана ўдзельнічаў у франка-прускай вайне 187071 гадоў. У 1887 годзе пераехаў у Бэса-Сур-Братс. У Францыі ажаніўся з Марыяй Свянтэцкай, унучкай пісьменніка Ігнація Ходзькі[7]. У іх нарадзілася дачка Сафія, што пабралася шлюбам з Марсэлем дэ Бравусэ. У іх было трое дзяцей, адна з якіх – дачка Гелена – выйшла замуж за Казіміра Святлодыч-Кісяля і мела дваіх дзяцей – Ганну і Аляксандра. Сям’я Аляксандра Святлодыч-Кісяля зараз жыве ў Францыі[8]

Пра баявыя дзеянні паўстанцаў пакінуў дзённікі за 1859—1863 гады. Як піша ў сваім «Дзённіку» Густаў Чаховіч, стомленыя доўгімі маршрутамі і галодныя, аднак моцныя духам, у колькасці 36 чалавек яны нападаюць на дзве непрыяцельскія роты пяхоты, аддаючы перавагу смерці перад няволяй[9].

Зноскі

  1. Паказальнік імёнаў(недаступная спасылка)
  2. Объединенный отряд братьев Чеховичей Архівавана 27 лістапада 2011.
  3. Деревня Любань, Вилейский район — ради красивого вида из окон усадьбы пан переселил целую деревню Архівавана 29 сакавіка 2015.
  4. Ona Maksimaitienė. Gustavas Čechovičius. Visuotinė lietuvių enciklopedija, T. XV (Mezas-Nagurskiai). V.: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2009, 724 psl.
  5. В. А. Дьяков «Деятели русского и польского освободительного движение в царской армии 1856—1865 г.», Москва 1967
  6. Якубянец-Чаркоўска Я. Паўстанне 1863 года ў Свянцянскім павеце. — «Сумежжа», Паставы, 2013. — С.70.
  7. Мяцежнікам Бітага Логу Архівавана 22 чэрвеня 2008.
  8. СТРАЧАНАЯ СПАДЧЫНА ВІЛЕЙШЧЫНЫ. МАЁНТАК ДЗЕВЯТНІ ІГНАЦІЯ ХОДЗЬКІ
  9. Якубянец-Чаркоўска Я. Паўстанне 1863 года ў Свянцянскім павеце. — «Сумежжа», Паставы, 2013. — С.72.

Спасылкі правіць