Гілелі́зм — дактрына, натхнёная равінам Гілелем, сучаснікам Ісуса Хрыста. Л. Л. Заменгоф прыняў яе ў рамках сваіх ідэй, выказаных у артыкуле «Гілелізм — прапанова па вырашэнню яўрэйскага пытання», выдадзеным у 1901 годзе.

Адмовіўшыся ад сіянісцкага вырашэння ўжо ў 1886, Заменгоф, аднак, застаўся верным свайму народу, лёс якога ва Усходняй Еўропе быў вельмі цяжкім.

У 1901 годзе пад псеўданімам Unuel («Адзін з народа»), узятым ад равіна Акад-Хама, да духоўнага сіянізму якога Заменгоф далучыўся (адмовіўшыся ад палітычнага і нават узброенага сіянізму Тэадора Герцля), Заменгоф выдаў свае тэзісы аб усталяванні новай, нейтральнай агульначалавечай рэлігіі, усталяванай таксама на новай, нейтральнай агульначалавечай мове. Калі сіянізм імкнуўся, каб аб яўрэях гаварылі з такой самай павагай, як аб французах, немцах, рускіх і г. д., то Заменгоф імкнуўся, каб наогул забыліся аб існаванні яўрэяў, французаў, немцаў, рускіх і г. д.

Сваю прапанову, напісаную па руску, ён разаслаў яўрэйскім інтэлектуалам (ашкеназам, валодаючым рускай мовай), з якіх шмат хто былі эсперантыстамі. Яўрэі і талстоўцы складалі значную частку эсперантыстаў у тагачаснай Расійскай імперыі.

Сустрэўшы супраціўленне, Заменгоф на некаторы час адмовіўся ад распаўсюджвання свайго праекта, які праз некалькі гадоў адрадзіўся пад назвай гамаранізму. У адным са сваіх пісем Заменгоф тлумачыць, што «сотня людзей, якія вывучылі мову спадчынна, з’яўляецца больш важнай, чым мільёны тых, хто вывучыў яе згодна з модай» і што «мова самага маленькага народа мае больш жыццяздольнасці, чым мова без народа». Гэта пісьмо разглядаюць як першы зародак раўмізму.