Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы Крыштофа Радзівіла
Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы Крыштофа Радзівіла (польск.: Dziesięćroczna powieść wojennych spraw Krysztofa Radziwiła) — польскамоўная паэма Андрэя Рымшы, надрукаваная ў 1585 годзе ў Вільні, у якой ўслаўляецца выправа К. Радзівіла «Перуна» на маскоўскія землі. Паэма з'яўляецца найбольш значным творам з радзівілаўскага цыклу і падзяляецца на 25 разделаў.
Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы Крыштофа Радзівіла | |
---|---|
Аўтар | Андрэй Рымша |
Мова арыгінала | польская |
Дата першай публікацыі | 1585 |
Месца публікацыі | Вільнюс |
Паэма распачынаецца 1572 годам — датай смерці Жыгімонта Аўгуста і заканчваецца апісаннем доўгачаканага міру, які настаў у Вялікім Княстве пасля Ям-Запольскага пагаднення 1582 года.
Паход польнага гетмана літоўскага Крыштофа Радзівіла Перуна па тылах маскоўскіх войскаў восенню 1581 г. аказаўся для тагачасных паэтаў найбольш прыцягальным з усіх эпізодаў шматгадовай Лівонскай вайны. Але найбольш падрабязнае паэтычнае апісанне паходу К. Радзівіла выйшла з-пад пяра А. Рымшы. Паэма налічвае 2184 радкі (без уступнай часткі). «Дзесяцігадовая аповесць…» з'яўляецца найбольш значным творам з радзівілаўскага цыклу і з мастацкага пункту гледжання.
Паэма Рымшы напісана традыцыйным 13-складовым сілабічным вершам, падзелена на 25 раздзелаў (акраам). У празаічнай прадмове да «Дзесяцігадовай аповесці…» А. Рымша спасылаецца на кнігу Ф. Градоўскага, які напісаў раней паэму «Апісанне маскоўскага паходу князя Крыштофа Радзівіла» (Вільня, 1582). Рымша паведамляе, што дзякуючы гэтай кнізе слава пра радзівілаўскі паход разнеслася па ўсім хрысціянскім свеце, і шчыра прызнаецца, што менавіта прыклад Ф. Гарадоўскага натхніў яго напісаць уласную паэму пра слынныя подзвігі Крыштофа Радзівіла, але не па-лацінску, а па-польску, адрасуючы свой твор не мудрым і вучоным людзям, а «…па простасці сваёй, для ўсіх людзей; найбольш для тых, што лепш навучаныя складваць сілагізмы шабляю, аргументаваць дзідаю, канфірмаваць кайданамі, чым дыспутаваць на лаціне…»
Мікола Гусоўскі ў «Песні пра зубра» адзначыў, што справа паляўнічага яму больш знаёмая і звыклая, чым далікатная праца паэта, што рука яго больш упэўнена трымае лук і кап'ё, чым пяро. Андрэй Рымша таксама лічыць сябе найперш воінам і толькі потым — паэтам, прызнаецца, што рамяство жаўнера спазнана ім лепш, чым майстэрства пісьменніка.
Назва паэмы А. Рымшы сведчыць, што аўтар «Дзесяцігадовай аповесці…» ставіў перад сабой больш амбіцыйную задачу, чым напісанне радзівілаўскай выправы 1581 г.: стварыць вершаваную хроніку подзвігаў Крыштофа Радзівіла на працягу дзесяці гадоў, прасачыць удзел Радзівіла ў ваенных аперацыях з 1572 па 1581 г.
А. Рымша пачынае першы раздзел паэмы са сціплага «летапіснага» запісу пра смерць вял.кн. і караля Жыгімонта Аўгуста:
Року ад нараджэння Пана, Збаўцы-Бога,
Тысяца пяцьсот пісана семдзесят другога,
Як без літасці паркі караля святога
Ад жывых адабралі; меў ён ласку ў Бога -
На нябёсы патрапіў, цела ж тленам стала,
Каб у прышласці часу да жыцця паўстала.
Звернем увагу на характэрнае спалучэнне ў першых жа радках паэмы вобразаў грэчаскай міфалогіі і рэлігійных перакананняў аўтара: караля Аўгуста пазбавілі жыцця няўмольныя Паркі, а на неба яго ўзяў хрысціянскі Бог. Гэта тыповы вынік наследавання рэнесансным паэтам антычных узораў.
Беларускі паэт у «Дзесяцігадовай аповесці…» істотна дапаўняе звесткі Ф. Градоўскага апісаннем падзей 1572—1581 гг. і больш падрабязней распавядае пра сам радзівілаўскі рэйд, дбаючы пра каштоўнасць свайго твора як гістарыяграфічнай крыніцы. За пачатак аповеду 1572 г. выбраны таму, што ў гэтым годзе Крыштоф Радзівіл стаў польным гетманам літоўскім, і таму, што з гэтага часу ў акружэнні князя з'яўляецца аўтар паэмы, які ў вершаванай прадмове ўрачыста абяцае чытачу:
Тут пра тое казазьму, што на ўласны вочы
Бачым, бачыць захочам, можа, не аднойчы.
Непасрэдны ўдзельнік паходу К. Радзівіла А. Рымша неаднаразова падкрэслівае сваю ролю відавочцы многіх апісаных у паэме падзей, даты якіх падаюцца ў тэксце альбо на палях. Прынцып гістарычнай дакладнасці з'яўляецца мастацкай асновай «Дзесяцігадовай аповесці…»
Сімптаматычна, што Ф. Градоўскі ва ўступнай эпіграме просіць кіраваць яго лірай Каліёпу — музу эпічнай паэзіі, а А. Рымша ў паэтычнай прадмове называе сваімі апякункамі дзвюх муз: Каліёпу і музу гісторыі Кліа. Рымша арыентуецца на луканаўскую мадэль эпасу, усведамляе сябе паэтам-гісторыкам, піша вершаваную хроніку дзесяцігадовага служэння Крыштофа Радзівіла Айчыне.
Адметнай рысай «Дзесяцігадовай аповесці…» з'яўляецца высокі на той час узровень гістарызму, што тлумачылася менавіта арыентацыяй Рымшы на праўдзівасць і дакладнасць як на асноўныя крытэрыі адлюстравання рэчаіснасці. Паэт імкнецца мысліць гістарычна, не прымаць на веру неправераныя, няпэўныя факты і легендарныя звесткі. Прыклад таму — яго разважанні наконт так званай царквы Вітаўта над Дзвіной, недалёка ад Таропца.
Царкву гэтую згадваў у сваёй паэме Ф. Градоўскі, але ў яго не ўзнікла сумнення, што яе будаваў менавіта Вітаўт. Іншая справа — Андрэй Рымша. Паведаміўшы, што Крыштоф Радзівіл разбіў лагер каля царквы, пабудаванай быццам бы Вітаўтам (паводле легенды), аўтар «Дзесяцігадовай аповесці…» прысвячае 16 радкоў разважанням на гэту тэму. Па-першае, лічыць паэт, калі Вітаўт сапраўды пабудаваў над Дзвіной каля Таропца храм, то напачатку гэта быў касцёл, толькі потым ператвораны ў праваслаўную царкву: Вітаўт быў па веравызнанні каталік, хрышчоны ў Кракаве. Па-другое, калі Вітаўт агнём і мячом пустошыў гэтыя землі, ён вызнаваў яшчэ паганства і хрысціянскіх храмаў не будаваў. Вось студню — Вітаўтаў Ключ — сапраўды мог бы зрабіць ён.
Уражваюць не столькі аргументы Рымшы, часам спрэчныя (Вітаўт, напрыклад, за сваё жыццё некалькі разоў мяняў веравызнанне), колькі сам вобраз мыслення паэта, імкненне разглядаць сучасную з'яву з улікам яе прадгісторыі.
Несумненнай творчай удачай А. Рымшы з'яўляецца вобраз Крыштофа Радзівіла, створаны не прыдворным панегірыстам, а воінам-паплечнікам, які відавочна аддаваў перавагу канкрэтным, рэалістычным штрыхам перад вонкава-прыгожымі рытарычнымі фігурамі. Аўтар «Дзесяцігадовай аповесці…» акцэнтуе ўвагу не столькі на здольнасцях Радзівіла як военачальніка, колькі на праяўленых ім жаўнерскіх якасцях. Гетман церпіць голад і холад, здавальняецца толькі самым неабходным, абыходзіцца доўгі час без звыклай для прадстаўнікоў арыстакратыі раскошы. Напрыклад, А. Рымша апісвае, як пасля чарговай ваеннай прыгоды Крыштоф у суправаджэнні некалькіх слуг вяртаецца апоўначы ў лагер:
Пан прыехаў — трасецца, як пячкур у меху,
Што казаці — было тут пану не да смеху:
Затушыў дождж кастрышчы, дровы не прасохлі,
І ляжаў у адзенні, да касцей прамоклы.
І назаўтра ўжо толькі, як агонь займелі,
Накармілі Крыштофа ды цяплом сагрэлі.
Воінская мужнасць, рыцарскае ўмельства былі якраз тымі якасцямі Крыштофа, якія набліжалі яго да асноўнай масы вялікалітоўскага воінства. Гэтыя якасці не вынікалі з радавітасці і заможнасці Радзівіла, а выхоўваліся і гартаваліся ў шматлікіх бітвах і паходах. Праз вобраз Радзівіла А. Рымша паказвае нялёгкае, суровае жыццё жаўнера ўвогуле, сцвярджае, што сапраўдны гераізм заключаецца не толькі ў незвычайных подзвігах, але і ў знешне непрыкметным штодзённым служэнні Айчыне.
У паэме А. Рымшы згадваюцца многія ўдзельнікі Лівонскай вайны, паплечнікі польнага гетмана літоўскага: Міхаіл Гарабурда, Гальяш Пельгрымоўскі, Кашпар Бекеш, Філон Кміта-Чарнабыльскі. Але іх вобразы зусім неакрэсленыя, неразвітыя ў параўнанні з вобразам Крыштофа Радзівіла. Затое побач з вобразам галоўнага героя ў «Дзесяцігадовай аповесці…» паўстае калектыўны вобраз удзельнікаў выправы Радзівіла. Батальных сцэн у паэме няшмат, але напісаны яны маляўніча і экспрэсіўна:
Годна рыцары дзячаць пану за прамову,
На Кярпецкі той замак рушаць адмыслова
З мужным сэрцам. І войска неба разбудзіла;
Змоўкнуць мусіла Рэха — дыху не хапіла.
Дзіды мечуць пад дахі смаляныя копы,
Ад мяча ў замку гінуць гордыя халопы.
Валіць дым там клубамі — вока не працерці,
І агню ў задушшы ўсё далі пажэрці.
Пераход Радзівіла праз Мядзведжае балота А. Рымша, услед за Ф. Градоўскім, параўноўвае з пераходам Ганібала праз Альпы і Ксеркса праз гару Атос, і затым малюе каларытную сцэну пераправы радзівілаўскіх жаўнераў праз небяспечнае месца:
Тут хто дрэвы рубае сажні з тры ў абхваце,
Хто трысцём тую багну на балоце гаціць.
Іншы дрэва, што накрыж на другім ляжала,
Коціць, каб для праходу не перашкаджала.
Не пазнаць было, хто там гетман, хто паняты:
У гразі ўсе таўкліся, быццам парасяты.
Фаўн і Пан, і Сільванус, і сатыры разам
Рады вельмі, што панства ў лесе тым загразла.
Крыкі: «Браце, дай рады — абняло па шыю!»,
Той, хто збыўся балота, гразь гразёю мые.
Думаў, пэўне, што ўмыўся, аж глядзіць, нябога, -
Поўна гразі; смяецца ўсё адно з другога.
Гэты фрагмент — яскравы ўзор мастацкага тэксту, створанага пры дапамозе аўтарскай фантазіі. І хаця аўтар «Дзесяцігадовай аповесці…» неаднаразова падкрэслівае сваю ролю відавочцы апісаных у паэме падзей, даты якіх заўсёды падае ў тэксце альбо на палях, але, у паэме дзейнічаюць і згадваюцца і міфалагічныя істоты. Побач з уласнымі назіраннямі і сведчаннямі аўтара вялікае месца ў «Дзесяцігадовай аповесці…» займаюць гістарычныя звесткі, а таксама малюнкі і сцэны, створаныя выключна з дапамогай паэтычнага вымыслу.
А. Рымша ўмела ўводзіць у прысвечанаю гістарычным падзеям канца XVI ст. эпічную паэму неад'емныя атрыбуты класічнага гераічнага эпасу: апісанні бітваў, умяшанні багоў у ваенны справы, урачыстыя пахаванні загінулых воінаў.
Распавядаючы пра ваенныя аперацыі К. Радзівіла, А. Рымша робіць экскурсы ў старажытную гісторыю, згадвае тактыку Ганібала, Гая Сульпіцыя. Паэт ахвотна параўноўвае Радзівіла з легендарнымі героямі Грэцыі і Рыма, прычым ставіць польнага гетмана літоўскага вышэй за старажытных герояў. Цікава, што ў гэтых параўнаннях заўсёды прысутнічае доля гумару: Курцый не можа зраўняцца з Радзівілам, бо ён толькі аднойчы скочыў дзеля Айчыны ў яміну і ўжо адтуль не вылезе.
Аўтар «Дзесяцігадовай аповесці…» быў добрым знаўцам грэчаскай і рымскай міфалогіі: лугі, палі, лясы, азёры і рэкі таямнічай Масковіі па волі паэта густа населены шматлікімі багамі і міфалагічнымі істотамі, якія разам з мірнымі жыхарамі пакутуюць ад нягодаў вайны. У паэме шмат апісанняў прыроды, і ў большасці выпадкаў гэтыя апісанні міфалагізаваны:
Зноў прыгожае поле — ну нібыта ў раю,
Вёсак поўна паўсюдна і не бачна гаю.
Вось вяночак Цэрэры каласамі ўбраўся,
Селянін, серп узяўшы, жыта жаць падаўся.
Бог Сільванус з Цэрэрай жытнім полем ходзіць,
Пастухоў да авечак спешна Пан падводзіць:
«Смела статкі пасіце — не кране ліхое,
Вам Вулкан тут не страшны — крэсліва сырое…»
Ёсць у «Дзесяцігадовай аповесці…» і апісанні прыроды іншага тыпу, створаныя без аглядкі на класічны эпас: іх можна назваць замалёўкамі з натуры. У гэтых лаканічным, але яскравых, прадметна-змястоўных замалёўках выявілася не толькі паэтычнае майстэрства А. Рымшы, але і яго назіральнасць, глыбокае веданне жаўнерскага рамяства. Напрыклад, яго апісанне халоднай восеньскай раніцы ў ваенным лагеры:
Раніцою намёты сонца абагрэла,
Холад згінуў, удзячна сонцу кожна цела,
Зброю ў кроплях халодных ужо паабціралі,
Трубы цемру начную ў гушчары загналі.
Заканчваецца «Дзесяцігадовая аповесць…» А. Рымшы апісаннем доўгачаканага міру, які настаў у Вялікім Княстве Літоўскім пасля заключэння Ям-Запольскага пагаднення з Маскоўскім княствам: жаўнеры распушчаны па дамах і не думаюць болей пра бітвы і паходы, павесялеўшыя сяляне выпускаюць на палі ацалелую скаціну, на двары ў поўнай бяспецы гуляюць дзеці. Спаўняецца запаветнае жаданне Крыштофа Радзівіла — Радзіме больш не пагражае вораг, да людзей прыходзіць трывалы мір. Жаніцьба ў фінале «Дзесяцігадовай аповесці…» (з 1579 г. К. Радзівіл быў удаўцом) — таксама характэрны штрых да агульнага малюнка міру пасля вайны.
На мову «Дзесяцігадовай аповесці…», відавочна, аказала ўплыў старабеларуская мова. Прамовы цара Івана IV і рускага насельніцтва дадзены ў паэме ў «арыгінале», а фактычна — на старарускай і старабеларускай мовах.
Літаратура
правіць- Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 473—479
- Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. У. Бразгунова. — Мн., 2011. — С. 324—469. — 901 с. — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 экз. — ISBN 978-985-08-1291-9