«До́брапіс» — шматфункцыянальны моўны сэрвіс з інтэрфейсам на беларускай мове ад тэлеканала Белсат, які ўключае ў сабе праверку арфаграфіі беларускай мовы, канвертар лацінкі і базу іншамоўных найменняў. Правярае арфаграфію ў афіцыйным правапісе і ў альтэрнатыўнай літаратурнай норме.

Добрапіс
URL dobrapis.belsat.eu
Камерцыйны не
Тып сайта моўны сэрвіс
Рэгістрацыя няма
Мова(-ы) беларуская
Уладальнік тэлеканал «Белсат»
Аўтар Зміцер Саўка
Пачатак працы 2015 год
Бягучы статус дзеючы
Чысты прыбытак няма

Гісторыя правіць

Праект стварыў у 2015 годзе беларускі мовазнаўца Зміцер Саўка разам з моўнай службай тэлеканала Белсат і з чыннай дапамогай валанцёраў[1], у тым ліку праграміста Алеся Булойчыка. Пачатковая мэта — аўтаматычнае выпраўленне памылак у журналісцкіх тэкстах супрацоўнікаў тэлеканала[2]. Першапачаткова моўны сэрвіс «Добрапіс» быў размешчаны на дамене dobrapis.info[3].

На 2018 год слоўнікавая база складалася з больш за 1,5 мільёна слоў і славаформ акадэмічным правапісам і 1,2 мільёны тарашкевіцай. Акрамя таго, сэрвіс утрымліваў базу з 38 тысяч іншамоўных уласных імён, адаптаваных на беларускую мову з дзясяткаў іншых моў[4]. База папаўняецца натуральным чынам — тымі пазіцыямі, якіх патрабуе час[2]. 2 жніўня 2018 года «Добрапіс» перамясцілі на паддамен тэлеканала «Белсат» dobrapis.belsat.eu[5]. Разам з блакіроўкай сайта «Белсата» ў Беларусі са жніўня 2020 года сайт «Добрапісу» таксама застаўся заблакаваны[6][7].

Апісанне правіць

Дапамагае пазбавіцца памылак у тэксце, напісаным па-беларуску ці афіцыйным, ці альтэрнатыўным правапісам (у якасці стандартнага загружаецца раздзел «Афіцыйны правапіс»). Правярае правапіс толькі ў межах аднога слова[8].

Дазваляе пошук беларускага асваення іншамоўных найменняў (імёны, прозвішчы, тапонімы, назвы краін, арганізацый, фірм, спартыўных каманд і г.д.).

Канвертар лацінкі дапамагае карыстальнікам у правільным зваротным пераводзе кірылічных тэкстаў (у тым ліку беларускіх уласных імён) у лацінкавыя.

Зноскі

  1. КМ. 5 моўных спраў, якія зрабіў для нас Зміцер Саўка. Радыё «Свабода» (11 красавіка 2016). Праверана 4 лютага 2021.
  2. а б Настасся Вікулава. Беларусы стварылі ўнікальны сэрвіс, які не дае памыліцца. Тэлеканал «Белсат» (6 верасня 2018). Архівавана з першакрыніцы 12 лістапада 2021. Праверана 4 лютага 2021.
  3. Моўны сэрвіс «Добрапіс». Метадычны партал «Настаўнік» (25 красавіка 2016). Праверана 4 лютага 2021.
  4. Журналісты запусцілі праект «Добрапіс» для пошуку памылак у беларускамоўных тэкстах, DEV.BY, 3.08.2018 г.
  5. Унікальны сэрвіс «Добрапіс» цяпер дасяжны на новым адрасе. Тэлеканал «Белсат» (2 жніўня 2018). Праверана 4 лютага 2021.
  6. Олехнович, Виталий. В Беларуси заблокирован ряд сайтов. В том числе и СМИ (руск.). Onliner.by (22 жніўня 2020). Праверана 23 снежня 2020.
  7. В Белоруссии заблокировали несколько десятков информационных сайтов. Среди них — "Радио Свобода" и "Медиазона" (руск.). Meduza (22 жніўня 2020). Праверана 24 жніўня 2020.
  8. Пра сэрвіс. «Добрапіс» (25 красавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 1 студзеня 2021. Праверана 4 лютага 2021.

Спасылкі правіць