Дом праектных арганізацый

Дом праектных арганізацый — шматпавярховы будынак у Мінску на праспекце Пераможцаў.

Дом праектных арганізацый
Краіна
Канец будаўніцтва 1978
Архітэктар Валянцін Мікалаевіч Малышаў
Карыстальнік «Белдзяржпраект»

Пабудаваны ў 1978 г. па праекце архітэктара В. Малышава для інстытута «Белдзяржпраект» і іншых праектных арганізацый.

Архітэктура

правіць

Буйшамаштабны будынак размешчаны з водступам ад чырвонай лініі праспекта Пераможцаў, на маляўнічым схіле ўзгорку. Будынак арганічна ўпісваецца ў ансамбль забудовы праспекта, з’яўляецца важным горадабудаўнічым акцэнтам у яго кампазіцыі. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя заснаваная па перакрыжаванні пад прамым вуглом У-падобнага ў плане падоўжанага асноўнага сяміпавярховага аб’ёма (часткова пастаўлены на 8 У-падобных жалезабетонных рам) і асіметрычна размешчанага двухпавярховага прамавугольнага ў плане аб’ёма, завершанага купалам. Злом формы плану асноўнага аб’ёма ў сярэдняй частцы падкрэслівае ламаную лінію трасы былой Паркавай магістралі.

Строгі рытм фасадаў, утвораны панелямі ў выглядзе кесонаў, узмацняе буйнамаштабную кампазіцыю збудавання. Фрызавы і цокальны паясы выкладзены панелямі ў форме «ізумруднага» руста. Фасады двухпавярховага аб’ёма зашклёны і рытмічна расчлянёны зубчастымі рэбрамі-прасценкамі[1].

Планіроўка тыпавога паверха галоўнага корпуса калідорная з двухбаковым размяшчэннем майстэрняў, кабінетаў, службовых памяшканняў. Вакол 2 ліфтавых груп з міжпаверхавымі лесвіцамі размешчаны прасторныя холы. Першы паверх двухпавярховага аб’ёма займае парадны вестыбюль з ружоўнікам; у яго дэкаратыўнай апрацоўцы выкарыстаны белы і шэры мармур, кесонная столь, наборная мармуровая падлога. Паміж вестыбюлем і галоўным корпусам створаны ўнутраны зялёны дворык, па перыметры якога размешчаны басейн і спартыўная зала. Другі паверх займае вырашаная амфітэатрам канферэнц-зала па 600 месцаў з эліпсападобнай сцэнай. Прастора залы перакрыта паўсферычным купалам, па баках абмежавана ўступамі балкона і сцен, апрацаваных армянскім туфам[1].

Зноскі

  1. а б 233е. Дом праектных арганізацый // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.

Літаратура

правіць