Знак Беларускай вайсковай камісіі

Знак Белару́скай вайско́вай камі́сіі — знак і кукарда Беларускай вайсковай камісіі перыяду Беларускай Народнай Рэспублікі і часоў урада БНР у выгнанні.

Знак Беларускай вайсковай камісіі
Апісанне ўзнагароды
Краіна БНР
Тып знак (кукарда)
Каму ўручаецца вайскоўцам і грамадскім дзеячам
Дата заснавання невядомая
Статус не ўручаецца

Дата заснавання знака невядомая, але на фотаздымку пасведчання сябра Беларускай вайсковай камісіі, выдадзенага 6 верасня 1920 года, знак прысутнічае на лацкане пінжака Антона Борыка. Мяркуецца, што дадзены знак выраблены не пазней за май 1920 года.

З лета 1920 года выкарыстоўваўся як адметны знак сябра Беларускай вайсковай камісіі са спецыяльна адціснутай з жоўтага метала авальнай кукардай са шчытом у сярэдзіне, на якім размешчаны герб БНР «Пагоня».

У 1920-я гады знак выкарыстоўваўся навучэнцамі Віленскай беларускай гімназіі.

Асобнік знака (кукарды) Беларускай вайсковай камісіі захоўваецца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Украіны, куды ён трапіў пасля Другой сусветнай вайны з Украінскага музея вызваленчай барацьбы.

У 1930-я гады Украінскі музей вызваленчай барацьбы размяшчаўся ў Празе. У гэты момант там жа размяшчаўся Урад БНР у выгнанні. Частка беларусаў па дамоўленасці паміж уладамі Украінскай Народнай Рэспублікі і Беларускай Народнай Рэспублікі вучылася ва ўкраінскіх установах, размешчаных у Чэхаславакіі. Па здагадцы даследчыкаў, знак Беларускай вайсковай камісіі маглі перадаць ва ўкраінскі музей студэнты-беларусы.

Пасведчанне сябра Беларускай вайсковай камісіі Антона Борыка, выдадзенае 6 верасня 1920 года. На лацкане пінжака знак БВК

У 2017 годзе з’явілася інфармацыя пра тое, што знак БВК быў знойдзены ў раёне вёскі Ігарава, 16 жыхароў якой удзельнічалі ў Слуцкім паўстанні 1920 года ў складзе 2-га Грозаўскага палка. Артэфакт знаходзіцца ў прыватнай калекцыі.

Спасылкі правіць