Знаць
Знаць — сацыяльны клас, частка ўладнага стану (арыстакратыі) у многіх грамадствах з арыстакратычнай палітычнай сістэмай (формай кіравання). У арыстакратычнай іерархіі, звычайна, стаіць адразу за ўладаром і яго родам . Знаць была станам (саслоўем) з многімі выключнымі функцыямі і ўласцівасцямі. Уласцівасці давалі перавагі над іншымі станамі або фармальнымі функцыямі (напрыклад, старшынством або выкананнем абавязкаў) і розніліся залежна ад краіны і эпохі. Належнасць да стану (знатнасць), з адпаведнымі правамі і абавязкамі, звычайна была спадчыннай па бацькоўскай лініі .
У шырокім сэнсе пад знаццю разумеюць еўрапейскую феадальную арыстакратыю агулам, выразы ўзору «французская знаць» і «французская арыстакратыя» ўжываюць як сінонімы. З пункту гледжання сацыялогіі, знаць — рэферэнтная група, належаць да якой пачэсна і прэстыжна, у стратыфікацыі нацыі — эліта.
Спадчынны статус часта звязваўся з правам мець да імя прэфікс з месцазнаходжаннем родавага маёнтка (напрыклад «de», «don» або «von» у Еўропе). Родавая знаць перадала свой статус у спадчыну разам з родавым маёнткам. Часта знаць мела спадчынная фінансавыя і іншыя прывілегіі, напрыклад у дарэвалюцыйнай Францыі. Цяпер у большасці краін знатнасць і тытул не даюць законных прывілегій. Некаторыя выключэнні з гэтага ёсць да гэтага часу, напрыклад у Вялікабрытаніі, пэўныя прадстаўнікі знаці маюць асобныя прывілегіі — месца ў верхняй палаце брытанскага парламента, Палаце лордаў. У сучаснасці «знаць» — гістарычнае, сацыяльнае і часам прававое паняцце, але не тоеснае гістарычнаму сацыяльна-эканамічнаму статусу. Багацце або палітычны ўплыў не роўныя і не даюць знатнасці. У некаторых краінах тытулаў не было зусім, бо яны адменены заканадаўча (Кітай, Італія, краіны былога сацыялістычнага лагера і інш.).
- Тытулаваная знаць — князь, граф, барон і т. п.
- Нетытулаваная знаць — не мае родавых тытулаў, але колькасна значнейшая за тытулаваную. Складалася са спадчанных нетытулаваных феадалаў і набілітаванай знаці, якая не мела маёнткаў.
Наданне статусу (набілітацыя) ажыццяўлялася за выдатныя заслугі або працяглую беззаганную службу. Наданне магло быць спадчынным або асабістым пажыццёвым. Спадчынная пераходзіла дзецям і іх нашчадкам, асабістае пажыццёвае — не пераходзіла дзецям. Пажыццёвае асабістае наданне ўжываецца ў Вялікабрытаніі, як прызнанне асаблівых заслуг асобы, надаецца ўказам караля праз пасвячэнне ў рыцары Брытанскай імперыі (напрыклад Ісак Ньютан, Пол Макартні, Элтан Джон і інш.).
У Еўропе
правіцьБеларусь
правіцьШляхта значна ўплыла на фарміраванне эліты беларускай нацыі. Пасля 1772 года ўладамі Расійскай імперыі быў уведзены жорсткі кантроль за прызнаннем беларускай шляхты ў расійскім дваранстве. Шляхта падтрымлівала і была асноўнай сілай антырасійскіх паўстанняў 1794, 1830—1831, 1863—1864 гадоў. Выклікала пэўную зайздрасць у расійскага дваранства, бо значная яе частка мела радаводы на больш за 400—500 гадоў глыбінёй, чаго не было ў большасці расійскіх дваран. У значнай частцы незаможная, трымалася за свае спадчынныя званні і правы, часта ставіла маральныя якасці вышэй за маёмасць. Складала болей за 10 % насельніцтва агулам, мела досвед ажыццяўлення сваіх палітычных правоў (у т.л. права на выбар вярхоўнай улады), таму фактычна была калыскай сучаснай дэмакратыі ў беларускім грамадстве. У канцы 1980-х гадоў створана Згуртаванне беларускай шляхты.
Расія
правіцьПаняцце «дваранін» у значэнні «служыцель [княжацкага/баярскага] двара», «чалавек з [княжацкага/баярскага] двара» або «прыдворны» з’явілася даўно, з XV ст. у Маскоўскай дзяржаве «слугі» двара вялікага князя — «дваране» сталі асновай прывілеяванага стану, а з 2-й паловы XVII ст. такая назва стала асноўнай для маскоўскага прывілеяванага стану. Ранейшая асноўная назва, успадкаваная з часоў Русі — «баярства», у Маскоўскай дзяржаве даволі рана сталі разумець як толькі вышэйшы слой гэтага стану.
Літаратура
правіць- Шыдлоўскі С. А. Культура прывілеяванага саслоўя Беларусі: 1795—1864 гг. — Мінск : Беларус. навука, 2011. — 168 с.
- Яблочков М. История дворянского сословия в России. — СПб, 1876.