Камы
Ка́мы (ад паўднёваалт.: кам, тув.: хам — шаман) — узгоркі, бугры, кароткія грады акруглай, конусападобнай ці падоўжанай у плане формы ў абласцях апошняга мацерыковага зледзянення. Гэтыя формы рэльефу складзеныя з сартаваных слаістых пяскоў, галечнікаў і жвіраў.
Вышыня вагаецца каля 10—15 м, зрэдку дасягае 80—100 м, дыяметр (па аснове) да некалькіх соцень метраў, стромкасць схілаў 10—20°, зрэдку 20—40°. Плошча ад дзесяткаў да тысяч м².
Камы ўзнікаюць ля ўнутранага боку мацерыковых ледавікоў пры раставанні мёртвага лёду. Часам яны прыкрытыя зверху плашчом марэны. Камавыя адклады сфарміраваны расталымі водамі пасіўнага або дэградуючага «мёртвага» лёду ва ўнутры-, пад- і надледавіковых трэшчынах, праталінах, паглыбленнях і іншых пустотах ва ўмовах кантрастнага рэльефу ледавіковага ложа. Пры раставанні лёду гэтыя адклады апусціліся і ўтварылі камавы рэльеф.
Паводле генезісу і будовы камы бываюць водна-ледавіковыя, складзеныя са слаістых розназярністых пяскоў і галечна-жвіровага матэрыялу, азёрна-ледавіковыя алеўрыта-гліністага складу са стужачнай гарызантальнаслаістай будовай і мяшаныя (складаныя), трапляюцца разнастайныя пераходныя да озаў формы.
Камы пашыраны ў Паўночным паўшар’і (Фінляндыя, Польшча, Германія, Канада, ЗША). На Беларусі сустакаюцца ў межах рэльефу паазерскага і сожскага зледзяненняў — на Браслаўскай, Свянцянскай і Асвейскай градах, Гродзенскім, Віцебскім, Нешчардаўскім узвышшах і інш.
Многія камы змяшчаюць невялікія радовішчы пяску і жвіру.
Літаратура
правіць- Геаграфічныя паняцці і тэрміны: Энцыклапед. слоўнік. — Мн., 1999.
- Геаграфія ў тэрмінах і паняццях: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — 352 с.: іл. ISBN 985-11-0262-8.
- Ка́мы // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 365. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.