Нешчардаўскае ўзвышша
Нешча́рдаўскае ўзвышша — фізіка-геаграфічны раён Беларуска-Валдайскай правінцыі (акруга Беларускага Паазер’я), на поўначы Віцебскай вобласці (усходняя частка Расонскага раёна) і ў Расіі (большая частка). На Беларусі мяжуе з Полацкай нізінай.
Узвышша працягнулася з поўначы на поўдзень на 22 км, з захаду на ўсход на 29 км. Плошча 650 км². Вышыня 180—220 м, найбольшая 224 м (на паўночным усходзе). У тэктанічных адносінах Нешчардаўскае ўзвышша прымеркавана да Латвійскай седлавіны. Магутнасць асадкавых горных парод дасягае 300 метраў. У іх складзе пяскі і пясчана-гліністыя адклады, вапнякі, мергелі, даламіты з карбанатнымі глінамі. Антрапагенныя адклады (30—60 м) складзены з супескаў з валунамі, суглінкаў і маламагутных участкаў водна-ледавіковых адкладаў. Фарміраванне ўзвышша з Паазёрскім зледзяненнем.
Сучасны рэльеф Нешчардаўскага ўзвышша сярэднеўзгорысты і ўзгорыста-западзінны. Ускладняецца камамі і азёрнымі катлавінамі, марэннымі ўзгоркамі. Ваганні адносных вышынь 10—25 метраў. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, месцамі супясчаныя і сугліністыя, па лагчынах сцёку забалочаныя дзярновыя, дзярнова-падзолістыя і дзярнова-карбанатныя. У катлавінах тарфяна-балотныя глебы.
Пад лесам каля 40 % тэрыторыі (лясы захаваліся невялікімі дзялянкамі на вяршынях і крутых схілах узгоркаў). Пераважаюць бары, суборы, ельнікі, па далінах рэчак і каля азёр — з дамешкам дуба. У зніжэннях бярозавыя, чорнаалешнікавыя лясы, сустракаюцца шэраалешнікі.
Сцёк фарміруе рака Дрыса з правымі прытокамі. На тэрыторыі ўзвышша шмат азёр. Сярод іх Нешчарда, Валоба, Усвечча, Межава, Шэвіна, Гародна, Язна і інш.
Папулярны аб’ект турызму (экалагічнага, воднага, сельскага).
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Нешчардаўскае ўзвышша // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 535—536. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
- Витебская область: Общегеографический атлас (руск.) / Ред. И. Н. Шлык. — Мн.: РУП «Белкартография», 2008. — С. 8—9. — 36 с. — 5 000 экз. — ISBN 978-985-508-049-8.
- Нещердовская возвышенность // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.