Нешчарда (возера)
Не́шчарда, Няшчэрда[1][2] — возера ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Дрыса, за 12 км у напрамку на ўсход ад гарадскога пасёлка Расоны. Адметнае самай даўгой сярод азёр Беларусі берагавой лініяй (50,18 км).
Нешчарда | |
---|---|
![]() Панарама Нешчарды | |
Морфаметрыя | |
Вышыня над узроўнем мора | 147,7 м |
Даўжыня | 12,05 км |
Шырыня | 4,75 км |
Плошча | 24,62 км² |
Аб’ём | 0,08472 км³ |
Даўжыня берагавой лініі | 50,18 км |
Найбольшая глыбіня | 8,1 м |
Сярэдняя глыбіня | 3,1 м |
Гідралогія | |
Салёнасць | да 0,15 ‰ |
Празрыстасць | 1,0 м |
Басейн | |
Плошча вадазбору | 143 км² |
Упадаюць | рака Атлайская, ручаі |
Выцякаюць | рака Нешчарда |
Размяшчэнне | |
Краіна |
![]() |
|
|
|
|
|
|
![]() |
Назва
правіцьНазва Нешчарда — балцкага паходжання.
Назву складаюць прыстаўка Ne- і корань skard-. З дапамогай прыстаўкі Ne- аформленыя назвы задзвінскіх азёраў Нявежа, Няклея, Нядружна і інш. Яна ж у літоўскіх гідронімах тыпу Nestrėvis «Нецякучае (возера)» (ад strėvus «плыткі, цякучы»)[3].
Корань skard- у літоўскіх гідронімах тыпу Skardis, Skardžius, Skardelis, Skard-upis. Ад літоўскага skardis «круты схіл, бераг», skardyti «адсякаць, адразаць, аддзіраць»[4]. Далей да індаеўрапейскага *(s)ker-d-[5].
Апісанне
правіцьПлошча паверхні возера 24,62 км². Даўжыня 12,05 км, найбольшая шырыня 4,72 км, даўжыня берагавой лініі 50,18 км. Найбольшая глыбіня 8,1 м, сярэдняя — 3,4 м. Аб’ём вады ў возеры 84,72 млн м³.
Катлавіна возера падпруднага тыпу і адрозніваецца складанай будовай, аб чым сведчыць найбольш выцягнутая сярод азёр Беларусі звілістая берагавая лінія (даўжыня 50,18 км), а таксама мноства заліваў і 2 вострава. Берагі амаль на ўсім працягу нізкія, забалочаныя і пакрытыя кустамі; на асобных участках паўднёва-ўсходняй і ўсходняй частцы сплавінныя. Толькі на поўначы і поўдні да возера набліжаюцца марэнныя пагоркі вышынёй да 10—15 м.
Найбольшыя глыбіні возера знаходзяцца па цэнтры абодвух плёсаў, на якія возера дзеліцца вузкім перашыйкам. Найбольшая глыбіня (8,1 м) знаходзіцца ў паўночным плёсе, у той час як у паўднёвым не сустракаецца глыбінь больш за 7 м.
Возера эўтрофнае. Шэсць ручаёў і рака Атлайская ўпадаюць у возера. З возера выцякае рака Нешчарда. Пратокамі злучана з азёрамі Доўгае, Круглае і Межна.
Раслінны свет
правіцьАгульная плошча зарастання возера невялікая — 22 %, што тлумачыцца нізкай празрыстасцю вады і вузкай літараллю. Асноўную долю ў зарастанні граюць паўпагружаныя віды, такія як трыснёг, чарот, маннік водны. Расліннасць з плаваючымі лісцем шырока распаўсюджаная ў атуленых і мелкаводных залівах паўночнага плёса.
Жывёльны свет
правіцьІхтыяфаўна возера ляшчова-судаковага тыпу. Водзяцца лешч, судак, шчупак, плотка, гусцяра, вугор, сазан, язь, краснапёрка. Вадаём перыядычна зарыбляецца. Вядзецца прамысловая лоўля рыбы.
У гісторыі і культуры
правіцьНа беразе возера выяўлены археалагічныя помнікі Старыца — два гарадзішчы. На месцы гарадзішчы-2 — Гарадок — пасля захопу Полацка ў 1563 годзе загадам вялікага князя маскоўскага Івана IV пабудавалі крэпасць Нешчарду, якую пасля вызвалення Полацка ў 1579 годзе ўзялі і зруйнавалі вялікалітоўскія войскі.
У фальварку Мурагі каля возера нарадзіўся пісьменнік Ян Баршчэўскі. На беразе возера яму пастаўлены помнік.
На паўднёвым беразе возера знаходзіцца сядзіба пана Завальні са зборніка «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Баршчэўскага. Таксама аўтар прыводзіць паданне пра горад, што нібыта знаходзіўся на паўвыспе на паўднёвым беразе возера, а цяпер, са слоў Баршчэўскага, у тым месцы знаходзяць старыя манеты, упрыгожанні і зброю. Паводле падання, горад быў знішчаны волатам Княжам, за што Бог пакараў усю яго дружыну чумой. Як піша аўтар, памяць пра гэтыя падзеі захавалася, і дагэтуль у тым месцы жыхарам вядомы курган з назвай Магіла Княжа.
Зноскі
Літаратура
правіць- Блакітны скарб Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Г. Пашкоў і інш. — Мн., 2007.
- Нешчарда // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
- Не́шчарда, Няшчэрда // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 535. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 12,45. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5. (руск.)
- Ліст карты N-35-11. Выданне 1987 года. Стан мясцовасці на 1986 год. (руск.)
Спасылкі
правіць- Общая характеристика озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Архівавана 6 кастрычніка 2021. (руск.)
- Морфометрические параметры озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Архівавана 8 сакавіка 2021. (руск.)