Каменныя бабы (Гомель)

Каменныя бабы — страчаныя старажытныя скульптуры, якія служылі аздабленнем паўднёвай часткі гомельскага парка ад нявызначнага перыяду ХІХ ст. да Вялікай Айчыннай вайны. Іх паходжанне звязваецца з качавымі народамі Прычарнамор’я[1] (гл. палавецкія каменныя бабы[ru]).

Дакладных звестак аб часе з’яўлення каменных баб у Гомелі пакуль не выяўлена. Гісторык М. В. Мялешка прыводзіў абыходкавае меркаванне («паводле здагадак»), што скульптуры былі «прывезеныя некалісь кн. Паскевічам з поўдню» (1928 г.)[2], але не ўдакладніў, пра якога менавіта з Паскевічаў ідзе гаворка.

Уяўляе праблему і пачатковая колькасць скульптур. Краязнаўцы пачатку ХХ ст. згадвалі толькі адну каменную бабу, якая стаяла «за Гамеюком, у гушчары, у асобнай альтанцы» (1911 г.)[3]. Адна баба (без альтанкі) была адлюстравана на малюнку нямецкага мастака Э. Лозэ, які знаходзіўся ў Гомелі падчас кайзераўскай акупацыі (1918 г.)[1].

Наяўнасць дакументальных сведчанняў 1919 г. з прапановамі перавезці ў Гомель «скіфскую бабу з Прапойска» не здымае пытанне аб часе з’яўлення ў гомельскім парку другой каменнай бабы, бо, згодна з фатаграфічнымі звесткамі, яе выгляд не супадаў з выглядам прапойскага адпаведніка[4].

Абедзве скульптуры ўлетку 1941 г. не былі эвакуіраваны з Гомеля, а пасля вызвалення горада ў 1943 г. не знайшліся[5].

Галерэя правіць

Зноскі

  1. а б Шода, Т. Стало известно, как выглядела безвозвратно потерянная древняя статуя в гомельском парке // Правда Гомель. Новостной портал. — 06.12.2016.
  2. Мялешка, М. Камень у вераваньнях i паданьнях беларуса / М. Мялешка // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Кніга 4. Працы катэдры этнографіі. Том I. Сшытак 1. Менск, 1928. — С. 175-176.
  3. Жудро, Ф. А. Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, и Д. И. Довгялло. — Вильна : Сев.-Зап. отд. Имп. Русского географического о-ва, 1911. — С. 8.
  4. Малікаў, Я. Р. «Каменныя бабы» Гомельскага парку // Гомельский дворцово-парковый ансамбль: от усадьбы до музейного комплекса: сбор­ник материалов международной научно-практической конференции. — Гомель: Барк, 2019. — С. 108-112.
  5. Шода, Т. А. Музейные предметы из категории наиболее ценных в собрании Гомельского двор­цово-паркового ансамбля / Т. А. Шода // Музейны Веснік / укл. Н. У. Калымага, А. I. Ладзісаў; Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. — Мінск: Артыя Труп, 2018. — Вып. 6. — С. 84.