«Камея Ганзага» (Парны партрэт Пталамея Філадэльфа і Арсіноі II; камея Мальмезон; італ.: Il Cammeo Gonzaga) — знакамітая камея з трохслаёвага сарданіксу, якая адносіцца да лепшых узораў антычнай гліптыкі[1]. Паводле агульнапрынятага меркавання[2], з'яўляецца самай знакамітай камеяй Эрмітажа.

аўтар невядомы
«Камея Ганзага». III ст. да н.э.
Il Cammeo Gonzaga
Матэрыял сарданікс, срэбра
Тэхніка камея
Памеры 15,7 зм × 11,8 зм см
Эрмітаж, Санкт-Пецярбург
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Уяўляе сабой парны партрэт. Хутчэй за ўсё, гэта выява эліністычных фараонаў Егіпта — мужа і жонкі, якія з'яўляліся адначасова братам і сястрой — Пталамея II Філадэльфа і Арсіноі II. Выканана ў III ст. да н.э. невядомым аўтарам у Александрыі Егіпецкай.

Захоўваецца ў Эрмітажы (Інв. № ГР-12678)[3]. Даведнік 1971 года падае звесткі — 120 зала (зала гліптыкі), 14-я вітрына; аднак на 2014 год ёсць пазнака «Не прадстаўлена на пастаянных экспазіцыях».

Гісторыя камеі правіць

Названа ў гонар першага вядомага ўладальніка — маркіза Франчэска II Ганзага, рэнесанснага мецэната, кіраўніка італьянскага горада Мантуі. Першае згадка пра яе сустракаецца ў 1542 годзе ў інвентарным каталогу збору Ізабелы д’Эстэ — жонкі Франчэска[2], дзе мадэлі былі апазнаны памылкова:

  Вялікая камея апраўлена ў золата, з рэльефнымі партрэтамі Цэзара [Аўгуста] і Лівіі, з залатой гірляндай вакол, з лісцем лаўра з зялёнай смальты, з жамчужынай унізе, з адваротнага боку ўпрыгожанай чарненнем, і з таблічкай з імем памерлай найяснейшай спадарыні Герцагіні.  

Малады Рубенс, які бачыў яе ў пачатку XVII стагоддзя, палічыў гэту камею лепшай з бачаных: «Я лічу, што сярод гем з парнымі партрэтамі гэта — найпрыгожая ў Еўропе»[2].

Да 1630 года належала мантуанскім герцагам. У 1630—1648 гады камея захоўвалася ў Пражскім Градзе ў скарбніцы Габсбургаў, паколькі яны авалодалі Мантуяй і вывезлі адтуль скарбы[4]. Затым яна трапляе ў Стакгольм як трафей шведскіх войскаў, якія захапілі Прагу. З 1648 года камея знаходзілася ў зборы шведскай каралевы Крысціны і пазначалася як «карціна з агату з выявай двух рымлян, у чырвоным футарале». Калі Крысціна адраклася ад прастола і з'ехала ў адзін з італьянскіх кляштароў, яна вывезла з сабой і камею. Пасля смерці каралевы ў 1689 годзе камея патрапіла да яе фаварыта кардынала Д. Ацаліна, які прадаў мастацкі збор каралевы герцагу Брачыяна з роду Адэскалькі. У 1794 годзе яна захоўвалася ў Ватыкане — у бібліятэцы Папы Пія VI, які і набыў яе. Адтуль у 1798 годзе камея была канфіскавана французамі пры акупацыі Рыма і вывезена ў Францыю.

Трапіла ў Эрмітаж у 1814 годзе з калекцыі Жазэфіны Багарнэ. У 1814 годзе імператар Аляксандр I, які ўвайшоў з войскамі ў Францыю, наведаў у Мальмезонскі палац і быў крануты бядотным становішчам Жазэфіны. Ён аддаў распараджэнне забеспячыць бяспеку яе і яе сям'і ў той момант, калі саюзныя войскі ўваходзілі ў Парыж. У знак сваёй удзячнасці Жазэфіна падарыла Аляксандру камею[5]. Паводле назвы палаца Мальмезон, рэзідэнцыі Жазэфіны, у XIX стагоддзі камею таксама назвалі «камеяй Мальмезон»[6]. (У тым жа годзе Жазэфіна сканала — як гавораць, застудзіўшыся, гуляючы ў лёгкай сукенцы па алеях разам з рускім імператарам. Частка яе калекцыі была выкуплена Аляксандрам ужо ў спадчыннікаў).

Ідэнтыфікацыя мадэляў правіць

 
Камея з выявай Аляксандра Македонскага, традыцыйна намаляванага ў адзіноце, без жанчыны. Парыж, кабінет медалёў.
 
Пталамей II і Арсіноя II на залатой актадрахме

У наш час лічыцца, што камея ўяўляе сабой парны партрэт эліністычных фараонаў Егіпта — мужа і жонкі, якія з'яўляліся адначасова братам і сястрой, — Пталамея II Філадэльфа і Арсіноі II. Паколькі ніякіх надпісаў і індывідуальных атрыбутаў на камеі няма, да такой высновы даследчыкі прыйшлі не адразу.

У перыяд Рэнесансу лічылася, што на камеі адлюстраваны Актавіян Аўгуст і яго жонка Лівія. Таксама высоўваліся версіі, што гэта Аляксандр Македонскі і яго маці Алімпіяда або іншыя царскія пары старажытнасці: Германік і Агрыпіна Старэйшая, і нават Пталамей II і яго першая жонка Арсіноя I. Пазней меркаванне змянілася, і ўзніклі наступныя версіі: сярод рымлян — Адрыян і Вібія Сабіна, Нерон і яго маці Агрыпіна Малодшая, Калігула і яго бабуля Антонія Малодшая, Друз Малодшы і Лівіла. Сярод кіраўнікоў эліністычнага свету найбольш часта называліся наступныя імёны: Пталамей і Эўрыдзіка I, Пталамей III і Берэніка II, Аляксандр I Валас і Клеапатра Тэя, Пталамей X Аляксандр і Клеапатра III, і нават Мітрыдат Еўпатар[7].

Эксперты вялі доўгія дэбаты наконт даты і месца паходжання гэтай камеі. Версіі ахопліваюць перыяд часу, прынамсі, у тры стагоддзі, і разыходжанні ў меркаваннях дагэтуль захоўваюцца. У наш час аўтарытэты прытрымліваюцца меркавання, што твор паходзіць з Александрыі, дзе і ўзнікла падобнае мастацтва працы з камянямі. Гэта тэорыя таксама падмацоўваецца іконаграфічнымі даследаваннямі і заўважанай сувяззю з егіпецкай традыцыяй. Акрамя таго, улічваецца любоў да міфалагічных сюжэтаў, уласцівая двару Пталамеяў, а таксама падабенства з рэльефамі Александрыі. Стыль і прырода разьбы, яе адрозненне ад рымскай традыцыі, схілілі многіх экспертаў да таго, каб перасунуць дату да першага эліністычнага перыяду, калі як раз і ўзніклі падвойныя профільныя партрэты. Гэты тып, вядомы як capita jugata, характарызуецца тым, што адзін профіль размешчаны непасрэдна за іншым.

 
Камея з выявай Пталамея II. Парыж, кабінет медалёў.

У цэлым, паколькі стыль і тэхніка даказваюць, што камея была выраблена ў Александрыі і адносіцца да першага эліністычнага перыяду, большасць даследчыкаў лічаць немагчымымі, каб яна адлюстроўвала кіраўнікоў Рыма ці Сірыі. Дагэтуль найбольш праўдападобнымі і папулярнымі застаюцца дзве версіі: Аляксандр Македонскі з маці або ж сын яго палкаводца Пталамей II з жонкай. Абедзве тэорыі маюць сваіх прыхільнікаў і праціўнікаў, які адзначаюць падабенства намаляваных з вядомымі ідэнтыфікаванымі партрэтамі. Версіі Аляксандра прытрымліваюцца J. Krause, Адольф Фуртвенглер  (руск.), J. Bernoulli, A. Heckler, G. Lippold, M. Bieber, G. Richter, G. Wirth.

Першы ўсімі прызнаны мастак-гранільшчык быў Піргатэл, які адзін толькі меў права выразаць на камені выяву Аляксандра; але верх дасканаласці ў гэтым мастацтве ўяўляе гема, якая названа cameo Gonzaga і цяпер належыць рускаму імператару; на ёй намаляваны партрэты Пталамея Філадэльфа і яго сястры і ў той жа час жонкі, Арсіноі (паводле меркавання іншых — Алімпіяды і Аляксандра). Гэты онікс, твор невядомага нам мастака, самы цудоўны, вытанчаны і геніяльны твор з ліку ўсяго падобнае, што дайшло да нас; у параўнанні з ім іншая цудоўная венская гема (cameo) з'яўляецца слабым наследаваннем.
Ф. Любкер. «Реальный словарь классических древностей». (1898)

Тым не менш, паколькі апроч маці, ніякай іншай жанчыны, годнай таго, каб быць намаляванай побач з Аляксандрам, даследчыкі прапанаваць не могуць, і ўлічваючы той факт, што ў рысах мужчыны і жанчыны знаходзяць сямейнае падабенства, здагадка, што камея адлюстроўвае Пталамея і яго сястру-жонку Арсіною, здаецца найбольш праўдападобнай. Гэту версію прапанаваў J. Eckhel, развіў E. Q. Visconti, а падтрымліваюць C. Davenport, A. Springer, A. Michaelis, G. Rodenwaldt, A. Adriani, Z. Kiss, роўна як і М.Максімава і А. Нявераў, якія таксама адзначаюць, што ў нумізматыцы перыяду першых Пталамеяў была прынята менавіта capita jugata.

Стан правіць

У Пталамея палоска караляў на шыі дапоўнена дзіўным карычневым завітком: гэта след пазнейшай рэстаўрацыі ў спробе схаваць, што камея была зламана напалам.

Мастацкая характарыстыка правіць

Камея ўяўляе сабой парны партрэт кіраўнікоў Егіпта. Іх выявы з'яўляюцца ідэалізаванымі выявамі. У працы невядомага александрыйскага майстра ўмела выкарыстаны фактура і колер трох розных слаёў каменя, дзякуючы чаму скура апыняецца малочна-белай, а даспехі — цёмнымі.

«Поўнаўладныя манархі эліністычнага Егіпта Пталамей II і яго жонка Арсіноя прадстаўлены тут як багі грэчаскага пантэона — θεοί ἄδελφοι. Малюючы сваіх уладароў, прыдворны майстар ідэалізуе іх, надаючы Пталамею II падабенства з Аляксандрам Вялікім, падкрэсліваючы юнацтва, прыгажосць, энергію ў ідэальным профілі цара. Партрэт яго жонкі здаецца іератычна строгім, мяккія рысы твару дыхаюць спакоем. На плячы Пталамея II — эгіда Зеўса, вярхоўнага бога элінаў, а шлем прыпадабняе яго да бога Арэса. На галовах цара і царыцы, як знак абагаўлення, — лаўровыя вянкі.

Дзівіць смелая, віртуозная тэхніка майстра: энергічная пластыка, мяккая, нюансаваная мадэлёўка ў спалучэнні з тонкім каларыстычным рашэннем робяць камею цудоўным узорам «жывапісу ў камені». На папяліста-шэрым фоне выразна вырысоўваецца профілі цара і яго жонкі. Разьбяром выкарыстаны паступовыя градацыі трох асноўных слаёў каменя: за асляпляльна-белым профілем Пталамея, быццам вылучаным яркім святлом, бачны блакітнаваты профіль Арсіноі, які сыходзіць у цень. У верхнім, карычневым, слоі выразаны шлем, валасы, эгіда цара, а сустрэтыя больш светлыя ўкрапванні выкарыстаны для разеткі на шлеме і галоў Медузы і Фобаса, якія ўпрыгожваюць эгіду. Гэта ўзмацняе маляўнічасць камеі. Вар'іруючы паліроўку, майстар надаў сярэдняму, некалькі празрыстаму, слою цялесную цеплыню, а верхняму, у якім выразаны шлем, — амаль металічны бляск»[5].

 
Егіпецкая стэла, якая адлюстроўвае Арсіною, што прымае дары ад Пталамея

Кіраўнікі намаляваны ў падвойным профілі ў якасці багоў, якія пабраліся свяшчэнным шлюбам (ιερός γάμος). Арсіноя апранута ў вясельны «вэлюм» і лаўровы вянок, іншы вянок надзеты на шлем Пталамея, упрыгожаны таксама наверсе зоркай і крылатым драконам[7].

Калі прытрымлівацца найбольш агульнапрынятай версіі ідэнтыфікацыі мадэлі (Пталамей II і Арсіноя II), то сюжэт шлюбу атрымлівае асаблівую каштоўнасць. Гэта быў першы шлюб паміж эліністычнымі кіраўнікамі Егіпта, заключаны па старажытнаегіпецкай традыцыі — паміж братам і сястрой, што шакіравала грэчаскае грамадства. У захаваным спісе тытулаў Арсіноя падкрэслівае, што яна была дачкой цара, сястрой цара і жонкай цара, вядомы таксама яе амбіцыйны і мяцежны характар, а таксама актыўны ўдзел у кіраванні дзяржавай. Дзякуючы гэтаму, верагодна, мастак пазлічыў магчымым намаляваць царыцу побач з царом. Пасля смерці Арсіноя была абагаўлёная як «багіня, якая кахае свайго брата » (θεά φιλάδελφος).

Зноскі

Літаратура правіць

  • Стефани, Путеводитель, стр. 72, — Н. Е. Макаренко, Художественные сокровища Эрмитажа, Пг., 1916, стр. 240, рис. 87
  • Максимова М. И. Камея Гонзага. — Л., 1924.
  • Максимова М. И. Античные резные камни Эрмитажа. Путеводитель по выставке. — Л., 1926.
  • Максимова. Резные камни, стр. 94, табл. IV; Выставка портрета, стр. 21
  • Неверов О. Я. Античные камеи в собрании Государственного Эрмитажа. — Л., Аврора, 1971. — С. 29, илл. 1.
  • Неверов О. Я. Камея Гонзага: Из истории глиптики. — Л., 1977.
  • E. Babelon, La gravure en [с.30] pierres fines: camées et intailles, Paris, 1894, p. 135, fig. 104
  • Furtwängler, Die antiken Gemmen, Taf. LIII, 2; G. Rodenwaldt, Kunst der Antike, Propyläen-Kunstgeschichte, III, Berlin, 1944, Abb. 422
  • M. Bieber, The Portraits of Alexander the Great, Proc. Amer. Phil. Soc., 93, 1949, p. 390, fig. 3; JDI, 77, 1962, S. 227, Abb. 7
  • G. Richter, The Engraved Gems of the Greeks, Etruscans and Romans, I, London, 1968, p. 155, Nr 611

Спасылкі правіць