Караль (старажытны горад)

(Пасля перасылкі з Караль-Супэ)

Караль (таксама Караль-Супе) — руіны вялікага старажытнага паселішча ў даліне ракі Супе на тэрыторыі перуанскай правінцыі Баранка. Знаходзіцца прыкладна ў 150 км на паўночны ўсход ад Лімы. Адносіцца да культуры Нортэ-Чыка і лічыцца найстаражытнейшым вядомым горадам Амерыкі і найбольш вывучаным паселішчам названай цывілізацыі[1].

Свяшчэнны горад Караль-Супе*
Sacred City of Caral-Supe**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА

Краіна Перу
Тып Культурны
Крытэрыі ii, iii, iv
Спасылка 1269
Рэгіён*** Паўднёвая Амерыка і
Карыбскія астравы
Гісторыя ўключэння
Уключэнне 2009  (33 сесія)
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА

28 чэрвеня 2009 года занесены ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны як выключна добра захаваны прыклад архітэктуры і гарадскога планавання старажытнай перуанскай цывілізацыі позняга архаічнага перыяду[2].

Караль быў заселены ў перыяд прыблізна з 2600 па 2000 год да н. э. і займаў плошчу больш чым 60 га. Навукоўцы, якія працавалі на раскопках, разглядалі паселішча як найстарэйшы гарадскі цэнтр у Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, што пасля, па меры выяўлення ў дадзеным рэгіёне іншых старажытных паселішчаў, было пастаўлена пад сумненне.

Апісанне правіць

Даліна ракі Супе цягнецца ва ўсходнім напрамку ад узбярэжжа Ціхага акіяна да Андаў. На працягу многіх гадоў найбольш вядомым археалагічным месцам у рэгіёне быў горад Аспера, размешчаны блізка да ўзбярэжжа. Датаванне Аспера была праведзена ў 1970-х гадах, і ён быў аднесены да трэцяга тысячагоддзя да н. э. З моманту адкрыцця археолагамі Караля ў 1949 годзе да 2001 года яго ўзрост заставаўся загадкай. Караль з'яўляецца адным з 18 археалагічных месцаў у гэтай даліне (на плошчы 90 км²)[3], дзе былі знойдзены рэшткі манументальнай архітэктуры, г.зн. будынкі, большыя за жытло; усе яны маюць значнае падабенства з Каралем і ўтрымліваюць невялікія платформы або каменныя кругі. Звычайна падобныя структуры адносіліся да цывілізацый пасля 1500 года да н. э., аднак у 2001 годзе метадамі радыевугляроднага аналізу трысняговых валокнаў з плеценых сумак, знойдзеных пры раскопках, было даказана, што горад існаваў прыблізна ў перыяд паміж 2600 і 2000 гадамі да н. э.[4] Тым не менш узрост найстарэйшых археалагічных знаходак яшчэ з дакладнасцю не ўстаноўлены, таму на справе горад можа аказацца яшчэ старэйшым[5]. Агульная колькасць насельніцтва даліны Супе ў часы існавання Караля магло дасягаць 20000 чалавек.

 
«Утопленая» плошча

Караль размешчаны на пустыннай тэрасе над зялёнай далінай ракі Супе ў 23 км ад узбярэжжа і займае плошчу больш чым 66 га[2]. Меў насельніцтва, паводле ацэнак, каля 3000 чалавек[6]. Даследаванні і раскопкі на тэрыторыі старажытнага горада вядуцца з пачатку XX стагоддзя і працягваюцца дагэтуль[7]. Шырокі комплекс будынкаў уключае ў сябе 6 пірамід, якія стаяць вакол плошчы, рэшткі амфітэатра і жылыя раёны эліты. Гарадскі комплекс Караля мае плошчу 607 000 м² і ўключае ў сябе плошчы і жылыя будынкі. У Каралі знаходзяцца найбуйнейшыя будынкі сярод гарадоў даліны, такія як Пірамідэ-Маёр — будынак на платформе плошчай амаль з чатыры футбольныя полі і вышынёй у 18 м[4]. Караль быў вялікім мегаполісам прыблізна ў тую ж эпоху, калі былі ўзведзены найбуйнейшыя егіпецкія піраміды; лічыцца, што Караль стаў свайго роду «мадэллю» гарадскога дызайну для ўсіх наступных андскіх цывілізацый, а яго вывучэнне можа даць адказы на мноства пытанняў, звязаных з заснаваннем і развіццём першых андскіх гарадоў.

Жыхары Караля з дапамогай ірыгацыі вырошчвалі розныя культуры, сярод якіх, праўда, не было злакаў. Аб'ём планавання і работ, неабходны для стварэння ірыгацыйных сістэм і горада, паказвае, што Караль быў дзяржавай з моцным урадам[4]. Цікава, што ў Каралі не было выяўлена зброі або абарончых збудаванняў, што можа паказваць на адсутнасць войнаў.

Раскопкі правіць

 
Ступені піраміды

У 1905 годзе археолаг Макс Уле даследаваў старажытны горад Аспера, размешчаны бліжэй да ўзбярэжжа, прыкладна ў 23 км ад Караля. Хуліа Тэлья праводзіў раскопкі там жа ў 1937 годзе, аднак няма дакладных доказаў таго, што хто-небудзь з іх наведваў руіны Караля. У сувязі з гэтым датай яго адкрыцця лічыцца 1949 год, калі Караль быў выяўлены амерыканскім падарожнікам Паўлам Косакам і археолагам Рычардам Шэдэлем. У 1975 годзе руіны наведаў перуанскі архітэктар Карлас Уільямс, які праводзіў там даследаванні старажытнай архітэктуры і па выніках сваёй працы апублікаваў кнігу і некалькі артыкулаў. У 1979 годзе ў Каралі працаваў французскі археолаг Фрэдэрык Эндэль, які выказаў здагадку, што Караль быў пабудаваны да 1800 года да н.э. У 1994 і 1996 гадах раскопкі ў Каралі праводзіла археолаг Рут Шэйдзі.

Сярод археалагічных знаходак на яго тэрыторыі адсутнічаюць узоры зброі ці элементы фартыфікацыйных збудаванняў, затое выяўленыя кіпу і старажытныя музычныя інструменты: 32 флейты з касцей пеліканаў і кондараў, а таксама 37 ражкоў з касцей аленяў і лам[3]. На тэрыторыі Караля таксама былі знойдзены вялікія плеценыя сумкі, з дапамогай якіх, як мяркуецца, перацягваліся камяні для будаўніцтва пірамід, і магіла дзіцяці з каралямі з каменных пацерак. Адносна кіпу ў навуковым асяроддзі да гэтага часу вядуцца спрэчкі, ці сапраўды знойдзеныя ў Каралі артэфакты з'яўляюцца імі, але калі гэта так, то будзе даказана намнога ранейшае існаванне гэтага вузлавога пісьма, чым лічылася раней.

Знойдзеныя ў Каралі артэфакты дазваляюць зрабіць вывады, што мясцовыя жыхары ўжывалі ў ежу авакада, зялёныя бабы, гарбуз, салодкую бульбу, чырвоны перац, кукурузу, а таксама марскую рыбу, якую атрымлівалі, верагодна, у выніку гандлёвых адносін[7]. Яны таксама, як мяркуецца, вырошчвалі бавоўнік і, магчыма, ужывалі коку.

Панарамны від Караля
Адна з пірамід Караля
Кругавая панарама

Гл. таксама правіць

Зноскі правіць

  1. Archaeological Site in Peru Is Called Oldest City in Americas, Public release date: 27-Apr-2001 The New York Times
  2. а б Sacred City of Caral-Supe. UNESCO World Heritage Centre. Праверана 12 мая 2014.
  3. а б Ross, John. First City in the New World?. Smithsonian Museum (1 жніўня 2002). Праверана 30 November 2012.
  4. а б в Oldest evidence of city life in the Americas reported in Science, early urban planners emerge as power players Архівавана 13 снежня 2017. — Eurekalert.org, Public release date: 26-Apr-2001 American Association for the Advancement of Science
  5. Laurent Belsie Civilization lost? — csmonitor.com, 3-Jan-2002
  6. Peter Watson. The Great Divide: History and Human Nature in the Old World and the New. — UK: Hachette, 2012. — 800 с. — ISBN 0297858572.
  7. а б Shady, R. Haas, J. Creamer, W. (2001). Dating Caral, a Pre-ceramic Site in the Supe Valley on the Central Coast of Peru. Science. 292:723-726. DOI:10.1126/science.1059519 PMID 11326098

Літаратура правіць

  • Doris Kurella: Kulturen und Bauwerke des Alten Peru. Kröner, Stuttgart 2008. ISBN 978-3-520-50501-9. (Caral: Seite 39-47.)
  • R. Shady Solís: Caral — La Ciudad del Fuego Sagrado / The City of the Sacred Fire. Interbank 2004. (spanisch/englisch)
  • R. Shady Solís, J. Haas, W. Creamer: Dating Caral, a preceramic site in the Supe Valley on the central coast of Peru. In: Science 292 (April 2001), S. 723—726.

Спасылкі правіць