Адкрыць галоўнае меню

Карпацкая складкавая вобласць

Карпацкая складкавая вобласць — паўночна-ўсходняе адгалінаванне Альпійскай геасінклінальнай вобласці Еўропы ў выглядзе дугападобнай сістэмы складкавых гор (Карпаты).

Вобласць падзяляецца на шэраг вялікіх структур, размежаваных насовамі: Перадкарпацкі перадавы прагін, Вонкавыя (Флішавыя) Карпаты, Унутраныя Карпаты, Закарпацкі тылавы прагін і Панонская ўпадзіна (Вялікая Венгерская нізіна), якая не адносіцца да ўласна Карпат. Перадкарпацкі прагін прылягае да паўднёва-заходняй ускраіны Усходне-Еўрапейскай платформы, запоўнены неагенавымі маласамі, падзяляецца на вонкавую, цэнтральную і ўнутраную зоны. Унутраная і цэнтральная зоны маюць складаную структуру з лускападобных дыслакацый; уяўляюць сабой буйныя покрывы, насунутыя на 15-20 км на вонкавую зону, якая стварылася ў канцы неагену і мае ступеньчаты фундамент. Вонкавыя Карпаты складзены з мелавых і палеагенавых флішаў (магутнасць 4-5 км), уяўляюць сабой сістэму лінейных, разарваных насовамі лускападобных складак (скіб), павернутых і насунутых на Перадкарпацкі прагін у перадміяцэнавы перыяд. Вонкавыя і Унутраныя Карпаты аддзелены зонай вялікага глыбіннага насову. Ва Унутраных Карпатах на тэрыторыі Украіны вылучаецца Мармарошскі крышталічны масіў, складзены з покрываў, якія сфарміраваліся ў сярэднемелавы час з рознаўзроставых метамарфічных парод. Назіраюцца перамяшчэнні покрываў на 15-20 км у напрамку Вонкавых Карпат. Унутраныя Карпаты складаюцца таксама з маладых магматычных інтрузій, вапнякоў і даламітаў, насунутых у познамелавы час у форме вярховых покрываў. Уздоўж унутранага краю Карпацкай дугі праходзіць найбольшы ў Еўропе ўнутрыкарпацкі вулканічны пояс, які развіваўся ў міяцэн-плейстацэнавы перыяд. Складзены з андэзітаў, трахітаў, базальтаў, туфаў. Унутраныя Карпаты ўтварылі фундамент Закарпацкага прагіну, запоўненага маласамі неагену, сярод якіх месцамі развіты салянакупальныя структуры. Закарпацкі прагін аддзелены ад Панонскай упадзіны Прыпанонскім глыбінным разломам.

ЛітаратураПравіць

  • Санько А., Каліцкі Т. Карпацкая складкавая вобласць // БелЭн у 18 т. Т. 8. - Мн., 1999.