Карыкатурны скандал 2005—2006 гадоў

(Пасля перасылкі з Карыкатурны скандал)

Карыкату́рны сканда́л — міжкультурны канфлікт паміж мусульманамі арабскага свету і сучаснай заходняй культурнай традыцыяй, якая базуецца на свабодзе слова, што ўспыхнуў у канцы 2005 — пачатку 2006 гадоў і ахапіў практычна ўсе краіны Еўропы і мусульманскага Усходу, а таксама палітычны канфлікт унутры еўрапейскіх дзяржаў. Прычынай канфлікту паслужылі карыкатуры на прарока Мухамада, надрукаваныя ў 2005 годзе ў адной з дацкіх газет.

Скандальныя карыкатуры на прарока Мухамада, апублікаваныя газетай «Jyllands-Posten» у верасні 2005 года[1]

Сітуацыя

правіць

Дванаццаць карыкатур, якія адлюстроўваюць заснавальніка ісламу прарока Мухамада, былі апублікаваны ў дацкай газеце Jyllands-Posten 30 верасня 2005 года ў якасці ілюстрацыі да артыкула пра самацэнзуру і свабоду слова: у артыкуле гаварылася, што калі дацкі пісьменнік Корэ Блюйтген напісаў папулярную кнігу пра іслам для дзяцей, то апынулася, што ніводны мастак не пагадзіўся без умовы захавання ананімнасці намаляваць да яе ілюстрацыі. У якасці прычыны была названая нібы існуючая ў ісламе забарона на выяву жывёл і людзей (і асабліва Мухамада).

 
Малюнак з выявай прарока Мухамада. 1315 год

У рэчаіснасці, сярод мусульман няма адзінага пункта гледжання на магчымасць выявы прарока Мухамада. Шыіты ў цэлым памяркоўна адносяцца да выяў Мухамада[2]. У гісторыі сунітаў былі перыяды, калі дазвалялася выява прарока з закрытым тварам[3]. Толькі ў такіх плынях, як вахабізм, цалкам забараняюцца любыя выявы жывёл і людзей. Існуе багатая ісламская мастацкая традыцыя выявы прарока Мухамада.

Кіраўніцтва газеты Jyllands-Posten сцвярджае, што апублікаваныя малюнкі з’яўляюцца толькі дэманстрацыяй ажыццяўлення на практыцы свабоды слова, аднак шматлікія мусульмане ў самой Даніі, як і прыхільнікі ісламу за яе межамі, разглядаюць іх як правакацыю. Двое з аўтараў карыкатур, як паведамляецца, вымушаны хавацца з-за атрыманых пагроз. Міністэрствы замежных спраў адзінаццаці ісламскіх дзяржаў запатрабавалі ад дацкага ўрада прабачэнняў за публікацыю, а некаторыя з іх нават зачынілі свае пасольствы ў Даніі ў знак пратэсту, калі яны не атрымалі гэтых выбачэнняў. За дыпламатычнымі пратэстамі рушыў услед байкот дацкіх тавараў.

Серыя складалася з 12 выяў. Дацкі імам Ахмад Абу Лабан дадаў да гэтых 12 карыкатурам яшчэ 3, нібы атрыманыя ім ад дацкіх мусульман. Першая з іх адлюстроўвала мужчыну са свіным пятачком на твары і з’яўлялася, у сутнасці, адрэтушаванай фатаграфіяй аўтамеханіка з гарадка Тры-сюр-Баіз (Trie-sur-Baise) на поўдні Францыі Жака Маро (Jacques Marrot), які перамог у конкурсе «на лепшае рохканне». Зразумела, конкурс не меў ніякага дачынення ні да прарока Мухамада, ні да ісламу наогул. Другая ўяўляла сабою выяву няяснага паходжання, на якой да мусульманкі, якая моліцца, ззаду быў дададзены сабака такім чынам, што ў выніку гэта нагадвала заафілічны палавы акт. Трэцяя з дададзеных Абу Лабанам карыкатур суправаджалася надпісам па-дацку «педафіл „прарок Мухамад“» і яе перакладам на арабскую мову.

Сабраўшы 12 арыгінальных і 3 дададзеныя карыкатуры разам, Ахмад Абу Лабан і Ахмед Акары заняліся распаўсюджваннем звестак пра дацкае «богазневажэнне», узначаліўшы групу актывістаў, якія аб’ядналіся ў «Еўрапейскі Камітэт у славу Прарока»[4].

Пазнейшыя падзеі

правіць

Дацкі палітык арабскага паходжання Насер Хадэр у адказ на скандал заснаваў рух «Умераныя мусульмане». Пазней Хадэр стаў дэпутатам дацкага парламента.

Водгаласы скандалу ў Беларусі

правіць

Гл. таксама У нумары беларускай газеты «Згода» за 18-26 лютага 2006 г. быў надрукаваны артыкул «Палітычны крэатыў», ілюстрацыямі да якога служылі карыкатуры на прарока Мухамада, апублікаваныя газетай Jyllands-Posten у верасні 2005 г. Пазней прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў адным са сваіх выступаў назваў гэты перадрук «правакацыяй супраць дзяржавы». А міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч паабяцаў не «ліберальнічаць» з газетай «Згода»[5]. У выніку газета была зачынена ўладамі, а 18 студзеня 2008 г. галоўны рэдактар газеты Аляксандр Сдвіжкаў быў прысуджаны мінскім гарадскім судом да трох гадоў узмоцненага рэжыму за «распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці». Гэты прысуд стаў самым жорсткім пакараннем для ўдзельнікаў карыкатурнага скандалу не толькі ў Еўропе, але і ў краінах, дзе іслам з’яўляецца пераважнай рэлігіяй[6][7][8] Па меркаванні шматлікіх журналістаў і палітыкаў, суровасць прысуду выклікана ў першую чаргу тым, што «Згода» была апазіцыйнай газетай.[9][10]. 22 лютага 2008 г. Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, разгледзеўшы касацыйную скаргу, скараціў тэрмін зняволення з трох гадоў да трох месяцаў і вызваліў Аляксандра Сдвіжкова з-пад варты[11].

Гл. таксама

правіць

Зноскі

Спасылкі

правіць