Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Перстунь)
Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі — рымска-каталіцкі храм у в. Перстунь (Гродзенскі раён).
Славутасць | |
Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі | |
---|---|
53°47′23″ пн. ш. 23°37′29″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьУ вёсцы Перстунь у 1780 годзе адміністрацыяй Гродзенскай эканоміі была створана грэка-каталіцкая парафія. Святыню пабудавалі на ўсходняй ускраіне вёскі ў 1818 годзе, тады ж яе і асвяцілі як грэка-каталіцкую царкву. Храм з цэглы быў узведзены ў стылі позняга класіцызму і атынкаваны.
Пасля 1875 года храм стаў праваслаўнай царквою. Але ў ліпені 1919 яна была перададзена католікам і асвечана як рымска-каталіцкі касцёл Дабравешчання (Звеставання) Найсвяцейшай Панны Марыі.
Гітлераўцы моцна пашкодзілі касцёл пры адступленні, але ён ўсё ж такі дзейнічаў да 1960-х гадоў. Потым будынак знаходзіўся ў паўразбураным стане, але вернікі збіраліся тут без ксяндза. Касцёл быў адноўлены ў 1990 годзе. Ён быў даследаваны экспедыцыяй Музея старажытнабеларускай культуры яшчэ ў 1970-х гадах, але атрымаў статус помніка архітэктуры толькі ў 1990-х.
Архітэктура
правіцьКасцёл уяўляе сабою адносна невялікую базіліку, прамавугольную ў плане з прамавугольнай апсідай, арыентаванай на ўсход. Да галоўнага фасада быў прыбудаваны магутны бабінец у духу класіцызму, над ім узвышаецца цыліндрычная трохярусная шатровая вежа-званіца. 2-пакаёвая сакрыстыя далучана да паўднёвага боку апсіды, а сакрыстыя з паўночнага боку хутчэй нагадвае нішу, чым асобнае памяшканне. Да алтарнай сцяны дабудавана кацельня.
Інтэр’ер, падзелены чатырма магутнымі крыжастымі слупамі на 3 нефы, перакрыты плоскай падшыўной дашчатай столлю. Тытульны абраз Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі размешчаны над аркай прэзбітэрыя. Іканастас, які застаўся ад царквы, быў не знішчаны, а перанесены да алтарнай сцяны і прыстасаваны пад рымска-каталіцкі інтэр’ер. За царскімі дзвярамі размешчаны табэрнакулюм. Цяпер у нішах іканастаса знаходзяцца каталіцкія абразы: св. Ваўжынца, Найсвяцейшага Сэрца Езуса, Панны Марыі, св. Стэфана. У другім ярусе злева направа размяшчаюцца абразы з жыцця Езуса Хрыстуса: Нараджэння Езуса, Ахвяравання, Апошняй Вячэры, Малітвы ў Аліўным садзе і Унебаўшэсця. У тарцы левага нефа ўсталяваны алтар св. Ганны, правага — Божай Міласэрнасці. На левым слупе пры алтары размешчана фігура Найсвяцейшага Сэрца Езуса, а на правым — фігура Божай Маці, Каралевы Польшчы. Над уваходам у касцёл навісае балкон хораў з арганам.
Касцёльны ўчастак абнесены бутавай агароджай з брамай у выглядзе 4-х невялікіх атынкаваных слупоў.