Востраў Кат-Ба (в’етн.: Cát Bà) — найбуйнейшы востраў у групе астравоў Кат-Ба. Уваходзіць у склад В’етнама. Плошча - 285 км². Насельніцтва - каля 30 000 чал.[1]

Кат-Ба
в’етн. Cát Bà
Пляж на Кат-Ба
Пляж на Кат-Ба
Характарыстыкі
Плошча285 км²
Насельніцтва30 000 чал.
Шчыльнасць насельніцтва105,26 чал./км²
Размяшчэнне
20°48′00″ пн. ш. 106°59′59″ у. д.HGЯO
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Кат-Ба (В'етнам)
Кат-Ба
Кат-Ба
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія і прырода правіць

 
Унутраная частка вострава

Востраў Кат-Ба знаходзіцца ў заліве Халонг у 115,6 км на захад ад Ханоя, 7469 км на паўднёвы захад ад Мінска. Даўжыня - 21,3 км. Найбольшая шырыня - каля 11 км.

Востраў даволі скалісты. Маюцца пячоры. Найвышэйшы пункт - 331 м. Клімат субтрапічны вільготны. У зімовыя месяцы частыя дажджы.

Значная частка вострава пакрыта лесам. Усяго тут налічваецца 1561 від раслін, у тым ліку 406 відаў дрэў, а таксама 279 відаў жывёл. Каля вострава выяўлена 900 відаў марскіх рыб, 177 відаў каралаў, а таксама марскія змеі і чарапахі. Найбольш каштоўны ахоўваемы від — мясцовы лангур. У 2000 г. налічвалася ўсяго 53 асобіны гэтай жывёлы.

Востраў уключаны ў склад нацыянальнага парка Кат-Ба.

Гісторыя правіць

Французскія археолагі знайшлі на Кат-Ба рэшткі чалавека сучаснага тыпу, які жыў тут каля 4000 - 6500 гадоў таму. Вучоныя вылучаюць так званую Халонгскую археалагічную культуру, якая існавала на астравах архіпелага Кат-Ба ў старажытны перыяд.

Назва вострава ўзнікла значна пазней. На картах французскай каланіяльнай адміністрацыі востраў пазначаны проста як Ба (в’етн.: , літаральна "яна"). Згодна мясцоваму паданню, на астраўны пляж былі выкінуты целы трох забітых прынцэс. Тубыльцы пабудавалі ў іх гонар тры храмы, што і стала падставай для ўкаранення "жаноцкай" назвы.

На працягу стагоддзяў востраў быў населены пераважна в'етнамскімі і кітайскімі рыбакамі. Але з XIX ст. тут таксама знаходзіліся ваенныя пасты. У гады В'етнамскай вайны ў скальных масівах была пабудавана база для захавання лідараў В'етнамскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Яна выкарыстоўвалася да 1975 г. У 1979 г. з-за вайны с суседнім Кітаем урад В'етнама выселіў з вострава значную частку насельніцтва, у тым ліку кітайцаў.

У 1986 г. быў створаны біясферны запаведнік і пазней на яго аснове - нацыянальны парк, які ў наш час ахоплівае ўвесь архіпелаг Кат-Ба. У 2011 г. парк быў унесены ў папярэдні спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Інфраструктура правіць

На востраве Кат-Ба месціцца аднайменны горад, які з'яўляецца адным з галоўных цэнтраў развіцця турызму на поўначы В’етнама. Дзейнічае сталая паромная пераправа.

Славутыя мясціны правіць

Кат-Ба прыцягвае некалькімі маляўнічымі залівамі, двумя пляжамі, невялікімі ўнутранымі азёрамі, а таксама дзікай прыродай унутранай часткі вострава. На адной з ускраін каля ціхай бухты знаходзіцца паселішча рыбакоў на вадзе. Некаторую цікавасць уяўляюць былыя ваенныя аб'екты, у наш час адкрытыя для наведвальнікаў.

Зноскі

Спасылкі правіць

  Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 5638
рус.англ.фр.