Клепачы (Слонімскі раён)
Клепачы́[1] (трансліт.: Kliepačy, руск.: Клепачи) — вёска ў Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Азярніцкага сельсавета.
Вёска
Клепачы
| ||||||||||||||||||||
Гісторыя
правіцьЗа 2,5 км на захад ад вёскі, за 20 м на поўдзень ад возера Бяздоннае знаходзіцца каменны могільнік канца XIV — пач. XVI ст. На пляцоўцы памерам 200х50 м больш за 100 магіл.
Магілы, згрупаваныя па 2, 3 і больш, працягнуліся няроўнымі радамі з поўначы на поўдзень. У галаве пахаванняў вялікія камяні, зрэдку крыху меншыя — у нагах. Некаторыя камяні абчасаны з бакоў, на адным выбіты крыж вышынёю 9 см. Характэрныя каменныя вымасткі авальнай формы. У пахаваннях найбольш старажытнай часткі могільніка выяўлены вуглі і інвентар (большасць даследаваных магіл без інвентару). Выяўлены рэшткі дамавін, вугалі, прасочаны рэшткі рытуальных вогнішчаў. Знойдзены фрагменты непаліванай, у т. л. моранай, ганчарнай керамікі. На венчыках некаторых гаршкоў лінейны арнамент у 1 ці 2 рады, у адным выпадку на тулаве хвалісты арнамент. Пахавальны інвентар бедны, у асноўным жаночыя ўпрыгожанні: бронзавае скроневае кольца з 3 кроплепадобнымі падвескамі, кольца з бронзавага дроту, перавітага на адным канцы кавалачкам дроту, з дзвюма ажурнымі падвескамі ў цэнтры; кольца з гладкага бронзавага дроту, двойчы перавітага другім кавалачкам дроту, завушніца ў форме запытальніка, шпількі для мацавання галаўных убораў, пярсцёнкі, аздобленыя 3 равочкамі і з круглым на вершам у выглядзе пласцінкі, бронзавая спражка з кавалачкам тканіны, расшытай тонкім медным дротам.
Аналіз вымасткаў, пахавальнага інвентару і абраду сведчыць, што, нягледзячы на афіцыйнае прыняцце хрысціянства, да пач. XVI ст. нябожчыкаў хавалі паводле язычніцкага абраду.
Славутасці
правіць- Свята-Ільінская царква 1842 г.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
Літаратура
правіць- Квяткоўская А. Клепачы // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкал.: В. В. Гетаў [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 1993. — 702 с.; іл. С. 329.