Слонімскі раён
Слонімскі раён — раён на поўдні Гродзенскай вобласці. Утвораны 15 студзеня 1940 года. Плошча — 1,5 тыс. км². Насельніцтва на студзень 2006 года — 72 тыс. чалавек (горад — 51,4 тыс., раён — 20,6 тыс.). Цэнтр раёна — горад Слонім. У складзе раёна — 148 населеных пунктаў, 9 сельсаветаў.
Слонімскі раён | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Краіна | Беларусь | ||||
Уваходзіць у | Гродзенская вобласць | ||||
Уключае | 9 сельсаветаў | ||||
Адміністрацыйны цэнтр | Слонім | ||||
Дата ўтварэння | 15 студзеня 1940 | ||||
Кіраўнік | Генадзь Баляслававіч Хоміч[1] | ||||
Афіцыйныя мовы |
Родная мова: беларуская 62,95 %, руская 33,54 % Размаўляюць дома: беларуская 33,54 %, руская 58,04 %[2] |
||||
Насельніцтва (2018) |
64 117 (3-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 45,75 чал./км² (3-е месца) | ||||
Нацыянальны склад |
беларусы — 85,94 %, рускія — 8,32 %, палякі — 2,69 %, украінцы — 1,74 %, іншыя — 1,31 %[2] |
||||
Плошча |
1 470,63[3] (9-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора |
154 м[4] | ||||
Часавы пояс | UTC+03:00 | ||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Прырода
правіцьЗаходняя частка раёна размяшчаецца ў межах Слонімскага ўзвышша, паўночна-ўсходняя — на ўскраіне Навагрудскага ўзвышша, паўночная — у Нёманскай нізіне, усходняя і паўднёвая часткі — на Баранавіцкай раўніне.
Найвышэйшая кропка Слонімскага раёна (223,4 м) знаходзіцца на тэрыторыі Дзераўноўскага сельсавета, на адлегласці 2 км на паўночны ўсход ад вёскі Баяры. Вяршыня назвы не мае. Каардынаты: 53° 13,907' N, 25° 35,768' E.
Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна, прызначаная для глыбокай керамікі, будаўнічыя пяскі і сапрапель.
Па тэрыторыі раёна працякае рака Шчара з прытокамі рэк Грыўда, Бяроза, Іса, Зальвянка. Іншыя рэкі: Бярэзніца, Малінаўка.
34,8 % тэрыторыі раёна займаюць лясы. Найбольшыя масівы — хваёвыя, бярозавыя, яловыя і дубовыя. На тэрыторыі раёна знаходзіцца дзяржаўны батанічны заказнік дзікарослых лекавых раслін рэспубліканскага значэння. Таксама ёсць 2 ландшафтныя геамарфалагічныя заказнікі прыроды мясцовага значэння: Загор’еўскі і Боркаўскі канцовамарэнныя масівы. Акрамя таго, ёсць 13 помнікаў прыроды.
Гісторыя
правіцьРаён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 14 сельсаветаў: Азярніцкі, Акунінаўскі, Глоўсевіцкі, Жыровіцкі, Касцянёўскі, Міжэвіцкі, Мільканавіцкі, Парэцкі, Пятралевіцкі, Сасноўскі, Сялявіцкі, Трыбушкоўскі, Харашэвіцкі, Шылавіцкі сельсаветы. Адначасова ўтвораны гарадскі пасёлак Альбярцін. З 8 студзеня 1954 года ў складзе Гродзенскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Акунінаўскі, Сасноўскі, Трыбушкоўскі, Харашэвіцкі сельсаветы, утвораны Масілавіцкі сельсавет, Мільканавіцкі сельсавет перайменаваны ў Азгінавіцкі. 20 студзеня 1960 года да раёна далучаны Войневіцкі, Дзераўноўскі, Навасёлкаўскі сельсаветы скасаванага Казлоўшчынскага раёна. 16 ліпеня 1960 года Касцянёўскі сельсавет скасаваны, Азгінавіцкі сельсавет перайменаваны ў Мяльканавіцкі. 17 красавіка 1962 года да раёна далучаны Галынкаўскі, Казловіцкі, Кастровіцкі, Пляцяніцкі сельсаветы скасаванага Зэльвенскага раёна, 25 снежня 1962 года — гарадскія пасёлкі Дзятлава, Казлоўшчына і Гярбелевіцкі, Дзямянавецкі, Дзятлаўскі, Засецкі, Мяляхавіцкі, Падвялікаўскі, Парэцкі, Раготнаўскі, Рудаяварскі, Юравіцкі сельсаветы скасаванага Дзятлаўскага раёна. 7 сакавіка 1963 года Слоніму нададзены статус горада абласнога падпарадкавання. 16 лістапада 1963 года Парэцкі сельсавет перайменаваны ў Васілевіцкі. 6 студзеня 1965 года гарадскія пасёлкі Дзятлава і Казлоўшчына, Войневіцкі, Гярбелевіцкі, Дзямянавецкі, Дзятлаўскі, Засецкі, Мяляхавіцкі, Падвялікаўскі, Парэцкі, Раготнаўскі, Рудаяварскі, Юравіцкі сельсаветы перададзены зноў утворанаму Дзятлаўскаму раёну, да раёна далучаны Каралінскі сельсавет Ваўкавыскага раёна. 19 студзеня 1965 года скасаваны гарадскі пасёлак Альбярцін, які ўвайшоў у межы Слоніма. 16 сакавіка 1965 года Пятралевіцкі сельсавет перайменаваны ў Слонімскі. 30 ліпеня 1966 года Галынкаўскі, Казловіцкі, Каралінскі, Кастровіцкі, Пляцяніцкі сельсаветы сельсаветы перададзены зноў утворанаму Зэльвенскаму раёну. 22 ліпеня 1966 года ўтвораны Новадзевяткавіцкі сельсавет, Мяльканавіцкі сельсавет перайменаваны ў Азгінавіцкі, Навасёлкаўскі — у Паўлаўскі, скасаваны Шылавіцкі сельсавет. 18 сакавіка 1967 года да раёна далучаны Кастровіцкі сельсавет Зэльвенскага раёна. 11 лютага 1972 года скасаваны Масілавіцкі сельсавет. 6 жніўня 1979 года ўтвораны Велікашылавіцкі сельсавет і скасаваны Слонімскі сельсавет. 16 сакавіка 1987 года Глоўсевіцкі сельсавет перайменаваны ў Дзеравянчыцкі, 17 чэрвеня 1996 года Кастровіцкі — у Сянькоўшчынскі. 4 студзеня 2002 года горад Слонім і Слонімскі раён аб’яднаны ў адзіную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку. 28 жніўня 2013 года скасаваны Велікашылавіцкі і Сялявіцкі сельсаветы[5], 22 снежня 2022 года — Васілевіцкі сельсавет[6].
Гаспадарка
правіцьПад сельскагаспадарчыя ўгоддзі занята 51,3 % тэрыторыі. Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная, ільнаводства, птушкагадоўля, вырошчванне збожжавых і кармавых культур, бульбы. У раёне 4 раённыя ўнітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, 10 сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, фермерская гаспадарка, птушкафабрыка.
Сучасны Слонім — горад з даволі развітой прамысловасцю. Тут працуе 21 прамысловае прадпрыемства. Асноўныя буйныя прадпрыемствы:
- ААТ «Слонімскі мясакамбінат»,
- ААТ «Слонімскі кардонна-папяровы завод „Альбярцін“»,
- ААТ «Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка»,
- ААТ «Слонімскі льнозавод»,
- УДП «Слонімскі вінаробны завод»,
- філіял «Слонімскі хлебазавод»,
- ААТ «Слонімскі завод сухога абястлушчанага малака» і інш.
Вядучыя прадпрыемствы-экспарцёры — ААТ «Слонімскі завод сухога абястлушчанага малака» і ААТ «Слоніммэбля». Экспартна-імпартныя аперацыі ажыццяўляюцца з 29 краінамі свету. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі з’яўляюцца: Расія, Украіна, Кыргызстан, ЗША, Польшча, Германія, Чэхія і інш.
Гандлёвае абслугоўванне ў раёне ажыццяўляецца 329 аб’ектамі рознічнага гандлю і грамадскага харчавання розных форм уласнасці. Дзейнічаюць два рынкі і міні-рынак. Прадпрымальніцкай дзейнасцю ў сферы гандлю занята больш як 500 індывідуальных прадпрымальнікаў.
У Слонімскім раёне будаўніцтва ажыццяўляюць 5 будаўнічых арганізацый:
- ДП «Слонімская МПМК-163»,
- ДП «Слонімская МПМК-164»,
- ААТ «Будаўнічае ўпраўленне 187»,
- ТАА «Дойлід»,
- СРП «Слонімская СПМК-64».
Да паслуг сланімчан: 2 стадыёны, 2 басейны, 30 спартыўных залаў, 6 спартыўных дзіцяча-юнацкіх школ (2 маюць статус школ Алімпійскага рэзерву), дзе культывуецца 10 відаў спорту (бокс, мастацкая гімнастыка, гандбол, футбол, веславанне на байдарках і каноэ, лёгкая атлетыка, каратэ, більярд, картынг, шашкі).
У сістэме адукацыі ў раёне 26 дашкольных устаноў (12 — агульнага развіцця, 12 — з тэматычнай накіраванасцю, 1 спецыяльная ўстанова для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, цэнтр развіцця дзіцяці), 31 установа агульнай сярэдняй адукацыі, 8 пазашкольных устаноў, 3 спецыяльныя ўстановы, 2 навучальна-вытворчыя камбінаты.
На сённяшні дзень насельніцтва раёна абслугоўвае 78 устаноў культуры.
Памятныя мясціны
правіцьУ раёне знаходзіцца помнік архітэктуры і адначасова дзеючы Жыровіцкі Свята-Успенскі мужчынскі манастыр, у комплекс якога ўваходзяць: Свята-Успенскі сабор (1650), званіца манастыра (1828), Крыжаўзвіжанская царква (1769), Богаяўленская царква (1796), Свята-Георгіеўская царква, будынкі семінарыі (XVII—XVIII стст.), а таксама жылыя і гаспадарчыя карпусы. На тэрыторыі манастыра дзейнічае Мінская духоўная семінарыя.
У раёне ёсць і іншыя помнікі архітэктуры:
- Свята-Мікалаеўская царква (XIX ст.) у в. Азярніца;
- Міхайлаўская царква (XIX ст.) у в. Вострава;
- Царква ў гонар Казанскага абраза Маці Божай (XIX ст.) у в. Вялікія Шылавічы
- Свята-Троіцкая царква (1914 г.) у в. Дзераўная;
- царква Раства Багародзіцы (XIX ст.) у в. Міжэвічы;
- Касцёл Святой Барбары (1819 г.) у вёсцы Сялявічы.
Геалагічны помнік рэспубліканскага значэння — Смаўжоўскі вялікі камень.
Вядомыя асобы
правіцьНа Слонімскай зямлі выраслі:
- удзельнік вызваленчага руху XIX ст. Міхал Казіміравіч Валовіч,
- вучоны і акадэмік Андрэй Якаўлевіч Пракапчук,
- пісьменнікі і паэты В. Таўлай, М. Арочка, А. Іверс, Алесь Сучок, С. Дарожны, А. Лойка, І. Чыгрын, К. Лейка, А. М. Якімовіч
- скульптар І. Міско,
- мастак Мікола Бушчык,
- літаратурны крытык і фалькларыст І. Саламевіч,
- гісторык і археолаг Васіль Рыгоравіч Супрун
- Леанід Сямёнавіч Мальцаў
- Віталь Уладзіміравіч Скалабан
- Мікола Трус
- Павел Сцяпанавіч Крынчык
- Вольга Дубоўская
- Яўген Міхайлавіч Багданчук
- Сяргей Яфімавіч Багданчук
- Сяргей Чыгрын
- Мікалай Васілевіч Радзько
- Мікалай Антонавіч Лукашэвіч
- Надзея Дземідовіч (1927—2020) — удзельніца беларускага нацыянальнага супраціву, сябра СБМ, палітзняволеная ГУЛАГу, удзельніца Кенгірскага паўстання 1954 г., мемуарыстка.
- Міхась Ракевіч (1927, в. Ваўчкі — 1992) — удзельнік беларускага патрыятычнага падполля ў 1946—1947 гадах у Заходняй Беларусі, заснавальнік арганізацыі «Чайка».
- Уладзімір Салавей (1925, в. Гуменікі — 1996) — удзельнік беларускага патрыятычнага падполля ў 1946—1947 гадах у Заходняй Беларусі, заснавальнік арганізацыі «Чайка».
- Аляксандр Талерчык (1931, в. Парэчча — 2016) — беларускі краязнавец, гісторык, педагог, мецэнат.
Старшыні Слонімскага раённага выканаўчага камітэта
правіць- з 7 сакавіка 2018 — Генадзь Баляслававіч Хоміч
Крыніцы
правіць- ↑ http://slonim.grodno-region.by/ru/biog/
- ↑ а б Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Решение Гродненского областного Совета депутатов от 28 августа 2013 г. № 249 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Слонимского района Гродненской области
- ↑ Решение Гродненского областного Совета депутатов от 22 декабря 2022 г. № 458 Об изменении административно-территориального устройства Слонимского района Гродненской области
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.