Васіль Рыгоравіч Супрун
Васіль Рыгоравіч Супрун (10 сакавіка 1926, вёска Глоўсевічы, (Слонімскі павет, Навагрудскае ваяводства), цяпер Слонімскі раён, Гродзенская вобласць — 2 мая 2007, Слонім) — беларускі паэт, краязнавец, археолаг. Кіраўнік беларускай антысавецкай арганізацыі «Чайка» ў 1946—1947 гадах (мянушка «Пагромавец»).[1]
Васіль Рыгоравіч Супрун | |
---|---|
Дата нараджэння | 10 сакавіка 1926 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 2 мая 2007 (81 год) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | паэт, краязнавец, археолаг |
Альма-матар | |
Член у |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 10 сакавіка 1926 г. у в. Глоўсевічы Слонімскага павета (Навагрудскае ваяводства, Польская Рэспубліка). У 1944 г. скончыў трэці курс Слонімскай настаўніцкай семінарыі. З 1944 да 1947 працаваў дырэктарам і настаўнікам у школах вёсак Міжэвічы і Глоўсевічы Слонімскага раёна.
У маі 1946 разам з сябрамі Міхасём Ракевічам, Міхасём Чыгрынам, Аляксандрам Гардзейкам і іншымі стварыў у Слоніме беларускую патрыятычную падпольную групу «Чайка». Устаноўчы сход арганізацыі адбыўся на пачатку мая 1946 г. Арганізацыя ставіла сваёй мэтай барацьбу з гвалтоўнай каланізацыяй, русіфікацыяй і вульгарызацыяй краю, абуджэнне нацыянальнай свядомасці беларусаў, абарону мясцовых беларускіх традыцыяў, культуры, мовы, гістарычных святыняў. «Чайка» хутка расла і шырылася (асноўным за кошт студэнцкай моладзі і інтэлігенцыі), але ў сярэдзіне 1947 г. была выкрытая ў сувязі з правалам наваградскай арганізацыі Саюз вызвалення Беларусі (СВБ выдаў правакатар Алесь Бажко), з якой некаторыя сябры «Чайкі» ўтрымлівалі сувязь у выніку канспірацыйных памылак.
Васіль Супрун быў арыштаваны 6 чэрвеня 1947 г. па дарозе з роднай вёскі ў школу, дзе ён працаваў настаўнікам. Амаль паўгода знаходзіўся ў баранавіцкай следчай турме «Крывое кола» і мінскай «амерыканцы». 21 лістапада 1947 г. Ваенны трыбунал войскаў МУС Беларускай акругі ў Мінску паводле артыкулаў 63-1 і 76 КК БССР (здрада радзіме і антысавецкая агітацыя) асудзіў Васіля Супруна разам з маладзечанскай групай падполля (Сяргеем Яноўскім, Антонам Кабаком, Кастусём Альшэўскім) на 25 гадоў пазбаўлення волі і 5 гадоў паражэння ў правах з канфіскацыяй маёмасці. Пакаранне адбываў у турмах Баранавічаў, Мінска, Гродна, Воршы, лагерах Інты і Варкуты. У зняволенні падтрымліваў тайную міжлагерную перапіску з паэтэсай Ларысай Геніюш. Вызвалены паводле рашэння Камісіі Вярхоўнага Савета СССР ад 16 чэрвеня 1956 г. са зняццем судзімасцi і з дазволам вярнуцца ў Беларусь.
У Слонім вярнуўся ў снежні 1956 г., дзе адразу быў узяты на спецулік з забаронай працаваць па спецыяльнасці. Вымушаны быў пакінуць Слонім; працаваў будаўніком. З 1963 г. праводзіў даследаванні археалагічных помнікаў. З 1968 г. навуковы супрацоўнік Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. У 1969 г. скончыў гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Нягледзячы на перашкоды, у канцы 1980-х г. здолеў прабіцца ў друк са сваёй палітычнай паэзіяй. Член СП Беларусі з 1995 г.
Творы
правіць- Крык: Вершы. Мн., 1993;
- Рэха абуджаных дзён: Вершы. Мн., 1994;
- За смугою часу: Даследаванні і меркаванні. Мн., 1994;
- Незабыўныя «ксівы»: Вершы з падпольнай канцлагернай перапіскі з Ларысай Геніюш. Гродна, 1998;
- Жыць для Беларусі: Вершы. Мн., 1998.
- Дзеі над Шчарай (з гісторыі зямлі Слонімскай). Слонім, 2000.
- Памятники каменного века и эпохи бронзы в бассейне среднего течения р. Щары (По материалам разведки 1963–1965 гг.) / В. Г. Супрун // Древности Белоруссии: материалы конференции по археологии Белоруссии и смежных территорий / под ред. В. Ф. Исаенко, А. Г. Митрофановав, Г. В. Штыхова. — Минск, 1966. — С. 101—110.
- Поселение Русаково ІІ (по материалам раскопок 1966 года) / В. Г. Супрун // Вопросы истории: тез. докл. ХІІ конф. молодых учёных БССР. — Минск, 1969. — С. 21—30.
Зноскі
- ↑ http://slounik.org/154911.html Біяграфія Васіля Супруна
Літаратура
правіць- Саламевіч І. У. Супрун Васіль Рыгоравіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 275. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.