Дзятлава

горад у Беларусі

Дзя́тлава[2] (трансліт.: Dziatlava, паланізаванае «Здзецел», літуанізаванае «Зецела», яцвягізаванае «Зейцела») — горад ва ўсходняй частцы Гродзенскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Дзятлаўскага раёна, на р. Дзятлаўка. Размешчаны за 165 км на паўднёвы ўсход ад Гродна, за 13 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня на лініі БаранавічыЛіда. Аўтамабільныя дарогі злучаюць горад са Слонімам, Лідай, Навагрудкам. Насельніцтва 8 008 чал. (2022)[3].

Горад
Дзятлава
У цэнтры горада
У цэнтры горада
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
1498
Ранейшыя назвы
Здзяцел
Горад з
Вышыня цэнтра
163 м
Насельніцтва
  • 7 767 чал. (1 студзеня 2024)[1]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1563
Паштовыя індэксы
231471
Аўтамабільны код
4
СААТА
4223501000
Дзятлава на карце Беларусі ±
Дзятлава (Беларусь)
Дзятлава
Дзятлава (Гродзенская вобласць)
Дзятлава

Пад 1498 годам назва фіксуецца як Sdzieciolo. Ужо ў 1511 г. зафіксаваная форма Zdzięcioł[4], якая датрывала амаль да нашых дзён — так афіцыйна называлася мястэчка у даваеннай Польшчы. Гэтая форма назвы ад пачатку была арыентаваная на польскае dzięcioł «дзяцел».

Адпачатная балцкая форма гэтай рачной назвы засведчаная ва ўжыванні носьбітамі мясцовай аўтахтоннай літоўскай гаворкі: Zíetela (з націскам на першы склад, які ўтварае дыфтонг -іе-), «Зецела».

Сярод мясцовых літоўскамоўных жыхароў так называлі само мястэчка, рэчку і зніклае на сёння возера, праз якое рэчка цякла і якое старыя жыхары яшчэ памяталі. На сёння, са знікненнем літоўскамоўнага астраўка пад Дзятлавам, пра старую назву сведчыць толькі мікратапонім (назва выгану каля ракі ля вёскі Засецце) «Пазытэлі» («пад Зецелай»)[5].

Рачная назва Zietela ўтварылася з дапамогай пашыральніка -el- ад карацейшай назвы возера, якая засведчаная ў старарускім Іпацьеўскім летапісе. У 1253 г. дасланае князем Таўцівілам літоўскае войска выйшла насустрач войску галіцка-валынскага князя Данілы, што ішло ад Пінска, і ад возера «Зъято» гнала іх «праз балоты да ракі Шчары»[6][7].

Па цячэнні ракі, што цяпер называецца «Дзятлаўка», ніжэй за мястэчка сапраўды яшчэ на даваенных картах пазначанае праточнае возера, выцягнутае з захаду на ўсход (яго ўсходні край упіраўся б у цяперашнюю гарадскую вуліцу Вахоніна).

Назва «Зъято» гэта яцвяжскі гідронім, які аднаўляецца як *Zeitō. Па-літоўску назва гучала б як Žieta, але ў заходнябалцкіх мовах (да якіх належала і яцвяжская) ž пераходзіла ў z. Пачатковы зычны Z- у назве Zietela гэта яцвяжскі моўны след. Але ў гэтай літуанізаванай яцвяжскай назве адбыўся пераход яцвяжскага дыфтонга -еі- у літоўскае -іе-[5].

Азёрная назва *Zeitō пайшла ад балцкага кораня *žei- / ži- «гарэць; свяціць, ззяць»[8], далей да індаеўрапейскага *ĝei- «ззяць; мігцець»[9]. Яна значыла «Блішчастае (возера)» і была матываваная блішчастасцю воднай гладзі.

Паводле географа В. Жучкевіча, усе формы пазнейшай назвы мястэчка Дзентел, Здентел, Здетеле, Здетел, Здетель з’яўляюцца паланізаванымі ад асновы са значэннем «дзяцел»[10]. Шэраг версій падае кніга «Памяць» (Дзятлаўскі раён). Паводле версіі У. Данільчыка, айконім Здзечало мог утварыцца ад таго ж корня, што і слова «сядло» ці «сяло», бо ва ўсходніх славян гуказлучэнне «дл» перайшло ў адзін гук «л» (мыдла — мыла). Таксама назву Дзянцёл паселішча магло атрымаць праз прозвішча або мянушку чалавека, які мог атрымаць мянушку або прозвішча ад свайго прафесійнага занятку — дзяўблення калодаў для пчолаў, начовак, карытаў, чаўноў (дзёўб, як дзяцел). Згодна з «яўрэйскай» версіяй, на розніцу ў вымаўленні назвы (Здзенцел, Здзечаль, Здзенцель, Здэтэль, Зэтэль, Зэтэля, Зецял, Дзенцёл, Дзенцёлкі, Дзенцел, Зецел, Здзечало) маглі паўплываць мясцовыя яўрэі, бо на мове ідыш няма спалучэння «дз» і гэта прывяло да яго замены на «з», і замест «Здзецел» атрымалася «Зецел»[11].

У 1866 годзе ўлады Расійскай імперыі з мэтай русіфікацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага склалі спіс населеных пунктаў, назвы якіх «перакруцілі ў час польскага панавання ў краі» (руск.: подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае) і якім неабходна надаць «тутэйшыя расійскія назвы» (руск.: местные русские названия). Адным з пунктаў гэтага спісу было перайменаванне Здзецела ў Дзятлава[12]. Такім чынам, назва Дзятлава пачала ўжывацца адносна нядаўна[13].

Гісторыя

правіць

Вялікае Княства Літоўскае

правіць

Упершыню згадваецца ў 14401450-х гадах пад назвай Здятел (Здзяцел). У гэты час паселішча ўваходзіла ў склад Троцкага ваяводства. Каля 1492 года вялікі князь Казімір фундаваў тут будаванне касцёла. У 1498 годзе вялікі князь Аляксандр перадаў воласць Здзяцел гетману вялікаму Канстанціну Астрожскаму ў вечнае карыстанне з правам заснавання мястэчка[14]. Апошні ў пачатку XVI стагоддзя збудаваў у мястэчку драўляны замак, які некаторы час меў важнае абарончае значэнне (у дакументах упамінаецца як двор Здетело) і драўляную царкву (1508).

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Здзяцел увайшоў у склад Слонімскага павета Новагародскага ваяводства. На 1580 год тут было 118 двароў і 5 вуліц[14]. У пачатку XVII стагоддзя Здзіцел (Здзицел) перайшоў ва ўладанне да Сапегаў. У 1624—1646 гадах Казімір Леў Сапега заснаваў у мястэчку касцёл, пры якім дзейнічаў шпіталь. З 1655 года Здзецелам валодалі князі Палубінскія, з 1685 года — Радзівілы. На 1689 год — 126 двароў і 9 вуліц[14].

У часы Вялікай Паўночнай вайны ў студзені 1708 года ў ваколіцах Здзецела некаторы час знаходзілася асноўная групоўка расійскіх войскаў. У самім мястэчку на працягу тыдня кватараваў цар Пётр I. Пасля Здзяцел занялі шведы, якія спалілі яго разам з замкам. У 1743 годзе мястэчка пацярпела ад пажару. У 1751 годзе Радзівілы пабудавалі ў Здзяцеле палац. На 1784 год тут было 176 двароў, 5 вуліц і 3 завулкі; працавалі 3 млыны, школа і шпіталь[14]. У канцы XVIII стагоддзя мясцовасць перайшла ў валоданне Солтанаў.

Расійская імперыя

правіць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Здзецел апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Апошні ўладальнік мястэчка Станіслаў Солтан прымаў удзел у паўстанні 1830—1831 гадоў, за што расійскія ўлады канфіскавалі яго маёнткі.

На 1878 год у Здзецеле было 118 двароў; дзейнічалі мураваны касцёл, драўляная царква і 2 сінагогі; працавалі народнае вучылішча, паштовая станцыя, валасная ўправа, магазін, крамы, 6 заезных двароў, корчмы; у аўторкі праводзіліся кірмашы.

Найноўшы час

правіць

На 1914 год працавалі ватная фабрыка, 5 мёдаварняў, лесапільня, цагельня і 2 гарбарныя заводы. У Першую сусветную вайну са жніўня 1915 года да 1918 года мястэчка занята германскімі войскамі.

Пасля польска-савецкай вайны, паводле Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 годзе Здзецел апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства.

У 1939 годзе Дзятлава ўвайшло ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 года атрымала афіцыйны статус пасёлка гарадскога тыпу і цэнтра раёна Баранавіцкай вобласці. У часы Вялікай Айчыннай вайну з 30 чэрвеня 1941 года да 9 ліпеня 1944 года Дзятлава знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

З 8 студзеня 1954 года ў складзе Гродзенскай вобласці. 25 снежня 1962 года Дзятлаўскі раён расфарміравалі, яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Слонімскага, Навагрудскага і Лідскага раёнаў, Дзятлава ўвайшло ў склад Слонімскага раёна. 6 студзеня 1965 года раён аднавілі ў складзе Гродзенскай вобласці.

21 чэрвеня 1990 года Дзятлава атрымала статус горада. 1 снежня 2004 года адбылося афіцыйнае зацверджанне гарадскіх герба і сцяга.

Насельніцтва

правіць
  • XVII стагоддзе: 1689 год — 1 тыс. чал.[14]
  • XIX стагоддзе: 1830 год — 564 муж., з іх шляхты 8, духоўнага саслоўя 7, мяшчан-іўдзеяў 444, мяшчан-хрысціян і сялян 102, жабракоў 3[15]; 1893 год — 3 233 чал.[16]; 1897 год — 3 155 чал.[11][17]
  • XX стагоддзе: 1971 год — 4,5 тыс. чал.; 1973 год — 5,3 тыс. чал.; 1991 — 8,1 тыс. чал.; 1993 год — 8,7 тыс. чал.; 1997 год — 8,6 тыс. чал.[18]
  • XXI стагоддзе: 2004 год — 8,3 тыс. чал.; 2006 год — 8,2 тыс. чал.; 2009 год — 7,8 тыс. чал.; 2015 год — 7 764 чал.[19]; 2016 год — 7 706 чал.[20]; 2017 год — 7 631 чал.[21]

Эканоміка

правіць

Прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Празуюць АСП «Дзятлаўскі вінна-гарэлкавы завод», ААТ «Дзятлаўскі сыраробны завод», ДП «Дзятлаўская сельгастэхніка», ПУП «Дзятлаўскі каапнарыхтпрам» Дзятлаўскага раённага спажывецкага таварыства. Гасцініцы «Ліпічанка», «Дзядзя Ваня».

Культура

правіць

Дзейнічаюць Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей[22], дом культуры, кінатэатр, 2 бібліятэкі. Выдаецца раённая газета «Перамога».

Адукацыя

правіць

У горадзе працуюць 3 сярэднія школы і школа-інтэрнат.

Медыцына

правіць

Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляе гарадская бальніца.

Славутасці

правіць

Страчаная спадчына

правіць
  • Царква могілкавая (XIX ст.)

Вядомыя асобы

правіць

Зноскі

правіць
  1. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  3. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2022 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2021 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў, пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (28 сакавіка 2022). Праверана 24 ліпеня 2022.
  4. А. П. Непокупный. Лингвогеографические связи литовских и белорусских форм названий г. Дятлово и его окрестностей // Балто-славянские исследования. М., 1974. С. 153, 155.
  5. а б A. Vidugiris. Šis tas apie Zietelos vardą ir šnektą // Voruta. Nr. 3 (669). C. 15.
  6. А. П. Непокупный. Лингвогеографические связи литовских и белорусских форм названий г. Дятлово и его окрестностей // Балто-славянские исследования. М., 1974. С. 153, 155.
  7. Полное собранiе русскихъ лѣтописей. Т. 2. Санктпетербургъ, 1843. С. 188.
  8. S. Karaliūnas. Iš baltų kalbų puodininkystės terminijos istorijos // Lietuvių kalbotyros klausimai. XVI. 1975. С. 140—141.
  9. S. Karaliūnas. Iš baltų kalbų puodininkystės terminijos istorijos // Lietuvių kalbotyros klausimai. XVI. 1975. С. 140—141.
  10. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Мн., 1974. С. 115.
  11. а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзятлаўскага раёна / Рэдкал. П. М. Бараноўскі, І. Я. Скарынкін — Мн.: Універсітэцкае, 1997.
  12. Соркіна І. Палітыка царызму адносна гарадоў Беларусі ў кантэксце гістарычнай памяці і ідэнтычнасці гараджанаў // Трэці міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі. Працоўныя матэрыялы. Том 3. 2014. С. 377.
  13. к // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Минск: Издательство Белорусского государственного университета, 1974. — 447 с. — 12 700 экз. С. 115.
  14. а б в г д Ярашэвіч А. Дзятлава // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 590. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
  15. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 414.
  16. Witanowski M. Zdzięcioł // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn (польск.). — Warszawa, 1895. S. 556.
  17. Шаблюк В. Дзятлава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 256.
  18. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. С. 164.
  19. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2014 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (31 сакавіка 2015). Праверана 3 красавіка 2017.
  20. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  21. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  22. Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
  23. Долготович Б. Д. Почётные граждане белорусских городов: биограф. справочник / Б. Д. Долготович. — Мн.: Беларусь, 2008. — С. 209—210. — 368 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-01-0784-8. (руск.)

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць