Зецельская гаворка
Зецельская гаворка — літоўская «астраўная» гаворка, што да канца ХХ стагоддзя захоўвалася ў ваколіцах Дзятлава (у мясцовым літоўскім вымаўленні Zíetela, «Зецела») на нёманскім левабярэжжы.
Зецельская гаворка | |
---|---|
Краіны | Беларусь |
Рэгіёны | Панямонне |
Агульная колькасць носьбітаў | няма |
Класіфікацыя | |
|
|
Пісьменнасць | беспісьмовая |

Геаграфія і дэмаграфія
правіцьАрэал гаворкі быў найбольш аддалены на поўдзень ад асноўнага арэалу літоўскай мовы ў параўнанні з іншымі літоўскамоўнымі «астраўкамі» ўздоўж беларуска-літоўскага (Рымдзюны, Пеляса) і польска-літоўскага памежжа (Сейны).
Станам на 1886 год на зецельскай гаворцы размаўлялі 1156 жыхароў пяці вёсак Зецельскай воласці — Норцавічы, Погіры, Засецце, Яцвезь, Карпяшы. Пазней літоўская мова захоўвалася найперш у першых трох з іх. Часам сюды далучаюць суседнія вёскі Пінчыцы, Страла, Ціцейкі[1].
У 1960 годзе пад час паездкі літоўскага мовазнаўца А. Відугірыса па-літоўску разумелі 32 асобы. З іх добра ведалі мову менш за палову (15 жыхароў у вёсцы Засецце).
У 1975 годзе ў часе экспедыцыі Т. Суднік было каля 30 носьбітаў зецельскай гаворкі ў вёсках Погіры і Засецце Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці[2]. Паводле звестак А. Відугірыса, апошні носьбіт гаворкі памёр у 1988 годзе[3].
Мяркуецца, што тэрыторыя распаўсюджання гаворкі раней была большая за тыя вёскі, у якіх яна ўжывалася ў XIX ст. Пра гэта сведчыць канцэнтрацыя балцкіх тапонімаў на поўдні Дзятлаўскага раёна — каля Раготны, Дварца, уздоўж дарогі Дзятлава — Слонім[4], а таксама звесткі антрапаніміі Зецельскай воласці з інвентара 1580 года[5].
Лінгвістычныя асаблівасці
правіцьАд пачатку даследавання зецельскай гаворкі былі адзначаныя яе архаічнасць на фоне астатняй літоўскай мовы (напрыклад, захаванне ў граматыцы розных месных склонаў). Шматлікасць «беларускіх» моўных запазычанняў у ёй сведчылі аб доўгім і цесным кантакце носьбітаў гэтай літоўскай гаворкі з навакольным, ужо славянамоўным насельніцтвам.
З аднаго боку, А. Відугірысам адзначаныя асаблівасці зецельскай гаворкі збліжаюць яе з моўным арэалам заходніх аўкштойтаў (літоўскія гаворкі вакол Коўна). Але заходнеаўкштойцкія гаворкі літоўскай мовы ад Зецельскага астраўка аддзеленыя паласой паўднёвааўкштойцкай гаворкі літоўскай мовы (таксама і зонай гродзенска-баранавіцкай групы беларускіх гаворак). Мовазнавец тлумачыў гэта тым, што продкі заходніх аўкштойтаў, яцвягі-дайнава, даўней жылі таксама і там, дзе цяпер жывуць носьбіты паўднёвааўкштойцкай гаворкі[6][7].
З іншага боку, у зецельскай гаворцы прасочваюцца і заходнябалцкія рысы, уключаючы пераход ž- > z- (літ. žąsis «гусь», žiema «зіма» — па-зецельску ząsis, ziema). Гэты пераход выразны ў заходнябалцкай прускай мове, а таксама ў яцвяжскай мове (наколькі яна паўстае з дыскусійнага «Яцвяжскага слоўнічка»), уласцівы ён і ўсходнім балтам селам.
У сувязі з гэтай рысай зецельскай гаворкі адзначаюць і такія гідронімы, як Зэльва (у Літве дастаткова гідронімаў тыпу Želva, ад літ. želvas «зеленаваты») і Свіцязь (па-зецельску Svitožis, тады як па-літоўску корань быў бы Švit-). Як і былы арэал зецельскай гаворкі, яны знаходзяцца на нёманскім левабярэжжы і лічацца яцвяжскай назоўнай спадчынай[8].
Гэтыя моўныя асаблівасці даюць карціну калісняй моўнай інтэрферэнцыі паміж мясцовай, аўтахтоннай заходнябалцкай (меркавана яцвяжскай) гаворкай і літоўскай гаворкай заходнеаўкштойцкага тыпу[9].
Дыскусіі
правіцьПершы даследчык гаворкі Эдуард Вольтэр меркаваў, што носьбіты зецельскай літоўскай гаворкі — нашчадкі прусаў, якія, паводле Іпаццеўскага летапісу, былі пераселены Трайдзенем пад Слонім[10].
Удзел прусаў у фармаванні этнічнага аблічча мясцовых жыхароў у той ці іншай форме падтрымлівалі гісторыкі А. Непакупны, Я. Атрэмбскі, Е. Ахманьскі, У. Свяжынскі, А. Квяткоўская (часам высоўваліся здагадкі, што перасяленцы былі не прусамі, а яцвягамі).
Гісторык Аляксей Кібінь пярэчыць, што ў гэтай мясціне зусім не магло быць Трайдзеневых прусаў, бо ў летапісе пад 1276 годам пішацца, што прускія пасяленцы, адпраўленыя Трайдзенем у Слонім, былі перахопленыя галіцка-валынскім атрадам.
Супраць версіі ўзнікнення гэтага моўнага астраўка толькі ў выніку позняга перасялення выказваўся і літоўскі лінгвіст К. Гаршва, які даследаваў фаналогію пагранічных літоўскіх дыялектаў[11].
Пры гэтым А. Кібінь аспрэчвае і аўтахтонную прысутнасць тут яцвягаў — бо тут, на нёманскім левабярэжжы, яцвяжскія каменныя курганы узнікаюць толькі ў ХІ стагоддзя, і, адпаведна, гэта і ёсць той час, калі тут апынуліся яцвягі як продкі носьбітаў зецельскай гаворкі[12].
А. Відугірыс сцвярджае, што яцвягі насялялі левабярэжжа Нёмана — наваколлі Ваўкавыска, Слоніма, Наваградка, Горадні і інш., і таму гэтыя землі былі названыя «Чорнай Руссю», з мэтай проціпаставіць гэтую тэрыторыю Русі «Белай», якая моўна аславянілася раней[9].
Гл. таксама
правіцьКрыніцы
правіць- ↑ A. Vidugiris. Šis tas apie Zietelos vardą ir šnektą // Voruta. Nr. 3 (669). C. 15.
- ↑ T. М. Судник. Диалекты литовско-славянского пограничья. Очерки фонологических систем. М., 1975.
- ↑ Vidugiris А. Zietelos šnektos žodynas. Vilnius, 1998. P. 10
- ↑ Гаучас П. К вопросу о восточных и южных границах литовской этнической территории в средневековье // БСИ. 1986. М., 1988. С. 203
- ↑ Кибинь А. С. От Ятвязи до Литвы: Русское пограничье с ятвягами и литвой в X—XIII веках. — М., 2014. С. 21
- ↑ A. Vidugiris, 1996; Vidugiris, 2004.
- ↑ Vidugiris А. Iš Zietelos ir pietų aukštaičių leksikos sąsajų // Vakarų baltų kalbos ir kultūros reliktai. Klaipėda, 1996. P. 82-89; Vidugiris А. Zietelos lietuvių šnekta. P. 42-45
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. V., 1981. С. 322, 394, 399.
- ↑ а б A. Vidugiris. Šis tas apie Zietelos vardą ir šnektą // Voruta. Nr. 3 (669). C. 15.
- ↑ Э. А. Вольтеръ, 1911
- ↑ Garšva К. Lietuvių kalbos paribio šnektos. P. 224—232
- ↑ Кибинь А. С. К происхождению зетельского говора
Літаратура
правіць- Э. А. Вольтеръ. Слѣды древнихъ прусовъ и ихъ языка въ Гродненской губерніи. — Известія Отдѣленія русскаго языка и словесности Императорской Академіи наук. — СпБ., 1911. — Т. XVI.
- Z. Zinkievičius. Lietuvių dialektologija. — Vilnius, 1966. — С. 25-27.
- Т. М. Судник. Диалекты литовско-славянского пограничья. Очерки фонологических систем / отв. ред. В. Н. Топоров. — М.: Наука, 1975.
- A. Vidugiris. Iš Zietelos ir pietų aukštaičių leksikos sąsajų // Vakarų baltų kalbos ir kultūros reliktai. — Klaipėda, 1996. — С. 82-89.
- С. А. Піваварчык. Да этнічных працэсаў на Панямонні ў раннім сярэднявеччы // Białoruskie Zeszyty Historyczne. — Białystok: 1999. — № 11. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016.
- A. Vidugiris. Zietelos lietuvių šnekta. — Vilnius, 2004.
- А. С. Кибинь. К происхождению зетельского говора. — Э.А. Вольтер и балтистика как комплексная дисциплина. — Спб., 2006.